Меркаванне

Новыя метады рабаўніцтва сялянства

kalgas
Здымак мае ілюстрацыйны характар

18 лістапада 2016 года на нарадзе па сельскай гаспадарцы адбылося неверагоднае – А.Лукашэнка ўпершыню раскрытыкаваў адзін з раней падпісаных ім жа Указаў. Гаворка вялася аб Указе №349 ад 17 ліпеня 2014 года “Аб рэарганізацыі калгасаў (сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў).

Болей чым два гады таму назад, 17 ліпеня 2014 года ён падпісаў ажно чатыры ўказы, падрыхтаваныя працоўнай групай пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра, для рашэння праблемных пытанняў у аграпрамысловым комплексе краіны.

Мэты Указа

Адзін з іх, Указ №349 “ Аб рэарганізацыі калгасаў (сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў )” вызначаў, што калгасы (СВК) да 31 снежня 2016 года належаць да пераўтварэння  ў гаспадарчыя  таварыствы або камунальныя прадпрыемствы. Пры гэтым,  пры пераўтварэнні  калгасаў у гаспадарчыя таварыствы, долі ў статутных фондах гэтага таварыства размяркоўваюцца паміж фізічнымі асобамі – членамі пераўтвараемага калгаса і адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай, на тэрыторыі якой ён размешчаны.

Такім чынам, пад выглядам як бы “дабрачыннага” рашэння, на працягу двух год планавалася зліквідаваць апошнія 347 калгасаў, яшчэ існуючых на той момант у Беларусі.

Напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашай краіне дзейнічала больш 2,5 тыс. сельгаспрадпрыемстваў, з іх –  каля 1,5 тыс. калгасаў.

Святая наіўнасць міністра?

Па словах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Л.Зайца, Указ Прэзідэнта  па пераўтварэнню калгасаў павінен быў спрасціць працэдуру продажу сельгаспрадпрыемстваў для прыцягнення інвестыцый. Планавалася, што дакумент створыць прававую нарматыўную базу для арганізацыі калгасамі новых суб’ектаў гаспадарання з мэтай “вываду іх на больш высокі ўзровень гаспадарання”.

Прыняццё такога дакумента, па словах міністра, было выклікана яшчэ і тым, што статуты калгасаў страцілі сваю значнасць і не адпавядаюць сучасным заканадаўчым нормам. Яны таксама ўваходзяць у супярэчнасць з Падатковым Кодэксам.

Адначасовым прыняццём у той час ажно чатырох указаў па сельскай гападарцы (чаго ў гісторыі Беларусі больш не назіралася), кіраўніцтва краіны практычна ўзаконіла далейшае рабаўніцтва сялянства, якое  працягваецца ў нашай краіне  пад выглядам правядзення рэформаў ужо больш як 12 апошніх год.

Як і ў далекія 20-я, 30-я гады мінулага стагоддзя ў часы калектывізацыі, калі сялянства сілай пазбаўлялася прыватнай уласнасці на зямлю, на сродкі вытворчасці, і заганялася ў калгасы, беларускія ўлады зноўку прымаюць рашэнні па рэфармаванні сельгаспрадпрыемстваў, нават не цікавячыся меркаваннямі  сённяшніх калгаснікаў, і бессаромна пазбаўляюць сялян калектыўнай уласнасці на тэхніку, жывёлу, будынкі, іншыя сродкі вытворчасці.

Стан “жабрака”, а не гаспадара на сваёй зямлі замацоўваецца беларускім чынавенствам сярод грамадзян праз навязванне думкі, што зямля беларускаму сялянству, як прыватная ўласнасць, непатрэбная.

Няўжо прасвятленне?        

Па словах А.Лукашэнкі, да разважанняў аб ролі дадзенага Указа, аб далейшым лёсе аграпрамысловага комплекса краіны яго падштурхнулі размовы і выступы шэрагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на так званым Усебеларускім народным сходзе.

У час нарады ён даручыў яшчэ раз вярнуцца да дадзенага Указа і далажыць, чаму яго нормы неадназначна ўспрыняты кіраўнікамі і членамі яшчэ існуючых сельскагаспадарчых кааператываў.

“Если просто у кого-то чешутся руки обязательно и сельское хозяйство модернизировать и приспособить, как вы пишите, в прогрессивные формы превратить, то не мешайте работать крестьянам и не лезьте в их вопросы, – падкрэсліў ён. – Что значит “прогрессивные формы”?

“Не мытьём, так катаньем”

Па завяршэнні нарады, міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Л.Заяц тут жа распавёў журналістам, што ўжо гатовы яшчэ адзін – новы праект указа, згодна якога дзейнасць усіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у краіне прывядуць у адпаведнасць з грамадзянскім, працоўным, падатковым заканадаўствам. Акрамя таго, як расказаў міністр, праектам новага указа, унесеным на разгляд кіраўніка краіны, прапануецца ўвесці для членаў СВК абавязкі па субсідыярнай адказнасці.

“Сегодня производственный кооператив – это коммерческая организация, члены которой обязаны участвовать в трудовом процессе и нести субсидиарную ответственность. Нормы этого гражданского законодательства мы должны переложить на хозяйственную деятельность сельхозпредприятий”, – заявіў Л. Заяц.

І што далей?

Праз прыняцце падобных заканадаўчых актаў, дзе сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы будуць прыраўненыя да камерцыйных арганізацый, кіраўніцтва краіны імкнецца ліквідаваць той невялікі супраціў, сыходзячы ад  гаспадарнікаў-прафесіяналаў, якія разумеюць сапраўдную сутнасць праводзімых у АПК краіны “рэформаў”.

Як і ў гады існавання савецкай ўлады, беларуская дзяржава  імкліва выбівае з селяніна апошнія рэшткі пачуцця ўласніка, гаспадара свайго жыцця, плануючы на далейшую перспектыву  заканадаўчыя акты на розныя правы для грамадзян Беларусі па прыватнай  ўласнасці на зямлю.

Такім чынам, рэпрэсуючы базавы ўласніцкі інстынкт беларускага сялянства, вышэйшае чынавенства краіны імкнецца дасягнуць адной мэты – здзейсніць у бліжэйшай перспетыве міжкланавы падзел аграпрамысловага комплекса краіны.

Намеснік старшыні БНФ Рыгор Кастусёў

Каментары

Каментаў

апошія запісы

30-процентная наглость

Дзяжурны адміністратар

Ці ёсць у Беларусі варыянты змены ўлады?

Дзяжурны адміністратар

Андрей Дмитриев считает, что выборы-2020 могут сильно удивить