Ад чаго залежаць настрой і рашэнні Лукашэнкі пасля наведвання сельгаспрадпрыемстваў?

Падводзячы вынікі наведвання 15 мая 2020 г. шэрагу сельскагаспадарчых аб’ектаў Віцебшчыны, А.Лукашэнка станоўча ацаніў на нарадзе ў Віцебскім раёне вопыт вобласці па стварэнні інтэграцыйных структур у сельскай гаспадарцы.

Арганізатары працоўнай паездкі кіраўніка краіны на Віцебшчыне паспяхова сумелі паказаць менавіта тыя аб’екты, якія хацелі паказаць. І гэта ў іх атрымалася – Лукашэнка пабачыў добра засеяныя палі, чыстых кароў на ферме, падрыхтаваную сельскагаспадарчую тэхніку.

Віцябляне ўлічылі недахопы і прамашкі сваіх калегаў з Магілёўшчыны, дзе, пры наведванні аграхолдынга “Купалаўскае” Шклоўскага раёна 26 сакавіка 2019 года, Лукашэнка пабачыў “абасраных” кароў, разрабаваную сельскагаспадарчую тэхніку, забруджаную гноем ферму. Тая працоўная паездка для шматлікіх чыноўнікаў закончылась адстаўкай.

У час нарады Лукашэнка даручыў распаўсюдзіць вопыт Віцебскай вобласці па стварэнні інтэграцыйных структураў (у рэгіёне створана сем інтэграцыйных структур) на іншыя рэгіёны краіны, пры гэтым пакінуўшы па-за ўвагай – у што, у фінансавым плане, выліўся гэты “вопыт” для дзяржаўнага бюджэта.

Аб першым пачыне па стварэнні чатырох буйных аграхолдынгаў у Віцебскай вобласці, куды павінны былі ўвайсці 37 прадпрыемстваў з 15 раёнаў, узахлёб пісала яшчэ ў сакавіку 2015 года  “СБ Беларусь Сегодня”

Рашэнне аб стварэнні інтэграцыйных структураў па тыпу аграхолдынгаў на базе Віцебскага мясакамбіната, Глубокскага камбікормавага завода, Полацкага і Аршанскага КХП тады падпісаў старшыня Віцебскага аблвыканкама М.Шарснёў.

У сярэднім у кожнага з гэтых аграхолдынгаў плошча сельгасугоддзяў склала 45 тысяч гектараў, пагалоўе буйной рагатай жывёлы – 25 тысяч галоў, у т.л. – 8 тыс. кароў, а колькасць супрацоўнікаў – ад 2,5 да 4 тыс. чалавек.

Па заявах старшыні аблвыканкама 5-гадовай даўніны, такая кааперацыя павінны была прывесці да паніжэння сабекошту канчатковага прадукта і дазволіць зрабіць крок наперад у плане засваення сучасных тэхналогій, і, галоўнае, дзякуючы новым падыходам у аплаце працы, сяльчане змогуць зарабляць у тры разы болей.

Ці ўдалося кіраўніцтву вобласці дасягнуць планаванага паніжэння сабекошту канчатковага прадукта і зрабіць крок наперад у засваенні сучасных тэхналогій, пакінем пакуль па-за ўвагай. А вось сяльчане, як жылі пяць год таму, так і засталіся са сваімі жабрацкімі заробкамі.

І, нават, Лукашэнка на чарговай нарадзе ў Віцебску па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплекса вобласці 22 лістапада 2019 года, дзе абмяркоўваўся праект указа аб стварэнні супербуйнога холдынга, вымушаны быў прызнаць недахопы ў рабоце інтэграцыйных структур.

 Бо па выніках працы, на той момант, пяці аграхолдынгаў у Віцебскай вобласці, па чатырох быў атрыманы адмоўны вынік.

 “ Дурницы, мужики, больше не будет” – эмацыйна выказаўся ён на нарадзе ў адрас распрацоўшчыкаў праекта па стварэнні супераграхолдынга.

Што ж такое станоўчае адбылося ў АПК Віцебшчыны за гэтыя чатыры месяцы, што Лукашэнка кардынальна памяняў свае мяркаванні і стаўленне да “віцебскіх інтэгратаршчыкаў” і загадаў прыняць меры да распаўсюда “вопыта” віцяблян на іншыя рэгіёны краіны?

Ды нічога кардынальна станоўчага не адбылося. Проста віцябляне ў адрозненні ад прадстаўнікоў Магілёўшчыны своечасова памылі кароў.

Такім чынам, па загадзе Лукашэнкі, замест правядзення сапраўдных, так неабходных рэформаў у сельскай гаспадарцы і стварэнні сапраўднага гаспадара на зямлі, віцябляне будуць вучыць аграрыяў з іншых рэгіёнаў краіны, як своечасова, да яго прыезду мыць “абасраных” кароў.

Рыгор Кастусёў

 

Яндекс.Метрика