Яндекс.Метрика
Культура Навіны Магілёва

Адукацыйна-асветніцкая “Курыльня Гутэнберга” адчынілася ў Магілёве

Новы цікавы адукацыйна-грамадскі праект “Курыльня Гутенберга” распачаў свае лекцыі ў Магілёве. Першая сустрэча ў фармаце лекторыя адбылася ў тайм-кавярне “Неба” у нядзелю, 28 мая.

На адкрыцці “курыльні” гаварылі аб культурнай трансфармацыі беларусаў, сацыялогіі дэвіянтных паводзін, а таксама пра тое, чаму адны грамадствы больш развітыя за іншыя. На працягу двух гадзінаў наведнікі праслухалі тры лекцыі па трыццаць хвілін і атрымалі адказы на пытанні, што з’явіліся да дакладчыкаў пасля пачутага.

Распавядзем больш падрабязна пра тэмы лекцый.

Прычыны розных шляхоў развіцця гістарычных цывілізацый чалавецтва прааналізаваў Якаў Рыер – доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі МДУ імя А.А. Куляшова. Лектар звязаў развіццё формаў сацыяльнай арганізацыі грамадства і адпаведных ягоных палітычных арганізацый з прыроднымі ўмовамі, што ўзнікалі ў канкрэтных месцах на пачатку станаўлення той ці іншай цывілізацыйнай плыні.

​Якаў Рыгоравіч Рыер – доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі МДУ імя А.А. Куляшова, з лекцыяй “Спецыфіка развіцця лакальных цывілізацый, ці Чаму адны грамадства развіты, а іншыя – не”

Тэма другой лекцыі – “Культурная трансфармацыя беларусаў: ад мінулага да будучыні”. Пра тое, хто такія беларусы, як змяняліся і мадыфікаваліся ў часе культурныя рысы і каштоўнасці беларусаў і што паўплывала на фарміраванне сучаснага сацыа-культурнага профілю беларусаў распавёў кандыдат сацыялагічных навук Андрэй Камароўскі.

Андрэй Уладзіміравіч Камароўскі – кандыдат сацыялагічных навук, бізнес-кансультант

Апошні з дакладчыкаў расказаў пра “Сацыялогію дэвіянтных паводзін”. Кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Яўгенія Ярашэвіч патлумачыла, чаму чалавек, жывучы ў соцыуме, схільны падпарадкоўвацца нормам, устаноўленым гэтым соцыумам, і правілам, якія прынята ў ім выконваць. Яна ж і паспрабавала адказаць на пытанне, што будзе, калі нехта вырашыць адпрэчыць сацыяльныя ўстаноўкі і прытрымлівацца толькі загадаў свайго розуму і сэрца – стане такі чалавек злачынцам або вынаходнікам, геніем або злыднем? І ці так далёка адно ад аднаго гэтыя крайнасці?

Ярашэвіч Яўгенія Аляксандраўна – кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт
Разумовай “курыльняй” у першую чаргу зацікавілась моладзь, якае прагне новых ведаў, шмат у чым альтэрнатыўных за школьныя і агульнаадукацыйныя

Пасля заканчэння сустрэчы адзін з магілёўскіх арганізатараў, Артур Таццянін, распавёў для рэпарцёра 6tv.by пра ідэю новага адукацыйнага праекта:

“Ёсць людзі, якія яшчэ не могуць знайсці сябе, шукаюць штосьці, і, мабыць, нейкая з лекцый зможа натхніць чалавека, зацікавіць у тым, каб працягнуць даследванні ў падобнай сферы. Можа прыйдзе нехта са школьнікаў, якім падобныя лекцыі змогуць дапамагчы выбраць куды паступаць пасля школы, у які ўніверсітэт і на які факультэт. Такія лекцыі яшчэ і кансалідуюць грамадства, бо прыходзяць розныя людзі, знаёмяцца, сустракаюць аднадумцаў. Магчыма, з гэтых лекцыяў яшчэ вырастуць іншыя праекты ці падобныя лекторыі”.

Артур Таццянін, адзін з арганізатараў асветніцкай “курыльні” у Магілёве. Ён яшчэ і асноўны арганізатар канферэнцыі TEDxMahilyow, якая праходзіць у нашым горадзе ў фармаце і па ліцэнзіі міжнароднага праекта TED

“Курыльня Гутенберга” – гэта некамерцыйны навукова-папулярны асветніцкі рух, які арганізуе лекцыйныя мерапрыемствы ў 30 гарадах на тэрыторыі чатырох краін: Расіі, Беларусі, Украіны і Чэхіі. Удзельнікі “курыльні” пішуць артыкулы, робяць відэалекцыі і кароткія адукацыйныя сюжэты, удзельнічаюць у перакладзе замежных навуковых дакументальных фільмаў і лекцый. Галоўная мэта праекта – пошук актыўных грамадзян, якія сваёй дзейнасцю спрыяюць распаўсюджванню навуковай і культурнай асветы ў грамадстве.

Сачыць за навінамі і імпрэзамі “Курыльні Гутэнберга” у Магілёве можна на іхным пабліку ў “Кантакце” vk.com/kurilka.mogilev

Алесь Сабалеўскі

апошія запісы

Гісторыя магіляўчанкі, якую аштрафавалі за абарону блогераў ад міліцыі

Дзяжурны адміністратар

В Могилевской области появится ещё одна “Зелёная школа”

Владимир Лапцевич: Коронавирусно-политическая заметка

Дзяжурны адміністратар