Яндекс.Метрика
Меркаванне

Камісіі ствараюцца, праграмы прымаюцца, а крадуць усе больш і больш

Рыгор Кастусёў

Барацьба беларускіх уладаў з карупцыяй у апошнія гады стала нагадваць метады барацьбы камуністычнага кіраўніцтва Савецкага Саюза з п’янствам у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя.

Як і ў часы Саюза, у Беларусі ствараюцца разнастайныя камісія, прымаюцца праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

 Так, 26 мая 2017 года, на пасяджэнні 16-й рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй прынята, нават, цэлая Дзяржаўная праграма па барацьбе з карупцыяй і злачыннасцю на 2017- 2019 гады.

 Згодна паведамлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржпраграма накіравана на рэалізацыю комплекснай, узгодненай, паступовай палітыкі дзяржавы, заснаванай на планаванні і каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у сферы супрацьдзеяння злачыннасці і карупцыйным з’явам.

Як канстатаваў у час нарады генеральны пракурор Аляксандр Канюк – у 2014-2016 гадах праваахоўныя органы Беларусі мелі поспех па некаторых накірунках у барацьбе з гэтымі негатыўнымі з’явамі.

Чытаючы падобныя рэляцыі і не ведаючы сапраўднага стану з распаўсюдам у краіне такой негатыўнай з’явы, як карупцыя, і сапраўды можа падацца, што праваахоўныя органы Беларусі маюць вялікія поспехі ў гэтым накірунку.

Але, рэаліі паказваюць, што ўсё не так. Карупцыя ў Беларусі з году ў год набірае ўсё новыя і новыя абароты.

І калі раней, з большага, выяўляліся факты асабістых карупцыйных злачынстваў таго або іншага беларускага чыноўніка, то ў апошнія гады гэтая з’ява набыла масавы характар, калі ў злачынныя схемы ўваходзяць цэлыя групоўкі кіраўнікоў прадпрыемстваў і чыноўнікаў рознага рангу.

Як раз у дзень правядзення каардынацыйнай нарады, 26 мая, у СМІ з’явілася інфармацыя аб раскрыцці злачыннай схемы ў сферы вытворчасці і паставак ветэрынарных прэпаратаў і кармавых дабавак для прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу краіны.

Пастаўка прадукцыі для дзяржпрадпрыемстваў АПК здзяйснялася па завышаных ад трох да пяці раз коштах.

 Разам з вытворцамі прэпаратаў і дабавак у злачынную схему былі ўключаны і прадстаўнікі кіраўніцтва Белспажыўсаюза, Гроднамясамалпрома, Слонімскага мясакамбіната, Вілейскага камбікормавага завода, Мінскай гароднінай фабрыкі, Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў, іншых дзяржпрадпрыемстваў.

У выніку, у кішэнях злачынцаў аселі сумы эквівалентныя мільёнам долараў ЗША.

Крыху раней на Магілёўшчыне была раскрыта злачынная групоўка ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая дзейнічала на працягу пяці год. Дадзеная групоўка спецыязавалася на пастаўках абсталявання для аб’ектаў ЖКГ па коштах завышаных у 13 раз, стаўшы, такім чынам, рэкардсменамі краіны ў гэтай справе.

 Цэлая злачынная схема была выяўлена ў бягучым годзе і ў сістэме аховы здароўя. Праз завышэнне коштаў на медыцынскае абсталяванне і лабараторныя рэактывы, чыноўнікі ад медыцыны паклалі ў свае кішэні сотні тысяч долараў.

«Дзякуючы» чаму кошты на лячэнне ва ўстановах аховы здароўя краіны ўзрасталі ад 30 да 70%.

Вось табе і бясплатная медыцына.

Ці ўдасца праваахоўным органам Беларусі калі-небудзь у бліжэйшы час дасягнуць хоць мала-мальскай перамогі над гэтай негатыўнай з’явай?

 Можна смела адказваць – не, не ўдасца.

Бо адной рукой праваахоўныя органы змагаюцца з карупцыяй, а другой – падтрымліваюць яе.

Спрыяе гэтаму і той жа самы генеральны пракурор Беларусі А.Канюк.

Як тут можна разумець падыходы генеральнага пракурора да фармавання заканадаўчай базы краіны, што павінна спрыяць выкараненню гэтай негатыўнай з’явы з нашага грамадства?

Бо, менавіта, А.Канюк настаяў на тым, каб з тэкста закона «Аб барацьбе з карупцыяй», прынятага парламентам Беларусі ў красавіку 2015 года, быў выдалены артыкул аб неабходнасці штогадовага публічнага дэкларавання чыноўнікамі сваіх даходаў.

 Такі падыход генеральнага пракурора практычна развязаў рукі чыноўнікам цэнтральных і мясцовых органаў улады.

А што ж з разнастайнымі праграмамі і камісіямі?

А толку ад ствараемых камісій і прынятых праграм па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй будзе роўна столькі, колькі было ў свой час толку ад камісій і праграм па барацьбе з п’янствам у 80-х гадах мінулага стагоддзя.

Калі хто не памятае, напомнім. Піць у Савецкім Саюзе ў тыя часы, нягледзечы на камісіі і праграмы, сталі яшчэ больш.

Так зараз і ў Беларусі. Камісіі ствараюцца, праграмы прымаюцца, а крадуць усё больш і больш.

Намеснік старшыні БНФ Рыгор Кастусёў

апошія запісы

Аляксандр Фядута: Лукашэнка вымушаны будзе сысці праз год ці два і пакінуць пераемніка

Дзяжурны адміністратар

Советники Тихановской придумали, как обыграть Лукашенко

Дзяжурны адміністратар

Хождение по кругу и босиком росе. Предвыборная борьба возвращается к привычным сценариям

Дзяжурны адміністратар