Яндекс.Метрика
Навіны Магілёва Палітыка і грамадства

На прэзентацыі старадаўняга мяча дэпутат Марзалюк абрынуўся на тых, хто не любіць беларускую ўладу

Распавядаючы пра знойдзеныя ў рацэ Віхра, што працягае праз Мсціслаў, старадаўнія рыцарскія даспехі і меч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк не абыйшоў увагай тых, хто, паводле яго, ненавідзіць сучасную беларускую дзяржаву і яе кіраўніцтва.

Аляксей Бацюкоў

Прэзентацыя мяча адбывалася ў Музеі гісторыі Магілёва. Першым выступіў дырэктар установы Аляксей Бацюкоў, які падзякаваў усім, датычным да новага набыцця, якім папоўнілася музейная калекцыя. Сярод адзначаных Бацюковым – міністр замежных спраў Уладзімір Макей і яго памочніца, прадстаўнікі міністэрства культуры, жыхар замежжа, які пажадаў застацца неназваным, і іншыя. Асабліва ён адзначыў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, археолага Ігара Марзалюка, які потым цягам паўгадзіны распавядаў пра тое, як шукалі, знаходзілі і дапамагалі вяртаць каштоўныя для гістарычнай навукі рэчы на Мсціслаўшчыне.

Аднак дэпутат не здолеў пакінуць па-за ўвагай нейкіх неназваных ненавіснікаў беларускай улады. Гэта выглядала даволі дзіўна на фоне прыемнай падзеі, звязанай з новым экспанатам магілёўскага музея.

Ігар Марзалюк

«Кажу для тых, хто паталагічна ненавідзіць сучасную беларускую дзяржаву і паталагічна ненавідзіць сучаснае беларускае кіраўніцтва – для беларускай дзяржавы ўсе моманты яе гісторыі і гістарычнай памяці – святыя. І ўсе эпохі», – заявіў Марзалюк.

«І магілёўскія ўлады, і мсціслаўскія улады, і Магілёўскі аблвыканкам зрабілі і для музеефікацыі, і для захавання гэтых даспехаў, і патрацілі сродкаў і дзяржаўных, і бюджэтных столькі, колькі не адзін халуй, ілгун і мярзотнік, які жыве за кошт чужых амбасадаў і корміцца за чужы кошт, не зрабіў, бо не патраціў ніводнага цэнта. Я ўдзячы ўсім тым, хто любіць краіну не проста на словах, а на справе. І магілёўская ўлада чарговы раз прадэманстравала гэту любоў. Тое, што мы называем нашай агульнай гістарычнай памяццю, нашай нацыянальнай салідарнасцю. Бо з гістарычнай памяці нельга выкінуць не аднаго сегмента нашай гісторыі, нашай традыцыі, нашага мінулага», – палымяна сказаў праўладны дэпутат.

У далёкім ужо 1998 годзе, калі цяперашні дэпутат больш прыхільна ставіўся да тых, хто не вельмі любіць нязменнае беларускае кіраўніцтва, у Мінску тыражом 1000 экзэмпляраў пабачыла свет добрая кніга «Магілёў у ХІІ-ХVІІІ стагоддзях». Яе аўтарам быў менавіта Ігар Марзалюк. Манаграфія з’явілася, дзякуючы, у прыватнасці, фінансавай падтрымцы Інстытута дэмакратыі ва Ўсходняй Еўропе (IDEE).

Праўда, даны Інстытут, паводле нашага КДБ, яшчэ рабіў тое-сёе для дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі. Аб гэтым заявіў у лістападзе 2005 года тагачасны кіраўнік спецслужбы Сцяпан Сухарэнка (https://news.tut.by/politics/60866.html). Цяжка сказаць, ці ведаў тады Марзалюк аб такой падрыўной, як сведчыў КДБ, дзейнасці IDEE, але грошы гэтага Інстытута выкарыстоўваў. І гэта таксама не выкінуць з гістарычнай памяці.

Уладзімір Лапцэвіч

Фота з прэзентацыі: Алесь Сабалеўскі

апошія запісы

Мсціслаў усё ж здольны прыцягваць турыстаў

Дзяжурны адміністратар 2

Могилевский правозащитник не может добиться ответа от госорганов по вопросу выполнения Александром Лукашенко родительских обязанностей

Дзяжурны адміністратар

Пробный запуск оборудования «Омск Карбон Могилев» планируется в сентябре