1.4 C
New York City
27 студзеня, 2020
Культура Навіны Магілёва

Паэтычны батл у Карла Маркса

Гарадскі літаратурны клуб “Святліца” зладзіў традыцыйны паэтычны “батл” для маладых літаратараў.

Упершыню на гэткую імпрэзу асобна запрасілі зусім юных паэтаў – школьнікаў, навучэнцаў старэйшых класаў, якія толькі спрабуюць свае сілы ў вершаваным слове. Імпрэза адбылася 9 лістапада ў памяшканні Цэнтральнай гарадской бібліятэкі, якая актыўна дапамагала ў арганізацыі і правядзенні вечарыны.

"<b

Батл сабраў каля сямі дзясяткаў слухачоў, якія ледзь змясціліся ў невялікім пакойчыку гарадской бібліятэкі. З аднаго боку гэта некалькі незвыкла для такой, звычайна вельмі камернай падзеі, але затое дае магчымасць для пачынаючых паэтаў заявіць пра сябе і пазбавіцца страху перад публікай. Шырокае кола ўдзельнікаў дазваляе і бліжэй пазнаёміцца з іншымі маладымі творцамі, паслухаць іх, улічыць чужыя памылкі і асэнсаваць свае.

Фармат батл-сустрэчы быў звычайным, але для паэтаў-пачаткоўцаў зладзілі асобны тур – яны прачыталі па аднаму-два са сваіх вершаў і не ўдзельнічалі ў адмысловым спаборніцтве. А вось удзельнікі літаратурнага клуба “Святліца” яшчэ і атрымалі заданне напісаць твор-экспромт на тэму, якую вызначылі ўсе прысутныя. Вершаваць юным  паэтам давялося словы пра гумар, мора і Карла Маркса – бо што яшчэ можа прыйсці моладзі на думку халодным цёмным вечарам у сценах установы культуры, якая носіць імя ўзгаданага нямецкага філосафа?  У паэтычным паядынку прынялі ўдзел пяць чалавек з літаратурнай суполкі “Святліца”, а ў конкурсе паэтаў-школьнікаў – ажно пятнаццаць маладзёнаў.

"<b

Трэба адзначыць, што творчы ўзровень удзельнікаў быў вельмі розны, бо калі “Святіца” – гэта ўжо сталае літаратурнае аб’яднанне, сябры якога адмыслова вывучаюць асновы вершаскладання, ладзяць сустрэчы са сваімі дарослымі калегамі, то школьнікі  толькі яшчэ спрабуюць сябе.

Настаўленне юнаму паэту дае Елена Быкава - удзельніца "Святліцы" і вядоўца паэтычнага батла.
Настаўленне юнаму паэту дае Алена Быкава – удзельніца “Святліцы” і вядоўца паэтычнага батла.

Падчас раўнда для самых маладых паэтаў ад іх прагучала і досыць вялікая колькасць вершаў, якія можна назваць ваенна-патрыятычнымі, што хутчэй чакаецца пачуць на якім-небудзь афіцыйным святкаванні, а не ў фармаце моладзевага паэтычнага “батла”. Значна больш патрыятычна гучалі вершы на роднай беларускай мове, якіх было нешмат, але ўсе яны былі па-сапраўднаму пранікнёнымі, шчырымі.  Бо  нават калі па-беларуску апісваць прыроду ці каханне, гэта ўжо сведчыць пра любоў да свайго краю, павагу да свайго народа, яго вытокаў і гісторыі. Прагучалі і вельмі ўзнёслыя лірычныя вершы, што было нават некалькі нязвыкла чуць з вуснаў такіх юных асоб.

Дзяўчынка ў цэнтры - Ганна Левянец з 33-й школы чытала верш "Родная мова". Пасля імпрэзы яна пракаментавала сваё рашэнне напісаць на мове і пра мову: "Усё менш і менш людзей размаўляе па-беларуску, мы пачалі забываць, што жывем у Беларусі. Людзі павінны з павагай адносіцца да роднай мовы, берагчы яе". Вось некалькі радкоў з яе верша, можа не дужа дасканалых, але вельмі кранальных: "...Родная мова - люба матуля Пяшчотна, ласкава да сэрца прытуліць, Ды так, што аж нешта зашчэміць ў грудзі. За шчырасць, лагоднасць і ласку Любі, як чароўную казку, Дык дайце ж мне слова Што будзеце мову любіць Што будзеце больш вы на ёй гаварыць..."
Дзяўчынка ў цэнтры – Ганна Левянец з 33-й школы чытала верш “Родная мова”. Пасля імпрэзы яна пракаментавала сваё рашэнне напісаць на мове і пра мову: “Усё менш і менш людзей размаўляе па-беларуску, мы пачалі забываць, што жывем у Беларусі. Людзі павінны з павагай адносіцца да роднай мовы, берагчы яе”. Вось некалькі радкоў з яе верша, можа не дужа дасканалых, але вельмі кранальных:
“…Родная мова – люба матуля
Пяшчотна, ласкава да сэрца прытуліць,
Ды так, што аж нешта зашчэміць ў грудзі.
За шчырасць, лагоднасць і ласку
Любі, як чароўную казку,
Дык дайце ж мне слова
Што будзеце мову любіць
Што будзеце больш вы на ёй гаварыць…

Паэтычны “батл”, як і любы конкурс, завяршыўся абраннем пераможцаў. У ролі журы выступілі ўсе, хто прысутнічаў на імпрэзе, і кожны мог прагаласаваць толькі за аднаго ўдзельніка з абодвух груп.

Лёсаванне было тайным, але празрыстым і дэмакратычным.
Лёсаванне было тайным, але празрыстым і дэмакратычным.

У выніку сярод школьнікаў першае месца атрымала Ангеліна Каралёва (СШ № 42), другое –  Вераніка Міцько (СШ № 45), а трэцяе – Аліна Палагіна (СШ № 43).

Пераможцам паэтычнага батла сярод удзельнікаў гарадскога літаратурнага клуба “Святліца” стала Паліна Сініцына, на другім месцы апынуўся Арцемій Сакалоўскі, на трэцім – Анастасія Падрабінкіна.

Вынікі конкурсу аб'вяшчае кіраўнік клубу "Святліца" паэтка і педагог Тамара Аўсяннікава
Вынікі конкурсу аб’вяшчае кіраўнік клубу “Святліца” паэтка і педагог Тамара Аўсяннікава

“Тых, хто па-сапраўднаму цікавіцца літаратурай, заўсёды было досыць шмат, але не ўсе яны могуць гэта вынесці на суд, і такія клубы, як наша “Святліца” дапамагаюць чалавеку адчуць сябе больш упэўнена. Калі аўтар, як кажуць, “варыцца ў сваім саку”, ён не бачыць хібаў у сваіх вершах, а на падобных сустрэчах можна паслухаць іншых паэтаў – сваіх равеснікаў, атрымаць параду, пачуць карысныя крытычныя заўвагі” – адзначыла важнасць падобных творчых сустрэч і літаратурных конкурсаў для маладых творцаў кіраўнік “Святліцы” Тамара Пятроўна Аўсяннікава. Спадарыня Тамара – педагог дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар некалькіх кніг паэзіі, а таксама шматлікіх літаратуразнаўчых і публіцыстычных артыкулаў.

Некалькі слоў трэба сказаць і пра сам клуб “Святліца”. Ён распачаў сваю працу ў верасні 2012 года пры дзяржаўнай установе дадаковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Агат” аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва. Сябрамі клуба сталі навучэнцы старэйшага школьнага ўзросту школ і ліцэяў горада, гімназій, студэнты МДУ імя А. Куляшова – тыя, хто цікавіцца літаратурай, журналістыкай, спрабуе пісаць вершы. Вершы і артыкулы ўдзельнікаў клуба стала друкуюцца ў рэгіанальных і рэспубліканскіх газетах і часопісах, а лепшыя творчыя працы па выніках кожнага навучальнага года збіраюцца пад вокладкай іх клубнага выдання  “Святло Святліцы”. За гэты час было выдадзена і некалькі асобных аўтарскіх зборнікаў вершаў некаторых з удзельнікаў літаратурнага аб’яднання.

Застаецца пажадаць творчых поспехаў нашым юным літаратарам, ну і заклікаць іх старэйшых калег больш актыўна падтрымліваць маладое пакаленне ды часцей наведваць гэткія імпрэзы.

Гарадская цэнтральная бібліятэка, якая ўсё яшчэ носіць імя Карла Маркса.
Гарадская цэнтральная бібліятэка, якая ўсё яшчэ носіць імя Карла Маркса.

Алесь Сабалеўскі

Фота аўтара

Related posts

В Могилеве и Горках по проекту ПРООН пройдут бесплатные бизнес-школы для женщин

Дзяжурны адміністратар

Могилевские таможенники посадили деревья

“Мартовские коты” из Кировска стали лучшими на “Мельнице моды” (видео)

Дзяжурны адміністратар