Яндекс.Метрика
Навіны Магілёва Палітыка і грамадства

«Я на двары паламала нагу». Жыхары Магілёва пакутуюць праз адсутнасць дарогі і асвятлення

Адсутнасць асвятлення, дрэнныя дарогі – тыповыя камунальныя праблемы, якія самі не развяжуцца. За іх трэба брацца як жыхарам, гэтак і адказным установам. Жыхары дому № 97 на вуліцы Крупскай у Магілёве ўжо трэці год атрымліваюць ад уладаў абяцанні развязаць праблемы, але нічога не мяняецца.

Людзі пакутуюць на яміны ў дваравым праездзе і на сталы бруд пад нагамі. Сітуацыю пагаршае адсутнасць вонкавага асвятлення на двары – ісці ў гразі па ямінах прыходзіцца ў поўнай цемры, гэта павялічвае небяспеку ў разы. Можна ўпасці, што ў прынцыпе і адбывалася ўжо не аднойчы.

«Я зламала нагу ў нас на двары»

«Увечары лішні раз нават не выходзім, стараемся зрабіць усе справы, пакуль светла, – кажа пенсіянерка Эльвіра Строева. – У нас асвятлення няма. Не тое, што лямпачкі не гараць, тут саміх ліхтароў, як такіх, няма. Я на двары ў нас паламала нагу. Вы можаце сабе ўявіць? Ішла, стала ў ямку, спатыкнулася і – гатова».

На думку Эльвіры, да каго-небудзь звяртацца – гэта глухі нумар:

«Я ўжо ўсё спрабавала. Здароўе і нервы цяпер не тыя, каб з імі змагацца. У мяне столькі адказаў ёсць, што нам усё зробяць, але ж так і не зрабілі».

Цемра хавае яміны і бруд. Усе фота: Васіль Коркін / Belsat.eu

«Мне больш за ўсіх не трэба»

«У 2018 годзе пасля маіх зваротаў нам абяцалі зрабіць двор праз некалькі тыдняў, а потым перазванілі і сказалі, што ўсе сродкі сышлі на іншы двор. Я хацела ў якасці пратэсту арганізаваць людзей, каб проста ўсе суседзі не заплацілі за кватэры. Але, канешне, гэта складана і я гэтым не займалася. Пасля гэтага я расчаравалася, мне больш за ўсіх не трэба», – кажа Эльвіра Строева.

Адрамантаваць дваравую тэрыторыю ўлады абяцалі яшчэ ў 2018 годзе

І ўсё ж такі справа зрушылася з месца. Дзякуючы зваротам на пад’ездах з’явіліся лямпачкі з дэтэктарам руху. Гэтая паўмера праблему не вырашыла, бо лямпачкі асвятляюць толькі сам уваход, а падыход да падʼезду і двор засталіся ў цемры.

«Вось пакуль я не дайду да самога падʼезду, не стану на ганак, лямпачка тая не загараецца», – кажа Эльвіра.

З ліхтароў – толькі лямпачкі ля пад’ездаў, але як дайсці да самога падʼезду?

Мы спраўдзілі: датчык на рух працуе толькі ў 3 з 4 падʼездах.

Грэйдар дапамог на тры дні

Жыхары распавядаюць, што калі яны сфатаграфавалі лужыны і «даслалі фотаздымкі ў інтэрнэт», то хутка прыехаў грэйдар і больш-менш падраўняў дарогу. Але эфект ад такога рамонту праз нейкі час знік – машыны хутка разнеслі шчэбень, адкрыліся яміны. У сухое надворʼе яміны не бачныя, а вось як пойдзе дождж…

«Гэта крык абуральнага ў пустыні. Праблемы пачаліся, калі побач з нашым домам сталі будаваць краму: хадзілі велікагрузныя машыны, якія прывозілі матэрыял. Крама так і не адчынілася, а мы засталіся з разбітай дарогай. Тыя латкі – пустое. Грошы засвоілі і справаздачы, што была нейкая праца, напісалі. І нікога не хвалюе, што грошы былі страчаныя ўпустую», – кажа мясцовы жыхар Міхаіл.

Гэтыя фоткі падзейнічалі: у двор даслалі грэйдар, але эфект адчуваўся ўсяго некалькі дзён

На думку Міхаіла, пасля грэйдара бруду стала яшчэ болей: «Я расчараваны цалкам і прыйшоў да такой высновы: кожны хвалюецца за ўласны гаманец і больш ні за што. Зрабіць так, каб людзям было зручна – гэта не пра наша жыццё».

Ні ходнікаў, ні паркоўкі

Дом № 97 на вуліцы Крупская быў пабудаваны ў 1970 годзе. Але будаваўся ён без парковак – на той час гэта адпавядала патрабаваннем жыхароў. Сёння ж у людзей з’явіліся машыны і праз адсутнасць паркоўкі іх прыходзіцца ставіць на зялёнай зоне паміж дрэвамі. Канешне, ад газону не засталося і следу, уся зямля разносіцца калёсамі па двару.

Дом будаваўся па савецкаму праекту, а значыць, паркоўка не была прадугледжана

У двары таксама адсутнічае ходнік – людзі вымушаныя ісці па дарозе, дзе з машынай ужо цяжка размінуцца. Зноўку, пад нагамі яміны і бруд.

«З 90-ых гадоў, як у нашай дзяржаве ўсё рухнула, ніхто не звяртае ўвагу на наш двор. Мы пішам [скаргі. – Belsat.eu] з 2016 года, але ніхто не разумее нашых праблемаў. Нам патрэбны асфальт, каб мы маглі ісці па роўнай дарозе. Нават ходнік не трэба, але адрамантуйце дарогу», – кажа жанчына, якая пажадала застацца не названай.

«Я таксама хачу хадзіць у чыстым абутку»

Яшчэ некалькі жыхароў, якіх мы сустрэлі на двары, цалкам падтрымалі патрабаванні суседзяў.

«Асноўны момант – гэта асфальт, каб было менш бруду. Я ўсё жыццё тут жыву і хачу, каб мой двор быў прыгожы і акуратны. Я таксама хачу хадзіць у чыстым абутку, а не па бруду», – сказаў жыхар дому Андрэй.

«Забруджаны ўвесь двор. Праз адсутнасць асвятлення не бачна, дзе можна абыйсці гэты бруд», – кажа іншы жыхар Артур.

Жыхары, як адзін, наракаюць на разбітую і брудную дарогу. На фота – мясцовы жыхар Артур


Наталля Ладзік

, яшчэ адна жыхарка дому, спяшаецца на працу, але з намі пагаварыць спынілася:

«Я часта выклікаю таксі даехаць куды-небудзь, яны нават адмаўляюцца сюды заязджаць, бо тут дарога невыносная. Хуткая дапамога таксама цярпіць ад гэтых ямінаў. Вы проста прыйшлі ў такі момант, калі суха. А вось прыйдзіце, калі дождж – ніхто дасюль не даязджае, бо далей – проста месіва і гэта страшна».

Ладзік Наталля запрашае вярнуцца ў двор у дождж і паглядзець, ва што ператворыцца гэтая дарога

Мікушкіна Алена

вяртаецца з працы і таксама далучаецца да абмеркавання камунальных праблемаў: «Зараз рана цямнее, ісці страшна, хто з працы, а хто і са школы. Хоць бы адзін ліхтар паставілі пасярод двара. На нашым падʼездзе мы самі лямпачкі ставім, ужо пятую па ліку ўкруцілі».

Дэпутаты не вырашаюць праблемы людзей

Праблемамі жыхароў дому № 97 па вуліцы Крупскай прасякнуўся грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі. Ён узяў усе папярэднія адказы чыноўнікаў і разам з новым зваротам даслаў іх у Магілёўскі аблвыканкам. На момант нашай сустрэчы яму як раз прыйшоў адказ.

«Магілёўскаму гарвыканкаму даручана ўключыць у план добраўпарадкавання на 2020 год і дарожны праезд каля дому № 97 па вуліцы Крупская, а таксама выканаць будаўніцтва лініі вонкавага асвятлення», – сказана ў адказе Магілёўскага аблвыканкаму за подпісам намесніка старшыні Руслана Пархамовіча.

Грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі

Але жыхары скептычна ставяцца да адказу чыноўніка – маўляў, не першы раз абяцаюць. Аляксей запэўнівае, што будзе сачыць за сітуацыяй і дабівацца развязання праблемы.

«Чаму я вымушаны займацца працай, за якую дэпутаты і чыноўнікі атрымліваюць грошы? Гэта іх справа: навесці парадак, тым больш, жыхары ўжо не аднаразова звярталі ўвагу на свой двор, а іншыя чыноўнікі пацвярджалі неабходнасць рамонту. Канешне, у нас гатовыя любыя грошы спусціць на выбары, але толькі не на рэальныя справы. Выбары не паляпшаюць жыццё людзей. Адзін так званы дэпутат плача перад камерамі, а гэта ягоная акруга, лепей бы ён прыйшоў у гэты двор і тут паплакаў, якая тут дарога і як тут цёмна раніцай і ўвечары», – сказаў Аляксей Паўлоўскі.

Сярод вялікай колькасці праблемаў галоўнай застаецца дарога і вулічнае асвятленне

Рэдакцыя «Белсату» абяцае сачыць за развязаннем праблемы.

Вольга Васільева, фота Васіль Коркін, Belsat.eu

 

апошія запісы

Магілёў названы горадам з самым брудным паветрам

Дзяжурны адміністратар 2

Как выглядит белорусский бройлерный король Евгений Баскин на фоне мясных гигантов ЕАЭС

Большой пикник удивил всех (видео)

Дзяжурны адміністратар