Культура Навіны Магілёва

Паэтычны “Сакавіцкі грак” прыляцеў у Магілёў

Напярэдадні сусветнага Дня паэзіі магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы  разам з бібліятэкай імя Янкі Купалы і пра падтрымцы абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў зладзіла паэтычную імпрэзу “Сакавіцкі грак”.

У нядзелю 19 сакавіка чытальная зала бібліятэкі ледзь змясціла ўсіх аматараў паэтычнага слова. Гасцямі сустрэчы сталі як знакамітыя магілёўскія паэты, так і паэты-пачаткоўцы. Да ўдзелу былі запрошаны аматары паэзіі самых розных узростаў, усе, хто сам піша вершы або чытае на памяць. Больш за дзве гадзіны доўжылася імпрэза,  вершы гучалі не толькі па-беларуску, але і на розных іншых мовах. А на заканчэнні сустрэчы нават быў запачаткаваны новы гарадскі паэтычны конкурс.

Адкрывала імпрэзу Галіна Жмачынская – загадчыца бібліятэкі імя Янкі Купалы.
З уступным словам да свята паэзіі выступіў Алег Дзьячкоў – старшыня гарадской суполкі ТБМ імя Ф.Скарыны. Побач з ім Таня Турандзіна, першакласніца з адзінага ў Магілёве беларускамоўнага класа.

“Мы спачатку мы думалі зладзіць імпрэзу для пачынаючых маладых паэтаў, але вырашылі зрабіць у іншым фармаце. Галоўная ідэя каб вершы змаглі прачытаць усе, хто хоча, а не той, хто ўжо рэалізаваны, масціты аўтар, хто можа як па шаблоне пачытаць. Так і атрымалася. І яшчэ была ідэя не абмяжоўвацца толькі адной беларускай мовай, таму мы запрасілі і з украінскай дыяспары людзей, і на ідыш прагучалі вершы, па польскі і нават па ангельскі, ну і канешне па руску” – пракаментаваў падзею старшыня гарадской суполкі ТБМ імя Ф.Скарыны Алег Дзьячкоў.

Пачалі паэтычныя чытанні юныя ўдзельнікі – вучаніца адзінага ў Магілёве беларускамоўнага класа СШ №34 Таня Турандзіна, вучні СШ № 25 Арцём Новікаў,  Ліза Дзямідава і Макарава Аліна.

Таня Турандзіна, СШ №34
Арцём Новікаў, СШ № 25
Арцём Новікаў, СШ № 25

Наста Падрабінкіна, вучаніца 11 класа ліцэя №1, прачытала свае вершы на беларускай, рускай і англійскай мовах.  Гучалі вершы на украінскай мове ў выкананні Алены Громавай, а Святлана Левянец  чытала вершы і нават праспявала некалькі песень на ідыш.  Песня аб яўрэйскай маці,  якую спадарыня Святлана спачатку выканала на ідыш, а затым на рускай мове, вельмі кранула слухачоў.

Наста Падрабінкіна – маладая і таленавітая паэтка, удзельніца магілёўскага літаратурнага клуба “Святліца”.
Уважлівыя слухачы
Святлана Левянец уразіла ўсіх пранікнёнымі вершамі і спевамі на ідыш.
Святлана Левянец уразіла ўсіх пранікнёнымі вершамі і спевамі на ідыш.
Узнагарода за вершы – шчырыя апладысменты.

З вядомых магілёўскіх літаратараў на свяце паэзіі прысутнічалі Тамара АўсяннікаваМіхась Булавацкі і Таццяна Барысік.

Тамара Аўсяннікава, літаратар, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, кіраўнік паэтычнага клуба “Святліца”
Міхась Булавацкі, настаўнік, паэт і перакладчык, сябра СБП.
Таццяна Барысік, літаратар, сябра СБП.
Вершы на паэтычным свяце чыталіся самыя розныя - і сумныя і вясёлыя, як вядомых паэтаў-класікаў, так і проста аматарскія.
Вершы на паэтычным свяце чыталіся самыя розныя – і сумныя і вясёлыя, як вядомых паэтаў-класікаў, так і проста аматарскія.
Ніхто не застаўся абыякавым да вершаванага слова, усе прысутныя атрымалі вялікае задавальненне.
Ніхто не застаўся абыякавым да вершаванага слова, усе прысутныя атрымалі вялікае задавальненне.

Імпрэза была надзвычай цікавая і зацягнулася амаль на дзве гадзіны.

Напрыканцы сустрэчы Тамара Аўсянікава прапанавала запачаткаваць паэтычны конкурс, які  можна было б так і праводзіць у Дзень паэзіі. Яна ўзгадала, што некалі ў Магілёве ладзіўся падобны літаратурны фестываль для паэтаў-пачаткоўцаў  “Пластылінавы бусел”.  Ён доўжыўся на працягу сямі гадоў і даў добры старт немалай колькасці магілёўскіх паэтаў.  Фестываль у свой час нават перарос межы горада і стаў міжнародным.

Прысутныя вельмі актыўна падтрымалі ідэю і нават адбылося галасаванне за яе, пры чым падтрымка была амаль адзінагалосная. Атрымалася, што сённяшняя сустрэча фактычна сталася ўстаноўчым сходам новага паэтычнага фэсту. Спадарыня Тамара прапанавала і назву конкурсу – “Сакавіцкае рэха”, што было ўсімі прынята. Адразу з’явіліся і прапановы. Настаўнік, паэт і перакладчык Міхась Булавацкі прапанаваў, каб новы паэтычны конкурс доўжыўся на працягу ўсяго года, у некалькі этапаў, а “Сакавіцкае рэха” сталася б яго фіналам.  Было адзначана, што вельмі добра падыходзіць для правядзення такога конкурсу і памяшканне бібліятэкі, тым больш што зараз яна носіць імя нашага вялікага паэта-песняра Янкі Купалы. Спадзяёмся, што аматары паэзіі гэтак жа актыўна падтрымаюць новы фестываль як сваімі справамі так і ўдзелам у ім.

Бібліятэка імя Янкі Купалы (філіял №9 гарадской бібліятэкі) месціцца па адрасе праспект Дзімітрава, дом 55.
Бібліятэка імя Янкі Купалы (філіял №9 гарадской бібліятэкі) месціцца па адрасе праспект Дзімітрава, дом 55.

Пра паэзію, цікаўнасць да яе магілёўцаў,  і пра сёняшнюю падзею пасля імпрэзы паразмаўлялі з арганізатарамі свята:

“Цяга да паэзіі ёсць, хоць можа і не такая, як калісьці раней.  Але трэба для гэтага рабіць крокі, прапагандаваць, вось як напрыклад на сённяшнім мерапрыемстве. Я вяду паэтычны гурток, у якім у асноўным рускамоўныя маладыя людзі, але ўжо  некаторыя паступова пераходзяць і да беларускай мовы, і я рада гэтаму. Узровень сучаснай беларускай паэзіі досыць высокі, ёсць шмат вельмі цікавых і магілёўскіх аўтараў. Многа і пачынаючых, але якім патрэбна дапамога. Вось Наста Падрабінкіна прыйшла да мяне ў сёмым класе, а зараз ужо ў адзінаццатым, і мы з ёй пачыналі з беларускіх вершаў, можа спачатку ў яе вершы былі і недасканалымі, але калі падказваеш, дапамагаеш у станаўленні, зрухі вельмі вялікія”  – распавяла Тамара Аўсянікава.

Загадчыца бібліятэкі імя Янкі Купалы Галіна Жмачынская расказала пра сваю працу і цікаўнасці чытачоў: “Ёсць нямала чытачоў, якім падабаецца паэзія, мы і выставы адмысловыя ладзім, дні паэзіі. Цікаўнасць да вершаў не знікае, гэта паказала і сённяшняя імпрэза, хоць канешне чытаюць больш расейскіх класікаў – Пушкіна, Ясеніна.  Зараз мы кожны чацвер праводзім дзень беларускай мовы. Мы заўсёды выстаўляем у фае кнігі нашых пісьменнікаў, і, звярну ўвагу, што чытачы абавязкова падыходзяць, знаёмяцца з выданнямі. Чым больш мы будзем звяртаць увагу на нашу мову, тым больш яна будзе пашырацца і гучаць”.

“Сёння былі і моладзь, і ва ўзросце людзі, і зусім маленькія дзеткі. Прыйшлі нашы таленавітыя дзяўчынкі з першага беларускага класа. Нам трэба пашыраць інфармацыю пра беларускамоўнае навучанне, а нашых цудоўных дзетак найчасцей запрашаць на падобныя імпрэзы. Дзякуй і супрацоўнікам бібліятэкі за падтрымку нашых культурніцкіх мерапрыемстваў”, – падсумаваў падзею Алег Дзьячкоў.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.

апошія запісы

Могилевские таможенники не пропустили 30 тонн зерна из России в Беларусь

Дзяжурны адміністратар

Музейные занятия «Широкая Масленица» проводятся в Климовичском краеведческом музее

Дзяжурны адміністратар

Талькаўскі фестываль

Дзяжурны адміністратар 2