TV Культура Навіны Магілёва

Вяртанне невядомай класікі (відэа)

Прэзентацыя кнігі рэпрэсаванага беларускага паэта Юлія Таўбіна прайшла 26 верасня ў магілёўскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы. Ініцыявала імпрэзу гарадская суполка Таварыства беларускай мовы імя Скарыны, а прадставіў новую кнігу яе ўкладальнік Андрэй Хадановіч, вядомы беларускі літаратар, перакладчык і бард.

 

Імпрэза сабрала паблізу 30-ці чалавек, якія ледзь змясціліся ў невялічкай залі бібліятэкі

 


АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ, беларускі паэт, філолаг і перакладчык, літаратуразнаўца і бард

 

Юлій Таўбін (Юдаль Абрамавіч Таўбін) – беларускі паэт і перакладчык, нарадзіўся ў 1911 годзе ў гарадку Астрагожск Варонежскай губерніі ў сям’і аптэкара. У 1921 годзе пераехаў з бацькамі ў Мсціслаў, дзе спачатку закончыў сямігодку, а потым Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум.

 

Дэбютаваў паэт у 1926 годзе вершам, надрукаваным у клімавіцкім  часопісе “Маладняк Калініншчыны”, увосень 1930 года выйшаў першы зборнік вершаў “Агні”. Тагачасная крытыка ставілася да паэта насцярожана, яго абвінавачвалі ў “рабскіх адносінах да старой буржуазнай літаратуры”.

 

Юлій Таўбін быў арыштаваны ў канцы лютага 1933 і прыгавораны да двух гадоў ссылкі. Нагодай для першага арышту Юлія Таўбіна стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амерыку. Тэрмін адбываў у Цюмені, але ў 1936 годзе быў паўторна арыштаваны і этапаваны ў Мінск. 29 кастрычніка 1937 года выязная сесія ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла паэта да расстрэлу.

Урывак з верша “Люблю я край, дзе вечары…”
 
Люблю я край, дзе вечары
Ў далёкім небе сцелюць столкі
І промні ранішняй зары
Вітаюць юныя пасёлкі.
 
Там дымнай заніззю палі
Не будуць звіты і затканы,
Там буры-ветры размялі
Сляды забытага кургана…
 
…А потым прыйдзе лістапад, –
І восень смуглая угледзіць,
Як будзе вецер лашчыць сад
І граць на яблынькавай медзі.
 
Ах, гэты край нізін і круч,
Равы, суглінкавыя пашы…
Табе ў адзнаку – “Беларусь”
Надалі назву продкі нашы.
 
Люты, 1928, Мсціслаў

 

Андрэй Хадановіч вельмі падрабязна распавёў пра лёс паэта, яго творчасць і спадчыну. Магілёўцы пачулі нататкі і ўспаміны сяброў Юлія Таўбіна, паслухалі яго, надзвычай таленавітыя і вельмі сучасныя па гучанні, вершы ў выкананні Хадановіча.

 

​”Бонусам” для прысутных стаўся выступ музыкаў

 

Сюрпрызам для магілёўцаў стаўся выступ удзельнікаў музычнага гурта “Балцкі субстрат” Максіма Іўкіна і Юрася Несцярэнкі, якія выканалі некалькі сваіх твораў на вершы Юлія Таўбіна. Адна з кампазіцый нават была выканана ўпершыню на публіцы.

На прыканцы вечара Андрэй Хадановіч, як укладальнік новай кнігі вершаў Юлія Таўбіна, падпісаў асобнікі для ўсіх ахвочых.

 

Алесь Сабалеўскі. Фота і відэа аўтара.

апошія запісы

“Не хачу нікога трахаць”. Юрый Дудзь апублікаваў інтэрв’ю з беларусам Алегам ЛСП

На “Могилевдреве” с интересом ознакомились с публикацией UDF.BY. Ответ коллектива

Магілёўцы працягваюць адзначаць 100-годдзе БНР (фота)