У Слаўгарадзе мясцовая раёнка заклікае падпісацца на газету з дапамогай фота сябра Партыі БНФ

У Слаўгарадзе мясцовая газета “Прысожскі край” размясціла на сваім інтэрнэт-сайце абвестку з заклікам падтрымаць раёнку і падпісацца на выданне да 25 снежня 2019 года. Асноўную частку матэрыяла займае вялікі фотаздымак ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фелікса Шкірманкова з газетай “Прысожскі край” у руках.

Фелікс Шкірманкоў. Фота: “Прысожскі край”

“Пачалася падпісная кампанія на раённае, абласныя і рэспубліканскія друкаваныя выданні. Да 25 снежня ўсе жадаючыя змогуць стаць падпісантамі на «Прысожскі край» і падтрымаць раёнку! Нагадваем, што аформіць падпіску на наша выданне вы можаце па ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Зрабіце прыемны сюрпрыз сваім блізкім, аформіце падпіску на ваш «ПК»!, – пішацца ў нататцы.

Фелікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 году ў Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. Ён вэтэран вайны, даўні сябар Партыі БНФ і ТБМ імя Францішка Скарыны. У 2005 годзе быў найстарэйшым дэлегатам Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі.

З ліпеня 1941 г. актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху. У лістападзе 1943 года цяжка паранены. Пасля закачэння ваенна-інжынернай вучэльні ў званні малодшага лейтэнанта накіраваны на 4-й Украінскі фронт камандзірам сапёрнага ўзводу. Вайну скончыў пад Прагай. Падчас вайны чатыры разы паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, дзьвума ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені, “За Перамогу над Германіяй”. Пасля вайны служыў у органах дзяржбяспекі, працаваў у геолагаразведцы на Далекім Усходзе, быў старшынём Слаўгарадскага савета дэпутатаў.

Фелікс Шкірманкоў друкаваўся ў часопісах “Полымя” і “Нёман”, штотыднёвіку “ЛіМ”, крычаўскай газеце “Вольны горад”. Выдаў каля трыццаці кніжак вершаў і прозы. З’яўляеца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Сяргей Семяновіч

Comments are closed.

Яндекс.Метрика