Навіны Магілёва Палітыка і грамадства

Магілёў: Што плануецца рабіць з берагам Дняпра паміж мастамі?

План добраўпарадкавання тэрыторыі горада Магілёва ўздоўж Дняпра паміж мастамі Пушкінскім і Шмідтаўскім разглядалі ў аддзеле архітэктуры гарвыканкама. 

s1Так гэта тэрыторыя выглядала ў маі 2015 года

Сустрэча праектантаў, адмыслоўцаў і прадстаўнікоў грамадскасці ў межах абмеркавання архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб’екта ўпарадкавання адбылася 26 кастрычніка, а само абмеркаванне працягнецца да 17 лістапада.

Прадстаўнік праектнага аддзелу МГКУП “Упраўленне камунальных прадпрыемстваў” распавяла пра мэты і сутнасць праекту, акрэсліла некалькі перыядаў яго ажыццяўлення.

s2

s3Працэс абмеркавання:   прысутных было не шмат, але сабраліся вельмі абазнаныя ў справе людзі

Першым крокам запланавана ўладкаванне набярэжнай са спускамі (агароджа, лесвіцы, пляцоўкі) да вады ад праспекта Пушкінскага да першай затокі, пракладка пешаходных дарожак з рознакаляровай пліткі сумешчаных з двухпалоснай веладарожкай, пашырэнне дзіцячага парка, арганізацыя пляцоўкі для лодачнай станцыі і паркоўкі для аўтамабіляў.

s4План першага этапа

За другой чаргой уладкавання плануецца дарабіць набярэжную паміж першай і другой затокамі, пашырыць сетку пешаходных і веладарожак, усталяваць дэкаратыўную кампазіцыю са скульптурай льва на ільвіным паўвостраве, зладзіць пляцоўку для картынгу і алею закаханых.

s5План другога этапа. №8 – аквапарк, пакуль яшчэ да канца не вызначаны аб’ект

І апошні, трэці этап, гэта канчатковае ўладкаванне набярэжнай і пешаходных дарожак, пракладка алеі скульптур, арганізацыя пляцоўкі для цырка і скейтборда, а так сама яшчэ адной паркоўкі для аўтамабіляў. Прадугледжана і абсталяванне пляжнай зоны на беразе затокі бліжэй да Шмітаўскага моста.

Планам прадугледжаны пляцоўкі пад кавярні і месца для аквапарку з басейнам.

s6План трэцяга этапу. Зялёная лінія – запланаваны на будучыню каналізацыйны калектар

Падчас абмеркавання да распрацоўнікаў узнікла шмат пытанняў, і ў першаю чаргу – наконт беражлівых адносінаў да самога гэтага месца, якое з’яўляецца не толькі прыроднай зялёнай зонай, але і гістарычна-ахоўнай тэрыторыяй. Так, летась, пад час упарадкавання тэрыторыі навокал рамантуемага Пушкінскага моста, увесь гістарычны ландшафт да першай запруды быў зруйнаваны бульдозерам без усялякіх даследаванняў з боку археолагаў. Былі знішчаны падмуркі былых пабудоў рознага перыяду, спілавана частка дрэў, а шмат з тых, што засталіся – пашкоджаны, вакол некаторых значна заніжаны ўзровень грунта. Калі і надалей будуць праводзіць “добраўпарадкаванне” гэткім чынам, гэтую зону чакае лёс Падміколля, дзе значная частка вялікіх дрэў ужо засохла, і мы атрымаем голае поле з дарожкамі і будынкамі.

s7Раней гэта тэрыторыя была забудавана і называлася Траецкай сотняй (Траеччынай, Траецкім пасадам), адпаведна з назвай царквы, падмуркі якой зараз можна пабачыць па другі бок праспекта

s8Падчас “бульдозернага” ўпарадкавання быў фактычна знішчаны культурны слой і пашкоджаны дрэвы

s9Тое самае зроблена і на процьлеглым беразе – культурна-гістарычны слой зрылі, а вакол дрэў пакінулі купіны. Верагодней за ўсё дрэвы пачнуць сохнуць, а тонкі слой новага  газона будзе змыты веснавым павадкам

s10Праблема цяперашняга, новага і  прыгожага выгляду ўзбярэжжа ў тым, што Днепр падмывае бераг, і ў хуткім часе мы атрымаем размытыя “прыступкі”. Як тут збіраюцца рабіць набярэжную – вялікае пытанне, бо тэрыторыя затапляецца і трэба будзе значна падвышаць узровень берага

Але гэта яшчэ не ўсе праблемы. На акрэсленай тэрыторыі размешчаны шматлікія інжынерныя сеткі, ліўневыя і каналізацыйныя калектары. І ў асноўным яны ўжо вельмі старыя і не адпавядаюць сучасным стандартам. У прыватнасці, ліўневая каналізацыя не мае ніякіх ачыстных сістэм, а каналізацыйны сточны калектар параўнальна невялікага дыяметру. Акрамя таго, ёсць план пракласці яшчэ адну лінію гарадской каналізацыі як раз амаль праз усю гэтую тэрыторыю. У выніку можа атрымацца сітуацыя, калі ўсе гэтыя дарожкі і алеі прыйдзецца перакопваць, а потым зноў парадчыць.

s11Па словах праектантаў, яны улічылі існуючыя зялёныя насаджэнні і  нават сцежкі, але пытанняў застаецца ўсё адно вельмі шмат. Схему праекта ў поўным памеры можна паглядзець тут. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце МГКУП “Упраўленне камунальных прадпрыемстваў”

Трэба адзначыць, што пакуль прапанаваны праект толькі папярэдні, таму ёсць яшчэ час як след яго абмеркаваць, прапанаваць нешта іншае, можа больш цікавае, ці наадварот – увогуле гэта месца асабліва не кранаць, абмежавацца першай часткай праекту. У справе добраўпарадкавання галоўнае – не спяшацца, бо зробленыя ў спешцы памылкі вельмі цяжка і доўга выпраўляюцца, ці нават так і застаюцца сумным напамінам для нашчадкаў.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара (акрамя гістарычнага)

апошія запісы

В ДТП в Могилевском районе попали два автомобиля

Рост платы за общежития может привести к социальному взрыву в Беларуси

Пенсионерка из Бобруйска, которую за пикеты оштрафовали на три пенсии, грозит голодовкой

Дзяжурны адміністратар