Навіны Магілёва Палітыка і грамадства

“Грамадскія і культурныя прасторы ў Магілёве. Ці патрэбныя яны гораду?”

Сустрэчу на гэткую тэму зладзілі Цэнтр гарадскіх ініцыятыў пры падтрымцы Адкрытага акцыянернага таварыства “Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця” і Грамадскай культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі!“. Сустрэча, якая  прайшла  4 мая, адбылася ў рамках праекта ЦГІ “Культурны Магілёў” і яе ўдзельнікі абмеркавалі праблемы і перспектывы культурных і грамадскіх прастор Магілёва.

Мерапрыемства прайшло ў будынку былой тэлефоннай станцыі на тэрыторыі мікрараёна Юбілейны, бо гэта як раз тое месца, якое патэнцыйна можа стаць пляцоўкай для стварэння сучаснай АРТ-прасторы ў Магілёве. Вялікі прамысловы будынак ужо не выкарыстоўваецца па сваім першапачатковым прызначэнні, ён перададзены “Магілёўскаму агенцтву рэгіянальнага развіцця” для стварэння  “бізнес-інкубатара”. Сама пляцоўка “бізнес-інкубатара” вельмі спрыяльная для пачатку новага бізнес-праекта ці старт-апа, у тым ліку і культурніцкага напрамку. Тут як раз супалі інтарэсы агенцтва развіцця і ініцыятывы актыўных магілёўцаў, якія даўно мараць аб стварэнні культурнай крэатыўнай прасторы ў нашым горадзе.

​Будынак былой АТС, бульвар Юбілейны, 21
Сустрэча адбылася ў адным з памяшканняў станцыі і сабрала амаль трыдцаць чалавек
​Адны са “спікераў” – стваральнікі лофт-пляцоўкі “Балкі” з Мінску, Яўген і Алена

На сустрэчу завіталі госці з Мінску, у якіх ужо ёсць досвед арганізацыі культурных праектаў гэткага кшталту. Пра свае пачынанні і цяперашні стан як сваіх праектаў, так і ўвогуле пра існаванне гэткіх прастораў у Мінску, расказалі стваральнікі культпрасвет прасторы “Сталоўка XYZ” і лофт-пляцоўкі  “Балкі”. Пасля прэзентацый для ўсіх ўдзельнікаў сустрэчы арганізатары зладзілі невялічкую экскурсію-агляд розных памяшканняў будынка АТС, якія б маглі стаць пляцоўкай для АРТ-прасторы.

Самае вялікае памяшканне ў будынку як найлепей пасуе для арганізацыі галерэі, правядзення выстаў і розных інсталяцый ці нават канцэртаў
Ёсць там і памяшканні па-меней, а так сама і проста невялічкія пакоі і кабінеты
Захавалася нават “аўтэнтычная” актавая зала часоў СССР

​Пасля агляду сустрэча працягнулася ў рэжыме “ко-воркінг”, калі ўдзельнікі раздзяліліся на некалькі груп, якія па чарзе спрабавалі адказаць на розныя пытанні, звязаныя са стварэннем і існаваннем АРТ-прасторы, выказаць свае ідэі і прапановы пра яе напаўненне і дзейнасць.

Вынік сустрэчы і ўсіх абмеркаванняў атрымаўся досыць прадуктыўным, акрэсліліся шмат якія асноўныя запатрабаванні магілёўцаў да гэткай прасторы, былі прапанаваныя і цікавыя ідэі.  Шмат хто з удзельнікаў ужо зараз гатовы ўключацца ў працу па самым розным накірункам – ад стварэння сайту ці мастацкага аздаблення памяшканняў, да правядзення выстаў і арганізацыі канцэртаў. Былі прапановы і ў інфармацыйнай падтрымцы, у наладжванні розных адукацыйных культурніцкіх праектаў, майстар-класаў і шмат чаго яшчэ.

​Абмеркаванне адбывалася ў творчай і разняволенай абстаноўцы
Кожны мог выказаць самыя разнастайныя ідэі і прапановы
Усялякія ідэі для мерапрыемстваў
А гэта пажаданні, каго хто хоча тут бачыць і з кім ладзіць супрацу
​А вось адзін з удзельнікаў распавядае, чаго ў АРТ-прасторы быць не павінна

Спадзяёмся, што ўжо бліжэйшым часам праект ўвасобіцца ў канкрэтныя дзеі, адбудзецца рэгістрацыя адпаведнай установы культуры і распачнецца яе актыўная дзейнасць.

Яшчэ нагадаем, што з пачатку для рэалізацыі ідэі АРТ-прасторы яе ініцыятарамі разглядалася тэрыторыя былога магілёўскага хлебазавода №2, што знаходзіцца каля гасцініцы “Днепр”. Ёсць і папярэднія напрацоўкі выкарыстання гэтага аб’екта, самой тэрыторыі пад своеасаблівы мастацка-культурны цэнтр у горадзе. Толькі гэткая маштабная ідэя патрабуе значных фінансавых і арганізацыйных выдаткаў, у тым ліку і з гарадскога бюджэту. Аднак вялікага жадання ўладаў укладаць сродкі не толькі ў новыя будаўнічыя праекты, але і ў захаванне і рэстаўрацыю існуючых архітэктурных ансамбляў горада, даўно не назіраецца.

Для прыкладу, як могуць выглядаць памяшканні АРТ-прасторы, фота з сайта мінскага праекта “Кісларод

Усіх, каго цікавіць стварэнне ў горадзе пляцоўкі для самарэалізацыі ў выглядзе сучаснай АРТ-прасторы, ініцыятары ідэі заклікаюць далучацца да іх старонак у сацсетках, дзе можна абмеркаваць усе пытанні і прапанаваць свае праекты для сумеснай рэалізацыі ў межах АРТ-прасторы. Да ўдзелу запрашаюцца музыкі, паэты, мастакі, фатографы, акторы, аматары перформансаў і кватэрнікаў, народныя майстры, урбаністы і эколагі, усе, хто хоча і можа зрабіць Магілёў больш прыгожым, пашыраць культурнае жыццё горада.

Суполка АРТ-прасторы ў ФБ – facebook.com/groups/hlebazavod/

у Кантакце – vk.com/art_hlebazavod

Алесь Сабалеўскі

Related posts

На круглым стале ў Крычаве абмеркавалі змены ў Закон “Аб СМІ”

Дзяжурны адміністратар

Областные «Дажынкі-2019» пройдут в Могилеве. Почему Глуск оказался «в пролете»?

Дзяжурны адміністратар

Шклоўскі магістрат супраць карупцыі

Дзяжурны адміністратар