
Начальнік бюро аддзела «Магілёўліфтмаша» абвінавачваецца ў махлярстве

Фота kontakt.by
Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне справы былога начальніка бюро аддзела знешнеэканамічных сувязяў ААТ «Магілёўліфтмаш», які абвінавачваецца ў махлярскім завалоданні 9,5 тыс. рублёў, паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, у верасні 2015 года Следчы камітэт западозрыў начальніка бюро ў незаконным завалоданні 44 млн недэнамінаваных рублёў.
«Падчас следства ўстаноўлена, што абвінавачваны, выязджаючы ў службовыя камандзіроўкі за межы Рэспублікі Беларусь, падаваў у бухгалтэрыю прадпрыемства недакладныя звесткі аб панесеных камандзіровачных выдатках па найме жылля, праездзе, а таксама перыядах знаходжання ў камандзіроўках», — паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.
Такім чынам, паводле звестак следства, з лютага 2014 года па чэрвень 2015 года абвінавачваны завалодаў больш як 9.500 дэнамінаванымі рублямі. Прысвоеныя грашовыя сродкі абвінавачваны выдаткаваў на асабістыя патрэбы.
Следчыя наклалі арышт на маёмасць абвінавачанага коштам каля 15.000 рублёў.
«Мужчына прызнаў сваю віну і цалкам кампенсаваў нанесеную шкоду ў адпаведнасці з заяўленым прадпрыемствам грамадзянскім іскам. Падчас следства ўнесены шэраг прадстаўленняў аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства», — зазначыла А.Салянюк.
Следства вынесла пастанову аб перадачы крымінальнай справы пракурору.