Яндекс.Метрика
Культура Навіны Бялыніч Навіны Магілёва

Бялынічы славяцца цудадзейным абразам

Бялынічы – месца, якое славіцца цудадзейным абразам Маці Божай. Гэты абраз быў другім пасля Маці Божай Жыровіцкай на тэрыторыі Беларусі, ушанаваны папскімі каронамі. Вельмі складаны выпаў лёс гэтай хрысціянскай святыні, і да сёння яго месцазнаходжанне не вядома.

24 верасня ў капліцы Маці Божай Бялыніцкай у горадзе Бялынічы (вуліца Калініна, 37) на ўрачыстую імшу  сабраліся вернікі-каталікі не толькі з Магілёўшчыны, але і з іншых куткоў Беларусі.  Да бялыніцкай капліцы ў гэты дзень вернікі прыбылі не толькі на аўтобусах і аўтамабілях.

Яшчэ напярэдадні, 23 верасня, з Магілёва ў Бялынічы рушыла пешая пілігрымка. Благаслаўленне на пачатак пілігрымкі адбылося ў новай капліцы парафіі Св. Казіміра і Св. Ядвігі, што па вуліцы Мінскае шасе, 8а у Магілёве. На шляху пілігрымаў, у вёсцы Нежкава адбыўся малітоўны вечар, вячэра і адпачынак. А раніцай,  зноў рух да Бялыніч.

Распачалася ўрачыстая Святая Імша ў бялыніцскай капліцы а 15.00 гадзе, яе ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У сваёй пропаведзі Алег Буткевіч адзначыў: “Сёняшняя Святая імша – гэта знак вернасці нашай гісторыіі. Бялынічы цудадзейнае месца, якое нам усім вельмі патрэбна. Я моцна веру, для Бога няма нічога немагчымага. Тут абявязкова паўстане велічны храм, як месца сустрэчы з Усемагутным Богам”.  Гучала малітва, рэлігійныя спевы і праменні абуджэння хрыстовай навукі луналі над наваколлем.

 

Гістарычная даведка: Бялынічы калісьці называлi «беларускiм Чэнстаховам». Абраз Мацi Божай, якi знаходзiўся ў тутэйшым касцёле кармэлiтаў, у ХVІІІ–ХІХ стст. збіраў пілігрымаў усiх хрысцiянскiх канфесiй з далёкіх ваколіцаў. У 1761 г. ён быў урачыста ўкаранаваны асвячонымi ў Рыме каронамi. Адразу пасля заснавання канцлерам Львом Сапегам кляштара кармэлiтаў у Бялынiчах (1624 г.) манахi беспаспяхова старалiся набыць для свайго храма абраз Мацi Божай. І вось аднойчы прыйшоў да брамы кляштара малады пiлiгрым, які паабяцаў прыёру намаляваць абраз Найсвяцейшай Мацi Божай i сказаў, каб манахі спявалi лiтанiю ў той час, калі ён будзе працаваць. Яшчэ не скончылася лiтанiя, а мастак, намаляваўшы толькi прыгожыя твары Мацi Божай i Пана Езуса, сказаў манахам, што Мацi Божая сама сябе аздобiць у наступным годзе, і на вачах усiх дзiўным чынам знiк. Толькі тады манахі здагадаліся, што гэта быў не просты мастак, а пасланец неба. Адбылося гэта ў 1634 г., а ў 1635 г. маршалак Вялікага Княства Літоўскага Крыштаф Завiша аздобiў абраз каштоўнай шатай, ахвяраваў вечную лампаду да яго i розныя воты. Затым абраз i алтар узбагацiў падканцлер Казiмiр Леў Сапега.

У 1660 г., калi ўзнікла ваенная пагроза, законнiкi вырашылi адвезцi абраз з усiм срэбрам i касцёльным начыннем у Кракаў. Аднак Бог у бясконцай сваёй дабрані, відаць, не захацеў, каб гэты абраз з Лiтоўскага краю быў аддалены. Ён зрабiў так, што калі законнікі з абразом праязджалі міма Ляхавiцкай фартэцыі, яны былi затрыманы невядомай сілай і конi нiяк не маглi пайсцi далей. Неўзабаве вялiкая маскоўская сіла аблажыла Ляхавiцкi замак i з 23 сакавіка да 20 чэрвеня штурмавала яго.  Днi i ночы прасілі Маці Божую аб дапамозе. I былi пачуты малiтвы.  Страціўшы мноства воінаў, вораг адышоў з сорамам. Абраз зноў вяртаецца ў Бялынічы, дзе зафіксаваны цудоўныя вылячэнні і выратаванні пры заступніцтве бялыніцскага абраза Маці Божай. Папа Рымскі дазволій яго каранаваць.

Вялiкi ўплыў абраза на навакольнае насельнiцтва розных веравызнанняў стаў галоўнай прычынаю скасавання кляштара (1832 г.), а пазней і касцёла. У 1876 г. касцёл быў пераасвячоны ў царкву на працягу адной ночы з 11 на 12 красавiка так імкліва, што католiкi не паспелi вынесцi          цудатворны абраз са сваёй святыні. Як з’яўленне так i знiкненне бялынiцкага абраза ахутана таямнiцай. Лічыцца, што ў 1930-я гг., калі царква была зачынена, абраз трапіў у Магiлёўскi абласны краязнаўчы музей і знiк адтуль у час вайны 1941–1945 гг., у Беларусі не захавалася нават яго фотафiксацыi. Дайшоўшыя да нашага часу абразы Мацi Божай Бялынiцкай з-пад Нясвіжа, Мядзеля, Глыбокага, Вільні, Лiды і іншых месцаў сведчаць, што вядомасць гэтай цудатворнай святыні і яе шанаванне выходзіла далека за межы Магiлёўшчыны, дасягаючы Вільні, Варшавы і Кракава.

Алесь Грудзіна

 

 

апошія запісы

Погода на неделю: к выходным в Могилевской области похолодает

Дзяжурны адміністратар

Могилевчанин погиб при демонтаже старого цеха завода

Дзяжурны адміністратар 2

Кадры, реальные и виртуальные