Яндекс.Метрика
Культура Навіны Касцюковіч Навіны Клімавіч Навіны Краснаполля Навіны Крычава Навіны Мсціслава Навіны Хоцімска Навіны Чэрыкава

Актывіст ТБМ: створаная ў 1924 годзе Калінінская акруга была лідэрам беларусізацыі

Створаная падчас першага ўзбуйнення БССР у 1924 годзе Калінінская акруга з цэнтрам у Клімавічах стала лідэрам па тэмпах беларусізацыі ў рэспубліцы, сцвярджае старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў.


20 снежня 2019 года ў Клімавічах прайшла навуковая краязнаўчая канферэнцыя «Усходняя Беларусь у 1920-я гады: да 95-годдзя Калінінскай акругі». Яна была ініцыянавана Таварыствам беларускай мовы, падтрымана Інстытутам гісторыі НАН РБ і арганізавана мясцовым краязнаўчым музеем і Клімавіцкім райвыканкамам.

Сярод пытанняў, якія разглядаліся на канферэнцыі, былі і поспехі акругі ў палітыцы беларусізацыі, якую праводзілі тагачасныя савецкія ўлады, вырашаючы такім чынам нацыянальнае пытанне.

Распавядаючы «Магілёўскаму рэгіёну» пра прайшоўшую канферэнцыю, Алег Дзячкоў нагадаў, што на тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя месціліся тры акругі – Магілёўская з цэнтрам у Магілёве, Бабруйская – з цэнтрам у Бабруйску, і Калінінская – названая так у гонар «усесаюзнага старасты» Міхаіла Калініна з цэнтрам у Клімавічах. Яна знаходзілася на самым усходзе БССР і ў яе ўваходзілі 10 раёнаў – Бялынкавіцкі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Мілаславіцкі, Мсціслаўскі, Расненскі, Хоцімскі і Чэрыкаўскі.

«У жніўні 1924 года ў Клімавічы прыязджае працаваць першым сакратаром акружкома кампартыі 24-гадовы Аляксандр Фаміч Адамовіч. Ён узяўся вельмі шпарка, энергічна за працу ў акружкоме. Узяўся і за эканоміку, і за культурніцкае будаўніцтва, у тым ліку за беларусізацыю. За год яму ўдалося дасягнуць такіх вынікаў па тэмпах беларусізацыі, што Калінінская акруга стала лідыраваць у Савецкай Беларусі», – распавёў Алег Дзячкоў.

Намаганні Адамовіча далі плён ужо праз год, калі міліцэйскае кіраўніцтва Беларусі адзначала, што ў 1925 годзе Калініншчына стала першым у рэспубліцы рэгіёнам, дзе міліцыя перайшла на справаводства па-беларуску. Да прыкладу, міліцыя сталічнай Мінскай акругі перайшла да напісання дакументаў на беларускай мове ў 1926 годзе.

У Клімавічы, Мсціслаў, Хоцімск прыязжалі працаваць і чытаць лекцыі Уладзімір Дубоўка, Алесь Дудар, Паўліна Мядзёлка, Максім Гарэцкі, Усевалад Ігнатоўскі, Уладзіслаў Галубок і іншыя. І рухавіком гэтых працэсаў быў «нацдэм» Аляксандр Фаміч Адамовіч.

Суполкі Усебеларускага аб“яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк» тады былі створаны ў Клімавічах і Мсціславе. Выдаваўся часопіс «Маладняк Калініншчыны». Паэт Алесь Дудар называў Калінінскую акругу зямлей абетаванай для беларускіх нацыянал-дэмакратаў, сцвярджае Дзьячкоў.

Ён распавёў, што ў тыя часы ў Мсціславе быў створаны педтэхнікум, дзе працаваў дырэктарам беларускі філолаг Янка Бялькевіч. Ён збіраў усходнебеларускія гаворкі, выдаў адпаведны слоўнік. І на сённяшні дзень гэта самы вялікі у Беларусі слоўнік мясцовых гаворак – 20 тысяч слоў.

«У Калінінскай акрузе стварылі піянерскую арганізацыю і назвалі яе ў гонар Усевалада Ігнатоўскага. Пабудавалі канал – назвалі ў гонар Язэпа Адамовіча (старшыня СНК БССР, які падтрымаў беларусізацыю). Краязнаўчая арганізацыя ў Хоцімску насіла імя Міхася Чарота», – кажа Дзьячкоў.

Аднак працэс беларусізацыі не ішоў гладка. Так, сяляне ў большасці абыякава ставіліся да яе, а з боку інтэлегенцыі, як сведчаць рассакрэчаныя дакументы АГПУ, адчувалася пэўная незадаволенасць. «Быў вялікі супраціў людзей. Прычым, чым вышэй адукацыя была, тым быў большы супраціў. Сялянства ў большасці адносілася нейтральна, абыякава. Многія людзі, якія ставіліся негатыўна да беларусізацыя, у рэшце сказалі, што тут, у Беларусі, парадку больш, чым у Расійскай Федэрацыі, таму прыйдзецца вучыць беларускую мову. Называлі нават беларусаў «менскімі акупантамі», – распавядае краязнавец.

Ён адзначае, што Аляксандру Адамовічу прыходзілася тлумачыць настаўніцтву, адукаваным людзям палітыку беларусізацыі ў Савецкай Беларусі, каб беларусаў не называлі «менскімі акупантамі».

Па выніках канферэнцыі было прапанавана Клімавіцкаму райвыканкаму назваць адну з вуліц у гонар Аляксандра Фаміча Адамовіча, тым больш што ў студзені 2020 года міне 120 гадоў з дня яго нараджэння. Таксама прапануецца зрабіць канферэнцыю, прысвечаную Калінінскай акрузе, штогадовай.

Уладзімір Лапцэвіч  

 

апошія запісы

5 простых способов изготовить маску из подручных материалов.

Дзяжурны адміністратар 2

Рыгор Кастусёў: Што ў Беларусі стала не так з другім хлебам?

Дзяжурны адміністратар

Слуцкие пояса привезли в Дрибинский музей

Дзяжурны адміністратар