Яндекс.Метрика Адбыўся ператрус у кватэры галоўнага рэдактара крычаўскай газэты «Вольны горад» - Магілёўскі Рэгіён

Адбыўся ператрус у кватэры галоўнага рэдактара крычаўскай газэты «Вольны горад»

У кватэры праваабаронцы і галоўнага рэдактара газэты «Вольны горад» з Крычава (Магілёўская вобласьць) Сяргея Няроўнага супрацоўнікі мясцовага РАУС правялі вобшук і забралі на экспэртызу кампутар.

Нагодай для ператрусу стаў разьмешчаны ў адным з тэлеграм-каналаў фатаздымак групы жыхароў райцэнтру, якія стаяць зь бел-чырвона-белым сьцягам насупраць райвыканкаму. Сярод удзельнікаў акцыі міліцыянты нібыта распазналі Няроўнага.

Супраць яго распачаты адміністрацыйны працэс за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства. Няроўны лічыць фатаздымак правакацыяй і заяўляе, што яго змантажавалі ў фаташопе.

Паводле журналіста, міліцыянты не аспрэчвалі гэтага і дапусьцілі, што ён сам падрабіў фота, каб паказаць пратэставую актыўнасьць у Крычаве.

Сяргей Няроўны кажа, што вобшук адбыўся з санкцыі раённага пракурора Леаніда Палевіча, аглядалі жытло двое супрацоўнікаў РАУС Эдуард Краўцоў і Сяргей Ягораў. Трываў ператрус ад 18 да 20 гадзіны.

Няроўны настойвае, што падробленае фота і ператрус у ягонай кватэры — правакацыя спэцслужбаў, каб запалохаць мясцовых актывістаў. На ягоную думку, сілавікі разглядаюць яго як арганізатара мясцовых «партызанскіх акцыяў пратэсту», а ў кампутары спадзяюцца знайсьці пацьверджаньне гэтаму.

“Радыё Свабода”