Яндекс.Метрика
Культура Навіны Магілёва

Магілёў: Як захоўваць традыцыі народнай культуры ў сучасных умовах?

Цікавую і насычаную канцэртную праграму прадставіў 18 студзеня ў Палацы культуры вобласці фальклорны гурт «Варган» з Полацка. Выступ калектыву адбываўся ў выглядзе адукацыйнага і інтэрактыўнага майстар-класу, і цягнуўся больш за чатыры гадзіны. Ініцыявала імпрэзу суполка аматараў беларускіх народных танцаў у Магілёве, а большую частку арганізацыйнай працы ўзяў на сябе Палац культуры.

Канцэртная праграма сталася часткай першага абласнога семінара-практыкума «Захаванне і папулярызацыя традыцый народнай культуры ў сучасных умовах», які быў арганізаваны Палацам культуры. Першымі выступоўцамі былі дзеткі з фальклорнага калектыву «Покліч», які літаральна некалькі месяцаў таму быў арганізаваны пры Палацы культуры, і гэта было толькі трэцяе выступленне маленькіх аматараў народнай творчасці. Кіраўніца праекту Вольга Калтовіч распавяла гісторыю стварэння гэтага дзіцячага калектыву і раскрыла некаторыя метады, як сродкамі беларускага фальклору можна праводзіць выхаванне і навучанне ў дзіцячым фальклорным калектыве. Дзеткі паказалі некалькі сваіх канцэртных нумароў са спевамі, танцамі і гульнямі, а так сама невялічкі ўрывак з каляднага абраду.

Адкрыў праграму намеснік дырэктара Палаца культуры па культурна-дасугавай рабоце Сяргей Бажкоў
Вольга Калтовіч і дзіцячы фальклорны калектыў “Покліч”
Дзеткі вельмі вельмі стараліся добра выступіць перад дасведчанымі знаўцамі-гледачамі
Лепшая ўзнагарода – апладысменты прафесіяналаў

Далей семінар працягнула творчая майстэрня «Жывая традыцыя» з удзелам гурта «Варган». Канцэрт-лекторый падзяліўся на некалькі аддзяленняў. Спачатку кіраўніца гурта Вольга Емяльянчык правяла грунтоўную тэарэтычную частку. Яна прадставіла ўдзельнікаў калектыву, распавяла пра гісторыю яго стварэння. Адзначым, Вольга Емяльянчык не проста аматар ці выканаўца фальклору, яна дацэнт кафедры гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Далей было шмат цікавай і пазнавальнай інфармацыі пра вытокі народнай культуры, аўтэнтычныя спевы і танцы, увогуле пра традыцыйны складнік беларускай культуры, пра адметнасці розных рэгіёнаў Беларусі. Удзельнікі гурта выканалі народныя песні і інструментальную музыку, распавялі пра тое, якім чынам далучыліся да вывучэння і выканання менавіта аўтэнтычных спеваў і танцаў. Былі і шматлікія пытанні ад наведнікаў канцэрта, бо пласт народнай культуры надзвычай глыбокі, пра гэта можна распавядаць бясконца, а цікаўнасць да сваіх каранёў у людзей з часам толькі пашыраецца.

Вольга Емяльянчык і гурт “Варган”
Тэарэтычная частка лекцыі была падмацаваная выкананнем традыцыйнай музыкі
Безумоўна, на канцэрце было і шмат спеваў, вельмі пранікнёных і кранальных
Пытанні і адказы

Наступная, апошняя частка канцэрта была ўласна інтэрактыўная. Удзельнікі гурта «Варган» паказалі некалькі традыцыйных беларускіх калядных гульняў, у якія з задавальненнем уцягнулася большая частка гледачоў. Гэта было сапраўды весела і незвычайна, бо гэтая частка культуры практычна ўжо забытая, людзі зараз рэдка бавяць час разам у вясёлых гульнях. Пасля прайшоў ужо больш традыцыйны майстар-клас па побытавых беларускіх народных танцах, і тут можна было натанчыцца ўволю, тым болей, што музыкі да нас завіталі надзвычай прафесійныя і даводзілі рытм танцу да максімальна магчымай хуткасці.

Танцавальны майстар-клас

Народныя танцы пад жывую музыку – добры трэнінг і, адначасова, эмацыйная разгрузка

Ну а народныя гульні – занятак яшчэ больш вясёлы

Ну і закончылася вялікая канцэртна-асветніцкая праграма індывідуальнымі кансультацыямі, парадамі ад дасведчаных знаўцаў традыцыйнай культуры, а Вольга Емяльянчык яшчэ правяла асобны спеўны майстар-клас для жанчын і дзяўчат, якія ў нашым горадзе вывучаюць і аднаўляюць традыцыйныя народныя спевы.

Па заканчэнні канцэрту Вольга Емяльянчык адказала на некалькі пытанняў карэспандэнта, звязаных з захаваннем народнай культуры.

Наколькі важна захоўваць аўтэнтычную культуру, пры чым захоўваць яе ў такім «жывым» выглядзе?

«Калі людзі спяваюць песні ў аўтэнтычнай манеры, яны маюць магчымасць перажыць тыя эмоцыі, якія перажывалі нашыя продкі, што стваралі гэтую музыку, выконвалі яе. У нашай сучаснай культурнай прасторы вельмі шмат аўтарскай творчасці, там шмат асабістага, а ў традыцыйнай музыцы, традыцыйных спевах акумуляваны вопыт многіх пакаленняў, і калі мы паглыбляемся ў гэтую стыхію аўтэнтычнага гучання, мы адчуваем гэтую сілу, гэтую эмоцыю, якія ў канцэнтраваным, акумуляваным выглядзе транслюецца. Нажаль, у наш час традыцыя амаль што перарвалася, і мы амаль ужо не маем магчымасці камунікацыі з жывымі носьбітамі, але праслухоўваючы запісы і аднаўляючы тое гучанне, мы атрымліваем вельмі вялікі эмацыйны і энергетычны зарад».

А наколькі блізка могуць перадаць аўтэнтыку людзі, якія жывуць у горадзе, якія пачынаюць займацца фальклорам па запісах?
«Трэба сказаць, што ў Беларусі існуюць пэўныя праблемы з вывучэннем, захаванне і пашырэннем гэтага важнага культурнага складніку. Напрыклад, у Расіі і ва Украіне склаліся вельмі моцныя школы прафесіяналаў, якія працуюць над пастаноўкай аўтэнтычнай манеры выканання, існуе шырокі асяродак этнамузыколагаў, якія не проста даследваюць гэтую музыку, але і працуюць над яе выкананнем. А ў нас сітуацыя склалася так, што ў нас больш існуе тэарэтыкаў, але няма школы пастаноўкі вакалу, спробай наблізіцца і аднавіць аўтэнтычны гук займаюцца людзі не прафесійныя, у асноўным аматары. Гэта, канешне, не фатальна, некаторыя такія людзі самі яшчэ чулі, як спяваюць іх бабулі, ды і самі тыя бабулькі не мелі ніякай музычнай адукацыі, але заўсёды спявалі вельмі чыста і гарманічна, але раней існавала культура спеваў, якая перадавалася праз пакаленні, у межах сваёй сям’і, вёскі. І ў мяне ёсць надзея, што мы – не прафесіяналы, можам наблізіцца да іх выканання, адзінае, што ў нас няма магчымасцяў удзяляць гэтаму шмат часу, як у прафесіяналаў».

Што можаце пажадаць людзям, каб яны больш звярталіся да традыцыйнай культуры?
«Традыцыйны спеў і танец – гэта спосаб аднаўлення сіл, і псіхічных і фізічных, бо менавіта праз музыку нашы продкі аднаўлялі свой жыццёвы патэнцыял, і гэта будзе запатрабавана і ў будучыні. Досвед суседніх краін паказвае, што народ усё болей звяртаецца да спрадвечнага, напрыклад, у Польшчы розныя этна-фальклорныя фэсты, летнікі з кожным годам збіраюць усё болей і болей удзельнікаў, вялізная колькасць людзей з’язджаецца паслухаць менавіта аўтэнтычную музыку, без апрацовак, з’яўляецца ўсё больш і больш музычных калектываў, якія пераймаюць традыцыйную манеру выканання. Пры чым людзі едуць і з іншых краін, каб толькі далучыцца да першакрыніц, атрымаць эмацыйны зарад, акунуцца ў рэальную гісторыю».

Вольга Емяльянчык – кіраўніца гурта “Варган”, дацэнт кафедры гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта

 

Даведка:

Полацкі фальклорны гурт «Варган» існуе ўжо дзесяць гадоў і аб’ядноўвае людзей, зацікаўленых традыцыйнай культурай беларусаў. Калектыў займаецца вывучэннем і аднаўленнем беларускай традыцыйнай творчасці: песеннай (як абрадавай, так і лірычнай), танцавальнай, інструментальнай. Прынцыповая пазіцыя ўдзельнікаў гурта – імкненне да пераняцця аўтэнтычнай, арыгінальнай манеры выканання. «Варган» прымае удзел у разнайстайных культурных мерапрыемствах, рэканструкцыі абрадавых дзеяў, праводзіць спеўныя і танцавальныя вечарыны.
Гурт «Варган» выконвае музыку з розных гісторыка-культурных рэгіёнаў Беларусі. Асаблівае месца ў рэпертуары гурта займае спеўны матэрыял Беларускага Падзвіння, запісаны ўдзельнікамі гурта падчас этнаграфічных экспедыцый.
У 2018 годзе гурт «Варган» выпусціў дэбютны альбом «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны». У альбоме прадстаўлены песні і інструментальныя кампазіцыі, якія некалі гучалі на тэрыторыі Полацкай зямлі. Альбом выйшаў у межах праекта Традыцыя / Tradycyja.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

 

апошія запісы

Соблюдайте скоростной режим!

Следователи завершили расследование уголовного дела в отношении мстиславльского мошенника

Лексикограф Даль о границе беларусского языка и его влиянии на русский

Дзяжурны адміністратар 2