Яндекс.Метрика Андрэй Юркоў сустрэне новы год за кратамі - Магілёўскі Рэгіён

Андрэй Юркоў сустрэне новы год за кратамі

Грамадскага актывіста Андрэя Юркова  зноў “упакавалі” на суткі. На гэты раз ужо ў Дрыбіне.

Як распавяла “Магілёўскаму рэгіёну” галоўны рэдактар газеты “УзГорак” Галіна Будная, учора яны разам Андрэем і калегай-журналісткай адведалі могілкі ў Горках, каб аддаць даніну памяці былому рэдактару “УзГорка” Эдуарду Брокараву, з дня смерці якога якраз споўнілася 10 год. Пасля Юркоў адвез жанчын да дому.

Вечарам 30 снежня Юркоў патэлефанаваў Буднай, што яго чамусьці ўпарта расшукваюць супрацоўнікі Дрыбінскага РАУС. Пазней стала вядома, што Андрэя Юркова затрымалі.

Сёння ў судзе Дрыбінскага раёна грамадскага актывіста пакаралі 5 суткамі адміністрацыйнага арышту. Сябры Юркова мяркуюць, што падставай для яго затрымання і арышту стала відэа, якое некалькі дзён таму актывіст выклаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. На відэа актывіст на лыжах у бел-чырвона-белым шаліку выказвае ўпэўненасць у немінучай перамозе.

Нагадаем, што Андрэй Юркоў толькі 23 снежня выйшаў на волю з ІЧУ Гарэцкага РАУС пасля адбыцця чарговых 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Тады нагодай  для арышту стала тое, што Юркоў пастаяў з чыстым белым лістом паперы каля дзіцячага парку ў Горках. Суддзю таксама абурыў той факт, што актывіст казаў людзям, якія падыходзілі да яго, лозунг “Свабоду палітвязням!”.

Усяго са жніўня гэтага года Юркоў адседзеў ужо 57 сутак адміністрацыйнага арышту.

Сам актывіст кажа, што ён здавацца не збіраецца. Уладам не ўдалося зламаць Андрэя ні рэгулярнымі арыштамі, ні звальненнем з працы. Юркоў кажа, што ён не можа маўчаць, калі побач зло.

Іван Барысаў. Фота аўтара