Меркаванне Навіны Бялыніч

Новадруцкія “канкістадоры”

Падзеі, звязаныя з прызначэннем кіраўніцтва ААТ “Новая Друць” Бялыніцкага раёна, Магілёўскай вобласці, звязаныя з паводзінамі гэтага кіраўніцтва ў гаспадарцы, у апошнія паўтара дзесятка гадоў нагадваюць сабой паводзіны людзей, што прыходзілі ў свой час у Новы Свет пасля адкрыцця Амерыканскага кантынента Хрыстафорам Калумбам напрыканцы ХV стагоддзя.

Тады, на працягу двух стагоддзяў, тысячы і тысячы еўрапейскіх авантурыстаў прыйшлі ў Новы Свет шукаць золата, поспеху, славу і зямлю, пакараючы і рабуючы мясцовыя народы ў імя караля Іспаніі. Гэтых людзей тады назвалі канкістадорамі (Conquistador), што ў перакладзе з іспанскай мовы азначае “той, хто перамагае”. І хоць многія з іх у апраўданне сцвярджалі, што яны прыйшлі ў Новы Свет з добрымі намерамі, каб распаўсюдзіць хрысціянства і выратаваць мясцовыя народнасці ад праклёнаў, яны заставаліся забойцамі і рабаўнікамі з мэтай завалодвання як мага большай колькасці золата і грошай.

Канешне, магчымасці “бялыніцкіх канкістадораў” значна саступаюць магчымасцям іх папярэднікаў з мінулых стагоддзяў, але памкненні яўна супадаюць – у імя “государя” заставацца “пераможцамі” над тубыльцамі (мясцовым насельніцтвам) у рамках адведзенай ім тэрыторыі.

ААТ “Новая Друць” на сёння па сваёй тэрыторыі займае амаль палову Бялыніччыны. У склад таварыства ўвайшло шэсць былых гаспадарак Бялыніцкага раёна : саўгасы “Друць”, “Каліноўскі”, “Іскра”, “Эсьмоны”, “Падзевічы”, калгас “Кірава”.

Адным з першых “важакоў канкістадораў” на бялыніччыну прыйшоў былы старшыня Бялыніцкага райвыканкама А.Ільянаў – выхадзец з Горацкага раёна. І, як тады пісалі цэнтральныя дзяржаўныя газеты, крута пачаў сваю працу ў Бялынічах – адным махам памяняў увесь склад раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і амаль усіх кіраўнікоў існуючых на той час сельгаспрадпрыемстваў, у тым ліку і вышэй пералічаных гаспадарак, на выхадцаў з Горацкага раёна.

Гісторыя дзейнасці “горацкіх” на тэрыторыі Бялыніцкага раёна скончылася пасля арышту іх лідара прадстаўнікамі сілавых структураў за злоўжыванні службовым становішчам і карупцыйныя злачынствы.

Пасля хвалі горацкіх на бялыніччыну, у тым ліку і “Новую Друць”, нахлынвалі хвалі клімавіцкіх, чэрыкаўскіх, круглянскіх “канкістадораў”, якія заканчваліся так жа бязслаўна, як і гісторыя іх папярэднікаў.

І як бы не сканчвалася іх дзейнасць, усе яны пакінулі свой след на тэрыторыі раёна, асабліва ў “Новай Друці”. Бо тут кожная хваля не сканчвалася толькі заменай кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Кожны раз на змену прыходзілі і новыя галоўныя спецыялісты, якім налічваліся шматтысячныя аклады, што выклікала пастаяннае змяншэнне колькасці мясцовых спецыялістаў, працуючых у таварыстве, якім заставаліся толькі крошкі з “барскага” стала.

Кожная новая хваля “канкістадораў” імкнулася пакінуць пасля сябе найбольш яскравы след, паводзячы сябе, як сапраўдныя “пераможцы” над мясцовым насельніцтвам – жыхарамі амаль сотні сельскіх населеных пункткаў на тэрыторыі гаспадаркі, вымушаючы іх шукаць лепшай долі, лепшых умоваў працы ў іншых рэгіёнах краіны.

Каго ж раённыя лідары “канкістадораў” імкнуліся прызначаць на хлебныя пасады ?

На прыкладзе рашэння былога старшыні Бялыніцкага райвыканкама А.Шчуплянкова, выхадца з Кругляншчыны, пабыўшага на гэтай пасадзе 1 год, па прызначэнні чарговага дырэктара ААТ “Новая Друць”, можна пабачыць самае простае рашэнне. На пасаду дырэктара ААТ ён паспеў прызначыць свайго роднага брата, які за сабой пацягнуў цэлую хеўру круглянскіх “спецыялістаў”, адправіўшы ў адстаўку іх папярэднікаў.

На працягу некалькіх месяцаў гэтыя “спецыялісты”, адчуваючы падтрымку ад старшыні райвыканкама паказалі ўсё на што яны здатныя. За летнія месяцы 2019 года, не змогшы наладзіць вытворчасць, спаліўшы тоны дзяржаўнага бензіна для штодзенных паездак з дому ў Круглянскім раёне на працу і назад,  яны канчаткова разагналі з гаспадаркі ўсіх, хто яшчэ імкнуўся працаваць і дасягаць поспеху. У выніку, вытворчасць сельгаспрадукцыі прадпрыемствам рэзка скарацілася, засталіся не прыбранымі дзесяткі гектараў зернявых культур і бульбы, не было нарыхтавана і 30% да неабходнай колькасці кармоў для буйной рагатай жывёлы на зімова-стойлавы перыяд. Ужо з сярэдзіны снежня 2019 гаспадарка вымушана закупляць кармы ў калгасе “Радзіма” Бялыніцкага раёна і гаспадарках Слаўгарадскага раёна.

І як толькі А.Шчуплянкоў у жніўні 2019 года быў адпраўлены ў адстаўку з пасады старшыні Бялыніцкага райвыканкама, як “пацукі” з тонучага карабля разбегліся з “Новай Друці” усе ягоныя землякі начале з яго братам – дырэктарам гаспадаркі. Верагодна, усе яны падаліся асвойваць “новыя землі” і вучыць жыццю тамтэйшых тубыльцаў на Брэстчыну, дзе на пасаду намесніка старшыні райвыканкама ўладкаваўся А.Шчуплянкоў.

Новы старшыня Бялыніцкага райвыканкама, змяніўшы Шчуплянкова, не стаў прыдумляць нічога новага ў падборы кадраў для ААТ і зрабіў стаўку на чарговую хвалю “канкістадораў” са Шклоўскага раёна.

Новыя гаспадары “Новай Друці”, як і іх папярэднікі, атрымаўшы партфелі, цёплыя службовыя кабінеты ў шыкоўным будынку адміністрацыі прадпрыемства, іншыя прывілеі, таксама адчулі сябе поўнымі пераможцамі над мясцовымі “абарыгенамі”. Інтарэсы ж простых працаўнікоў гаспадаркі, жыхароў вёсак, умовы працы рабочых таварыства для іх апынуліся на другім, а то і на трэцім плане. Не выконваюцца, нават, самыя элементарныя правілы тэхнікі бяспекі і пабытовыя ўмовы. Звычайны прыём харчавання ў час абедзеннага перапынку для рабочых, звычайна, пачынаецца з пошуку месца для здзяйснення “трапезы”.

У выніку, узмацніўся адток кадраў з гаспадаркі: механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў іншых прафесій. А пражываючыя на тэрыторыі гаспадаркі інжынеры, заатэхнікі, ветэрынары, аграномы, як і раней вымушаны ў такой сітуацыі ездзіць на працу за дзесяткі кіламетраў у суседнія гаспадаркі, суседнія раёны, за межы Беларусі, а то разам з сем’ямі з’язджаць з родных мясцінаў у пошуках лепшай долі.

На колькі затрымаюцца прадстаўнікі Шклоўшчыны ў “Новай Друці”, спаліўшы яшчэ болей бензіну для паездак дадому ў параўнанні з круглянцамі, пакажа час. Але, ужо сёння можна рабіць выснову, што з такімі адносінамі да справы, яны тут доўга не прабудуць.

А мясцовым жыхарам, рабочым прадпрыемства толькі і застаецца гадаць – адкуль яшчэ на “Новую Друць” прыйдзе чарговая навала ў выглядзе “канкістадораў”.

Па інфармацыі, атрыманай з надзейных крыніц, новае кіраўніцтва ў “Новай Друці” павінна з’явіцца да пачатку пасяўной кампаніі 2020 года.

Адміністрацыйны будынак для кіраўніцтва ААТ “Новая Друць”
Побытавы вагончык для жывёлаводаў ААТ “Новая Друць”

Рыгор Кастусёў

апошія запісы

Класковский: «Лукашенко щелкает кнутом, но этот кнут не выполняет роль волшебной палочки»

Бялыніцкага прадпрымальніка за ўдзел у “Маршы недармаедаў” пакаралі 12 суткамі арышту

Дзяжурны адміністратар

Аўтазак на дзіцячым фестывале ў Клімавічах (фотафакт)