Яндекс.Метрика 36 вагонаў з Магілёва. Як людзей з ўсёй Беларусі зганяюць на праўладны мітынг у Менску - Магілёўскі Рэгіён

36 вагонаў з Магілёва. Як людзей з ўсёй Беларусі зганяюць на праўладны мітынг у Менску

З усёй Беларусі ўлады зьбіраюць людзей, каб зладзіць у нядзелю вялікі праўладны мітынг. Радыё Свабода даведалася, як на яго зьбіраюць удзельнікаў.

Як вынікае з паведамленьняў у сацыяльных сетках, у Менску 25 кастрычніка вырашылі сабраць грандыёзны мітынг у падтрымку Лукашэнкі. Папярэдні задуманы такім чынам мітынг быў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 16 жніўня. На ім выступіў Лукашэнка.

Праўладны мітынг на Плошчы незалежнасьці 16 жніўня

 

Магілёў

«На выходныя ў пятніцу ці суботу толькі з Магілёва выяжджаюць цэлыя два цягнікі па 18 вагонаў у Менск на праўладны мітынг», — расказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці супрацоўнік чыгункі.

Два цягнкі па 18 вагонаў — гэта больш за тысячу чалавек.

Некаторых людзей прымушаюць ехаць пад пагрозай не працягнуць кантракт.

«Філіі ААТ „Булачна-кандытарская кампанія „Домочай““ Магілёўскай вобласьці, у тым ліку раённыя філіі (да прыкладу, Касьцюковічы, Клімавічы) пад зусім зьлёгку прыкрытай пагрозай звальненьня / непадаўжэньня кантракту прымушаюць ехаць 25 кастрычніка ў Менск на мітынг за Лукашэнку. Кіроўны склад мусіць быць абавязкова», — паведамляе чытач Свабоды.

 

Гомель

Паведамленьні пра масавы збор супрацоўнікаў дзяржаўных установаў на паездку ў Менск 25 кастрычніка прыходзяць амаль з усіх рэгіёнаў.

«У Гомлі ў школах зьбіраюць людзей для паездкі 25 кастрычніка ў Менск. Людзі адмаўляюцца, таму едуць у асноўным дырэктары і завучы», — піша чытач з Гомля.

На пэўных прадпрыемствах у гэтым горадзе за такую паездку абяцаюць на працы два адгулы.

У Менск запрашаюць паехаць і супрацоўнікаў «Гомсельмашу», за што абяцаюць два адгулы.

 

Полацак

З Полацку ў Менску людзей зьбіраюцца прывезьці ўжо а 7-й раніцы. Зь якой мэтай, адкрыта ня кажуць.

«Ад кожнай установы адукацыі ў Полацку паступіла распараджэньне адправіць па 6 чалавек (прынамсі з дашкольных установаў) 25 кастрычніка ў Менск. Будуць арганізаваныя аўтобусы з прыбыцьцём да 7:00 у Менск, вяртаньне ў Полацак прыкладна да 19.00. Наконт аплаты нічога не ўдакладняецца. Фармат мерапрыемства, маршрут і гэтак далей не ўдакладняюцца», — паведамляюць чытачы.

 

Горадня

Найбольш масава, як відаць з паведамленьняў, зьбіраюць пэдагогаў.

«Я працую ва ўстанове адукацыі ў Горадні. Сёньня з аддзелу адукацыі было распараджэньне сабраць 5 чалавек для паездкі ў Менск», — піша чытачка Свабоды.

 

Менск

Не адстае і сталіца. На праўладны мітынг, з словаў нашых чытачоў, зьбіраюць супрацоўнікаў заводу «Крышталь».

«Пад пагрозай звальненьня ўсім загадваюць ісьці на праўладны мітынг 25 кастрычніка», — паведамляюць супрацоўнікі гэтага прадпрыемства.

У 13-й гімназіі Менску, як пішуць чытачы, прымушаюць удзельнічаць у мітынгу пад подпіс. За адмову пагражаюць звальненьнем.

У Міністэрстве адукацыі пры гэтым паведамілі, што «ніякіх агульных мерапрыемстваў ад міністэрства на заплянавана».

На некалькіх іншых прадпрыемствах, адкуль прыходзіла інфармацыя, афіцыйна пра паездку нам не сказалі: «Штосьці такое чулі, але ніякай канкрэтыкі».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.