Яндекс.Метрика Адзін мільярд даляраў у цэмэнт, другі — у дрэваапрацоўку. Як дзяржава траціла грошы на стратныя заводы - Магілёўскі Рэгіён

Адзін мільярд даляраў у цэмэнт, другі — у дрэваапрацоўку. Як дзяржава траціла грошы на стратныя заводы

Штогод беларускія ўлады даюць грошы стратным прадпрыемствам. Усё гэта называецца ці то «мадэрнізацыяй», ці то «падтрымкай». Глядзім, ці дапамагло ім гэта, піша Радыё Свабода.

Дрэваапрацоўка

У 2007 годзе з падачы Аляксандра Лукашэнкі пачалася падтрымка прадпрыемстваў, якія займаюцца дрэваапрацоўкай. Дзевяці зь іх выдзелілі крэдыты агульнай сумай больш як на 1 мільярд даляраў.

Цяпер гэтыя прадпрыемствы аб’яднаныя ў холдынг, але большасьць зь іх стратнымі ад гэтага быць не перастаюць. «Барысаўдрэў», напрыклад, паводле парталу адзінага фінансавага рынку (portal.gov.by), скончыў 2019 год са стратамі ў 4,5 мільёна рублёў, мае 270 мільёнаў даўгоў.

«Віцебскдрэў» завяршыў 2018 год са стратамі на 16 мільёнаў рублёў. Сьвяжэйшай справаздачнасьці яны не публікавалі, затое некалькі разоў атрымлівалі адтэрміноўку плацяжоў па даўгах і крэдытах. Толькі тры зь дзевяці заводаў за 2019 год паказалі невялікі прыбытак: ад 4 да 12 мільёнаў. Пры гэтым даўгі перавышаюць гэтыя прыбыткі, часам у сотню разоў. Напрыклад, прыбытак «Гомельдрэва» за 2019 год — 4,7 мільёна, а даўгі — больш як мільярд.

Усімі прадпрыемствамі холдынгу дрэваапрацоўкі займаецца Банк рэканструкцыі і разьвіцьця.

 

Вытворчасьць цэмэнту

Каля 1 мільярда даляраў дзяржава патраціла на мадэрнізацыю цэмэнтных заводаў. Гэта Беларускі цэмэнтны завод у Касьцюковічах, «Крычаўцэмэнташыфэр» і «Краснасельскбудматэрыялы». Усе тры заводы па выніках 2019 году стратныя:

«Краснасельскбудматэрыялы» — мінус 27 мільёнаў рублёў «Крычаўцэмэнташыфэр» — мінус 17,3 мільёна рублёў Беларускі цэмэнтны завод — мінус 8,9 мільёна рублёў

Усе гэтыя заводы, як і ў выпадку з дрэваапрацоўкай, аб’яднаныя ў Беларускую цэмэнтную кампанію.

 

Падтрымка сельскай гаспадаркі

У верасьні 2020 году выйшаў указ Лукашэнкі «Аб падтрымцы аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласьці». Паводле яго, арганізацыі вобласьці атрымалі каля 480 мільёнаў рублёў. Прадпрыемствы аб’ядналі ў холдынг «Мяса-малочныя прадукты».

У холдынг увайшлі больш за дзясятак прадпрыемстваў, сярод якіх віцебскае ААТ «Малако». У 2019 годзе гэтае прадпрыемства мела стратаў на 23,3 мільёна рублёў і 139,9 мільёна даўгоў (кароткатэрміновых і доўгатэрміновых).

У 2019 годзе 17,3% арганізацый сельскай гаспадаркі Віцебскай вобласьці былі стратныя, рэнтабэльнасьць продажаў прадукцыі — мінус 0,3%. Па крэдытах усе сельскагаспадарчыя арганізацыі Віцебскай вобласьці вінныя былі 1,5 мільярда рублёў.

Трэба адзначыць, што па ўказу № 143 «Аб падтрымцы эканомікі», які выйшаў у красавіку і быў скіраваны на падтрымку арганізацый у часы пандэміі, малочныя прадпрыемствы Віцебскай вобласьці атрымалі яшчэ каля 11 мільёнаў рублёў.