Аляксей Янукевіч: Еўропа можа дамовіцца з Масквой, беларусы павінны разлічваць толькі на сябе

У рамках спецпраекта «Што далей?» намеснік старшыні Партыі БНФ разважае, ці здольныя беларусы зламаць маскоўскі сцэнар.

— Больш за месяц у Беларусі не сціхаюць пратэсты. Разам з тым, многія пачынаюць задумвацца, ці здольныя шматысячныя мірныя шэсці прывесці да змены ўлады. З Расіі чуюцца галасы пра тое, што падзеі ў нашай краіне дыскрэдытавалі мірны пратэст. Маўляў, выхад з кветкамі ў руках супраць гатовага страляць у натоўп рэжыму, не мае шанцаў. Ці бачыце вы альтэрнатыву мірным пратэстам?

— Я перакананы, што іншай альтэрнатывы няма абсалютна. Больш за тое, любы сілавы сцэнар будзе падарункам Лукашэнку. Ён развяжа ўладзе рукі, дазволіць ужыць супраць пратэстоўцаў зброю, у тым ліку летальную.

Гэта той накірунак, у якім рэпрэсіўны рэжым заўсёды будзе мацнейшы за грамадства. Грамадства ж галоўную моц мае ў паслядоўным выключна мірным пратэсце.

Зразумела, што ўсім хацелася б, каб усё адбывалася хутчэй. Напэўна, таму і з’яўляюцца ў асобных людзей думкі пра нейкі іншы фармат пратэсту, каб паскорыць працэс. Тым больш, калі мы бачым абсалютна бесчалавечнае ўжыванне гвалту супраць жанчын, людзей сталага веку.

Але моц акурат не ў кулях, не ў гвалце, а ў духу народным. Таму я перакананы, што адзіны шанец вярнуць кантроль над сітуацыяй для ўладаў — гэта правакаванне прыхільнікаў перамен да пераходу ў іншы, гвалтоўны фармат пратэстаў. І ў такім разе яшчэ большы гвалт з боку ўлады, на які яна насамрэч здольная, будзе ўжо апраўданы.

— Кіраўніцтва Еўразвязу заявіла, што Лукашэнка больш не лічыцца законным прэзідэнтам. Разам з тым, беларускі аналітык Арсені Сівіцкі мяркуе, што Крэмль «мог атрымаць carte blanche ад Парыжу, Берліну і нават Вашынгтону на прымусовую дэмакратызацыю ў Беларусі».

Ці варта беларусам спадзявацца на падтрымку знешніх гульцоў, найперш Захаду? І наколькі рэальная гульня заходніх і маскоўскіх палітыкаў за спіной у Беларусі?

— На вялікі жаль, такой магчымасці нельга выключаць. На сённяшні момант суб’ектамі перамоў і значных рашэнняў з боку Еўразвязу па Беларусі з’яўляюцца Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

Беларускае грамадства, якое паказала сябе, сцвердзілася ў апошнія дні, дагэтуль ігнаруецца. Мы бачым, што асобныя краіны ЕЗ гатовыя аказваць падтрымку пацярпелым. Яны кажуць пра неабходнасць падтрымкі грамадзянскай супольнасці.

Але ні ў дачыненні да беларускага грамадства, ні да Каардынацыйнага савету, які прадстаўляе, наколькі гэта магчыма, інтарэсы грамадства, няма ні рашэнняў, ні волі з боку Еўразвязу сур’ёзна працаваць менавіта ў кантэксце будучыні Беларусі. Тут варта казаць пра асобныя пазіцыі Польшчы, Літвы ды іншых некаторых нашых суседзяў.


Але пры гэтым даволі верагоднай выглядае сітуацыя, калі Еўразвяз аддасць перавагу варыянту дамовы з Крамлём. Дзеля таго, каб ён сваімі рэсурсамі арганізваў тут паступовы транзіт улады да больш ліберальнай сатрапіі, да аўтарытарызму з больш чалавечым тварам.

Каб зняць Беларусь з мапы гарачых кропак Еўропы. І зрабіць гэта найменшым коштам і высілкамі, каб не ўваходзіць у супрацьстаянне з Крамлём, які мае вялікія планы на Беларусь.

Беларускаму грамадству нельга мірыцца з такім станам рэчаў. Нам ні ў якім разе нельга разлічваць на вонкавых гульцоў.

— А ці гатовае беларускае грамадства супраціўляцца такім планам? Ці ёсць сілы і шанец зламаць сцэнар, які пішацца не ў Беларусі?

— Мы бачым, што людзі гатовыя браць і лакальныя пытанні, і агульнанацыянальныя ў свае рукі. Перад намі стаяць велізарныя выклікі, але пры гэтым мы маем і вялізны шанец.

Сёння наша грамадства знаходзіцца на такім уздыме, які ўжо перакрэсліў некаторыя планы і намеры, што мусілі здзейсніцца яшчэ да выбараў. І з боку Крамля, і з боку Захаду, які відавочна хацеў аднаго — каб тут проста было ціха. І, натуральна, з боку беларускага рэжыму.

Наступныя выклікі будуць яшчэ большымі, але я веру ў сілу абуджанага народу і ў сілу моманту. Беларусы, я ўпэўнены, здольныя пераадолець гэтыя выклікі.

Сямён Печанко

Крыніца: “Салідарнасць”

Яндекс.Метрика