Яндекс.Метрика Алег Караваеў: „У Быхаўскі ізалятар мяне забіралі 10 міліцыянтаў“ - Магілёўскі Рэгіён

Алег Караваеў: „У Быхаўскі ізалятар мяне забіралі 10 міліцыянтаў“

Алег Караваеў, 46 гадоў, прадпрымальнік, Быхаў:

„Мы былі абсалютна апалітычнымі людзьмі. Займаліся сямейным бізнэсам: маем невялікае прыватнае прадпрыемства фота- і відэапаслуг. Выбарчая кампанія зьмяніла наша стаўленьне да падзеяў, якія раней не цікавілі.

Мы зразумелі: з маўчаньня нічога добрага ня выйдзе. Маўчаць — значыць быць саўдзельнікам прававога бясчынства.

Нас абурыла, як праходзіла перадвыбарчая кампанія. Як камандзе Ціханоўскай перашкаджалі агітаваць, сустракацца з выбарнікамі. 9 жніўня ў нас застаўся неадключаным інтэрнэт, і мы бачылі, як сілавікі разганялі тых, хто выйшаў выказаць незадаволенасьць фальсыфікацыяй выбараў. Гвалт у сталіцы ня даў нам застацца ў баку ад пратэстаў. Пасьля 9 жніўня мы ў Быхаве ўдзельнічалі ўва ўсіх пратэставых акцыях.

11 жніўня некалькі дзясяткаў гараджан сабраліся каля райвыканкаму дазнацца вынікі выбараў. У Быхаве ні на адным участку ня вывесілі выніковых пратаколаў. Да раённай адміністрацыі па нас прыехала міліцыя на дзьвюх машынах і хацела ўсіх забраць, але мы адбараніліся.

Ганна напісала заяву ў акруговую камісію, каб паказалі копіі пратаколаў. Праз тры дні ёй адпісалі: пратаколы віселі на стэндах, а вы іх ня ўбачылі. А арыгіналы ўжо адпраўленыя ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Гараджане, якія найбольш актыўна паводзілі сябе каля райвыканкаму, трапілі пад увагу мясцовай міліцыі і зазналі перасьлед. Сярод іх была наша сям’я…

13 жніўня адбылася першая акцыя пратэсту. На яе выйшла дзяўчына з абразом, яе брат паехаў у Менск і апынуўся ў ізалятары на Акрэсьціна.

У той жа дзень у цэнтар гораду выбраліся пратэставаць жонка з 15-гадовай дачкой і сваёй маці. Да іх далучыліся яшчэ людзі. Начальнік міліцыі страшыў грамаду адміністрацыйнай адказнасьцю за несанкцыянаваны пікет. Празь дзьве гадзіны людзі сышлі, але ў іншым месцы гораду «ланцуг салідарнасьці» ўтварыла яшчэ адна група незадаволеных фальсыфікацыяй выбараў і гвалтам сілавікоў.

Пакуль трывала адноснае зацішша, на пратэсты выходзіла да 80 жыхароў райцэнтру. Самы масавы сход сабраў некалькі соцень удзельнікаў. Людзі малявалі транспаранты, прыходзілі з кветкамі і паветранымі шарыкамі. Міліцыя назірала за пратэстоўцамі, здымала іх на відэа, але не разганяла.

Да нас накіроўвалі людзей нападпітку, якія паводзілі сябе з выклікам. Правакавалі. Падаслалі былі жанчыну, якая потым стала гераіняй прапагандысцкага рэпартажу на тэлевізіі. Яна заяўляла, што зь ёю абяцалі расплаціцца бутэлькай віна за ўдзел у пратэсьце. Яна ж фігуравала сьведкай у маёй адміністрацыйнай справе. На пратэстах дырэктары школаў высочвалі падначаленых і пагражалі ім звальненьнем.

19 жніўня ўдзельнікі праўладнага мітынгу кідалі ў нас манэтамі, вяртаючыся зь яго. Гэтак яны намякалі, што мы прадаліся і цяпер здраднікі. Усяляк абражалі, кідаліся з кулакамі. Міліцыя спакойна назірала.

Пасьля першых «ланцугоў салідарнасьці» супрацоўнікі ДАІ папярэдзілі: як толькі я крануся на сваёй старэнькай машыне, будуць штрафаваць. Транспарт быў патрэбен для працы, і мы ўзялі ў крэдыт белую «Ладу». Нашылі на яе чырвоную паласу і натхнялі пратэстоўцаў, праяжджаючы каля іх. За гэта міліцыя «прызначыла» мяне арганізатарам пратэставых акцыяў, маўляў, Караваеў усіх баламуціць. Пусьцілі пагалоску, што машыну мне купілі палякі і ў мяне за мяжою дом каля мора.

Акцыі пратэсту праходзілі да 21 жніўня. Потым пачаўся прэсінг на найбольш актыўных удзельнікаў. Многіх змусілі падпісаць у пракуратуры паперу аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Такі дакумэнт падпісаў і я.

Тых, каго выклікалі ў міліцыю, падбівалі заявіць, што зь імі я разьлічваўся сьпіртнымі напоямі і грашыма. Мая справа за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства была на 100 старонках. Апыталі 15 сьведак, у тым ліку начальніка міліцыі. Яшчэ мне інкрымінавалі заклік на несанкцыянаваны мітынг. 17 кастрычніка Быхаўскі суд прысудзіў 8 дзён арышту. У ізалятар мяне забіралі 10 міліцыянтаў.

Умовы ўтрыманьня ў ізалятары — глыбокае сярэднявечча. Знаходжаньне ў ім — зьнявага чалавечага гонару і годнасьці. Гэта месца псыхалягічнага катаваньня, бо як яшчэ можна ўспрымаць адсутнасьць у ХХІ стагодзьдзі водаправоду, прыбіральні і вокнаў у камэры.

Мне давялося сядзець у чатырохмясцовай і двухмясцовай камэрах. Абедзьве былі пафарбаваныя ў сіні колер, і ў іх стаяў прыцемак. Меншая была вузейшая за раскінутыя рукі.

У камэры на чатырох былі двухпавярховыя ложкі, стол ды лаўкі, прыбітыя да падлогі. На зьбітым у камякі штодзённымі шмонамі матрацы ляжаць было невыносна. Цела ныла, нібы пабітае. Пасьцельнай бялізны не выдавалі. Вэнтыляцыі не было. Вокнаў таксама. З «кармушкі» ў дзьвярах, якую зрэдку адчынялі, прабівалася сьвятло звонку. Пад стольлю безупынна гарэла лямпачка, але чытаць пры ёй было цяжка. За 8 дзён ніводнага разу ня вывелі на прагулку.

У камэры стаяла плястмасавае вядро з накрыўкай, у якое сядзельцы хадзілі па патрэбе. Зь яго жудасна сьмярдзела. Ня ўсе карысталіся ім, некаторыя трывалі, пакуль выведуць у агульны туалет. Гэта адбывалася два разы на дзень: раніцою і ўвечары. У ім замест унітаза была яміна ў падлозе. Экскрэмэнты змывалі вадою зь вядра.

У агульны туалет выносілі вёдры з камэр. Неяк адно зь іх пралілі і жыжа заставалася непрыбранай два дні. У прыбіральню тады не магчыма было ўвайсьці. Там жа кучай звальвалі сьмецьце з камэр. За 8 дзён ня бачыў, каб яго выносілі. Побач быў душ, які не працаваў, бо зламаўся, як нам казалі, бойлер.

Выводзячы ў прыбіральню і заводзячы назад у камэру, абшуквалі. Таксама разьдзявалі да галізны, адпускаючы на волю. Незразумела, што з камэры можна было прыхапіць з сабою. Стаўленьне ахоўнікаў да мяне не было хамскім, але і патураньняў таксама не дапускалі.

У тых, хто сядзеў у ізалятары, было паламанае жыцьцё. На ўмовы ў вязьніцы яны не наракалі і, як мне здалося, успрымалі іх за нармальныя.

Маімі сукамэрнікамі былі так званыя бытавікі: сямейныя дэбашыры, п’яніцы, хуліганы. За 8 дзён няволі памяняліся 12 сядзельцаў. Зь імі цяжка было знайсьці агульную тэму для гаворак. Ратавалі кнігі.

У аднаго сукамэрніка здарыўся быў прыступ эпілепсіі. Ахоўнікі сказалі, што нічога страшнага, ён тут ня першы раз і трэба сунуць яму нешта ў рот, каб не закрываў. Другі перапіў сьпірту, і ноччу ў яго ўсчалася белая гарачка. Ён кідаўся на сьцены…

Пасьля адседкі маю сям’ю і наш бізнэс не пакінулі ў спакоі. З праверкай на прадпрыемства наведаліся інспэктары зь дзяржкантролю. Запатрабавалі за два гады дакумэнтацыю. Абмежаваліся накладаньнем штрафаў…

Зацікавілася намі і камісія ў справах непаўналетніх. Палохалі паставіць сям’ю на ўлік як сацыяльна неўладкаваную, а таксама вінавацілі ў неналежным выхаваньні дзяцей, бо іх з бацькамі бачылі на маршы. Інспэктары тлумачылі свой інтарэс пракурорскай праверкай. Урэшце прыслалі паперу, што справа супраць нас спыненая, бо выйшаў тэрмін яе разгляду.

У далейшым за «разьмяшчэньне экстрэмісцкай інфармацыі» ў сацыяльных сетках мяне аштрафавалі на 405 рублёў. На суд прыйшоў з торбаю, гатовы да турмы. Страшылі, што ў ізалятары карантын і штодзённых перадач ад жонкі больш не дазволяць.

Падчас сьледзтва нам далі зразумець, што перасьлед ініцыяваны кімсьці «зьверху». Быў выпадак, калі нам не дазволілі здымаць ранішнік у садку, хоць напярэдадні ўсё было ўзгоднена з загадчыцай. У гэты садок хадзіла тады наша дачка.

Потым нам паведамілі, што райвыканкам даслаў у школу распараджэньне пакараць тых, хто напісаў «добрую характарыстыку» на сям’ю Караваевых. Існавала пагроза, што яе перапішуць на кепскую і органы апекі возьмуцца за нашу сямʼю і дзяцей зноў, і цяпер больш сур’ёзна.

Для ўлады мы сталі нядобранадзейнымі грамадзянамі толькі за тое, што выступілі супраць несправядлівасьці. Мы асьцерагаліся адпускаць дзяцей на прагулку адных. Выходзілі заўжды сям’ёю. Нас насьцярожваў лясканьне дзьвярэй у пад’езьдзе, бо думалі, што ідуць па нас. Пакуль былі ў Беларусі, не адчувалі сябе ў бясьпецы.

17 сьнежня мы выехалі ў Літву. Усё, што мы нажылі, кінулі на радзіме, і цяпер наша будучыня няпэўная. У нас тут часта пытаюцца, ці не шкадуем, што пратэставалі. Адказваем: «Не». Мы рабілі, што маглі, дзеля будучы сваёй краіны, каб нашы дзеці жылі ў ёй бяз боязі быць схопленымі на вуліцы людзьмі ў масках. Разам з тым пабачаны фізычны гвалт і перажыты псыхалягічны прэсінг ніколі не сатруцца з нашай памяці. Мы яго не забудзем і не даруем“.

Крыніца: Радыё Свабода