
У Касцюковічах развіталіся з Мікалаем Малахавым

Мікалай Малахаў
У Касцюковічах 25 лістапада праводзілі ў апошні шлях вядомага грамадскага дзеяча Магілёўшчыны, даўняга сябра Партыі і Руху БНФ “Адраджэнне”, шматгадовага рэдактара газеты “Заклік” Мікалая Малахава.
Мікалая Васільевіча добра ведалі на Магілёўшчыне як аўтарытэтнага чалавека, які карыстаўся сапраўднай павагай у сваіх таварышаў і землякоў за прынцыповую грамадзянскую пазіцыю, за шчыры характар і ўважлівасць да праблем іншых людзей.
М.Малахаў быў адным з тых, хто ад самага пачатку стаяў ля вытокаў стварэння на Магілёўшчыне філій Беларускага народнага фронту, займаўся справамі адраджэння беларушчыны, доўгі час рэдагаваў незалежную газету «Заклік». За сваю грамадскую дзейнасць яму давялося напоўніцу зведаць пераслед з боку мясцовых уладаў.
Развітацца з Мікалаем Малахавым прыйшло каля паўсотні чалавек. Разам з роднымі і суседзямі, праводзіць Міхаіла Васільевіча ў апошні шлях і аддаць даніну памяці гэтаму цудоўнаму чалавеку прыехалі яго сябры і аднадумцы з розных рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, актывісты Партыі БНФ, журналісты.
Пахавалі Мікалая Малахава пад бел-чырвона-белым сцягам на могілках у Касцюковічах побач з заўчасна сыйшоўшым з жыцця сынам.
Барыс Вырвіч