
IV навуковы Смолічаўскі семінар у Магілёве
Да 125-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча ў Магілёве прайшоў IV навукова-метадычны семінар, які арганізавалі Магілёўскі абласны аддзел Геаграфічнага таварыства, ТБМ, кафедра прыродазнаўства МДУ. У актавай зале вучэбнага корпуса №3 МДУ імя А. Куляшова, дзе 29 верасня (як раз у дзень нараджэння навукоўца) адбылася сустрэча, сабраліся выкладчыкі ВНУ і навукоўцы, настаўнікі геаграфіі, гісторыі, беларускай мовы, студэнты і проста неабыякавыя да падзеі грамадзяне.
Аркадзь Смоліч – наш выбітны зямляк (нарадзіўся ў мястэчку Бацэвічы, Клічаўскага раёна). Ён першы ў Беларусі прафесар геаграфіі, навуковец-эканаміст і глебавед, краязнаўца, драматург і грамадскі дзеяч. Аркадзь Смоліч пабудаваў падмурак для развіцця эканамічнай навукі Беларусі, эканамічнай геаграфіі, ён вёў грунтоўныя распрацоўкі па пытаннях размяшчэння вытворчых сіл і раянавання, шмат зрабіў для папулярызацыі навукі аб зямлі, і ў першую чаргу – зямлі беларускай. Дзякуючы яго працы выйшаў першы падручнік па геаграфіі Беларусі.
Аркадзь Антонавіч Смоліч
Смоліч прымаў актыўны ўдзел у стварэнні першай незалежнай беларускай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі, быў у ёй міністрам земляробства. Пасля, на пачатку 20-х гадоў, пераехаў у БССР, дзе таксама нямала папрацаваў дзеля таго, каб нават у складзе СССР мы былі самастойнай, са сваёй адметнай адукацыяй і навукай, рэспублікай.
.
Урад БНР, Аркадзь Смоліч – стаіць першы злева ў другім радзе
Як і бальшыня беларускіх навукоўцаў, Аркадзь Смоліч не пазбег і рэпрэсій, яго працы былі ў Беларусі пад забаронай фактычна да апошніх часоў СССР, хоць з імі было магчыма азнаёміцца ў Маскве ці нават Смаленску. Да сённяшняга часу яго напрацоўкі не страчваюць актуальнасці, а шмат чаго яшчэ як след не асэнсавана і чакае працы даследчыкаў.
“Геаграфія Беларусі” Аркадзя Смоліча – вучэбны дапаможнік, адначасова – навуковы твор і жывы, пранікнёны аповед пра беларускую зямлю, яе прыроду, гаспадарку і народ. У свой час яна атрымала шырокае грамадскае прызнанне, стала незаменнай крыніцай радзімазнаўства і самапазнання беларусаў
Вёў семінар Ігар Шаруха – кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедрай геаграфіі і аховы прыроды прыродазнаўчага факультэта МДУ
Выступае Алег Дзьячкоў – старшыня гарадской суполкі ТБМ, гісторык і краязнаўца
Алесь Сабалеўскі