Яндекс.Метрика
Навіны Горак Палітыка і грамадства

Валянцін Стэфановіч: “Службовыя асобы Горацкага райвыканкама наносяць істотную шкоду іміджу нашай краіны”

Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў заяву старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта па факце прымусовай працы па прыборцы морквы і буракоў у Горацкім раёне.

Валянцін Стэфановіч. Фота spring96.org

Як стала вядома праваабаронцам з публікацыі на сайце onliner.by, яшчэ 6 верасня Горацкім райвыканкамам было выдадзена распараджэнне аб прыцягненні супрацоўнікоў розных дзяржпрадпрыемстваў г. Горкі на прыборку гародніны колькасцю 100 чалавек у дзень у перыяд з 10 да 29 верасня.

Распараджэнне было падпісана не толькі старшынёй Горацкага райвыканкама Сяргеем Кулагіным, але і шэрагам службовых асобаў: першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргеем Шацкім, кіруючай справамі Наталляй Кавалёвай, загадчыцай юрыдычнага сектару Аленай Кажэка.

Да яго прыкладзены спіс з 20 арганізацый г. Горкі, а кантроль за выкананнем распараджэння ўскладзены на першага намесніка Сяргея Шацкага і намесніка, адказнага за сацыяльную сферу і ідэалагічную працу Сяргея Пруднікава.

“Дадзеныя абставіны сведчаць аб тым, што распараджэнне Горацкага райвыканкама абавязкова для выканання кіраўнікамі названых арганізацый, якія ў мэтах выканання распараджэння абавязаны накіраваць сваіх супрацоўнікаў на працу ў прадпрыемства ААТ “Горацкае” у працоўны час, што ў сваю чаргу надае гэтаму распараджэнню відавочны мабілізацыйны характар.

Ніякіх указанняў на добраахвотнасць накіравання работнікаў названых прадпрыемстваў на ўборку гародніны, а таксама якіх-небудзь спасылак на нормы дзеючага працоўнага заканадаўства, якое дазваляе такога роду «накіраванне» работнікаў, у распараджэнні не ўтрымоўваецца”, – адзначае ў сваёй заяве Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца лічыць, што выдадзенае распараджэнне не адпавядае дзеючаму нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, а яго выкананне прыводзіць да парушэння правоў грамадзянаў у форме прыцягнення іх да прымусовай працы.

Акрамя гэтага ў звароце Валянцін Стэфановіч указвае, што 8-9 кастрычніка 2018 года ў Камітэце ААН па правах чалавека ў Жэневе будуць праходзіць слуханні ў сувязі з прадастаўленнем Рэспублікай Беларусь перыядычнай справаздачы аб выкананні палажэнняў Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ў тым ліку забараняе прымянення прымусовай працы (арт. 8 МПГПП).

Таксама Камітэтам ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах распачатая працэдура справаздачы Рэспублікі Беларусь аб выкананні адпаведнага Пакту. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі, у сваю чаргу, таксама рыхтуюць справаздачы ў Камітэт, у якіх абавязкова адлюструюць падобнага роду выпадкі прымянення прымусовай працы, што маюць у Беларусі сістэматычны характар.

“Такім чынам, выдаючы распараджэння аб прыцягненні грамадзян да прымусовай працы, службовыя асобы Горацкага райвыканкама, акрамя ўсяго іншага, наносяць істотную шкоду іміджу нашай краіны на міжнародным узроўні”, – падкрэсліў праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч просіць Магілёўскі аблвыканкам адмяніць незаконнае распараджэнне старшыні Горацкага райвыканкама Сяргея Кулагіна і прыцягнуць яго да дысцыплінарнай адказнасці.

Аналагічную заяву праваабаронца накіраваў і пракурору Горацкага раёна, якога папрасіў правесці пракурорску праверку, адмяніць распараджэнне Горацкага райвыканкама, а таксама прыняць меры пракурорскага рэагавання ў дачыненні да старшыні Горацкага райвыканкама.

Нагадаем, гэта не першы выпадак, калі Валянцін Стэфановіч прыцягвае ўвагу пракуратуры да праблемы прымусовай працы і парушэння працоўнага заканадаўства. Так, праваабаронца звяртаўся з неаднаразовымі заявамі ў пракуратуру Мінскай вобласці па факце гібелі вучаніцы Маладзечанскай школы Вікторыі Папчэні на прыборцы бульбы 29 верасня 2016 года, а таксама па факце прымусовай працы на прыборцы ўраджаю кукурузы ў Вілейскім раёне ў лістападе 2016 года, сенакосу ў Глускім раёне ў чэрвені таго ж году і інш. Валянцін Стэфановіч не аднойчы падкрэсліваў, што прымусовая праца ў Беларусі носіць сістэмны і сістэматычны характар.

Крыніца: spring96.org

апошія запісы

Апостальскі нунцый у Беларусі наведае Магілёў

Дзяжурны адміністратар

Могилевчане – за хорошие дороги!

Дзяжурны адміністратар 2

Жители Быхова новый год встречали с ржавой водой