Культура Навіны Шклова

Шклоўская святыня ў чаканні цудаў Божага Нараджэння (фотарэпартаж)

Сёлета ў Шклоўскім касцёле Пятра і Паўла адбыліся значныя падзеі. Менавіта сёлета спаўнілася 170 год (12 жніўня 1849 года), калі шклоўскі касцёл быў асвечана магілёскім архібіскупам Казімірам Дмахоўскім і 20 год (21 верасня 1999 года) калі нанава адбылося асвячэнне адноўленай святыні кардыналам Казімірам Свёнткам.

З гэтай нагоды ў храме былі праведзены рамонтна-будаўнічыя работы, вонкава і ў нутры пафарбаваны будынак, часткова адноўлена тынкоўка і зроблены два ветражы, праведзена іншая падрыхтоўчая праца.

У нядзелю 22 верасня гэтага года ў Шклове адбылася святочная ўрачыстасць прысвечаная 20-годдзю з таго гістарычнага моманту, калі ў горадзе быў нанава асвячаны касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў адроджанай шклоўскай святыні з гэтай нагоды ўзначаліў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. Падзяліць з католікамі Шклова радасць гэтай падзеі сабраліся таксама святары і вернікі з суседніх парафій. Зараз Шклоўскія вернікі рыхтуюцца свята Божага нараджэння.

У нядзельнай прамове 15 снежня ксёндз-пробашч Аляксандр Шупенька нагадаў вернікам: “Свята Божага Нараджэння нагадвае нам пра пачатак нашага збаўлення, дае надзею. Для таго, каб перажыць яго належным чынам, варта рыхтавацца да свята загаддзя, а дакладней — быць падрыхтаваным да яго заўсёды. Таму Калядам папярэднічае перыяд Адвэнту. Адпаведна, Адвэнтам можна назваць усё нашае жыццё — час, дадзены нам Богам для таго, каб крочыць да збаўлення, час падрыхтоўкі да сустрэчы са Збаўцам”.

Гістарычная даведка:  Каталіцкая грамада ў Шклове існуе з XVI стагоддзя, першы касцёл згадваецца ў 1669 годзе. Былы прыходскі касцёл, пабудаваны ў 1784 годзе, быў драўляным. Пляц, дзе размяшчаецца цяперашні храм, ахвяравала прыходу ў 1838 годзе генерал-маёрша графіня Марыя Цуката. На ім знаходзіўся будынак старадаўняга тэатра, пабудаванага былым уладальнікам Шклова С. Г. Зорычам у 1780 годзе, які пасля пераезду тэатральнай трупы ў 1800 годзе ў Санкт-Пецярбург прыйшоў у заняпад. Будынак быў напалову двух-, напалову трохпавярховы, без даху, вокнаў і падлогі, на сценах месцамі меліся трэшчыны. Даўжыня яго без залы складала 45 аршын, шырыня 18 аршын, прымыкаючая зала мела памеры 48х18 аршын. Губернскае праўленне выдала дазвол на перабудову каробкі былога тэатра ў касцёл, бо ніякай вартасці яна не ўяўляла, акрамя як на разборку. Указ імператара, які зацвярджаў за касцёлам былы тэатральны будынак, быў падпісаны ў 1846 годзе. Будынак быў узведзены за два гады. Згодна з рапартам настаяцеля касцёла, у 1847 годзе паводле плана выканалі разборку часткі старых сцен, узвядзенне ад падмуркаў сцен алтара і прэсбітэрыя з рызніцай і кладоўкай, мураванай сцяны для размяшчэння аргана, а пад ім двух кладовак, унутры касцёл ачысцілі ад друзу. У наступным годзе будаўнічыя працы былі завершаны: дах накрылі гонтам, вежу — «англійскай» бляхай, атынкаваны ўнутраныя сцены, столі, калоны, скляпенні. Пры аглядзе храма магілёўскім архібіскупам было заўважана, што будынак узведзены з некаторымі адступленнямі ад плана. У прыватнасці, замест шасці калон усярэдзіне пастаўлены чатыры, на фасадзе ўвогуле паказаныя на праекце калоны не зроблены. На перабудове касцёла архібіскуп ужо не настайваў, пагадзіўся «пакінуць як ёсць», толькі рэкамендаваў зрабіць дзверы ў рызніцу. Храм быў асвячоны 12 жніўня 1849 года ў гонар Святых Апосталаў Пятра і Паўла. У 1930-я гады будынак быў адабраны ў вернікаў і ператвораны ў кінатэатр. І толькі ў 1994 годзе ў Шклове аднавілася каталіцкая парафія. У 2007 годзе будынак быў занесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Алесь Грудзіна

апошія запісы

Цынічная гісторыя ілжэШклова

Дзяжурны адміністратар

Расписание праздничных Рождественских богослужений в храмах Могилева

Дзяжурны адміністратар

В Бобруйске появится музей авиации

Дзяжурны адміністратар