Яндекс.Метрика Бабруйчане атрымалі ад 2 да 8 гадоў калоніі за падпал «Табакеркі», спыненьне цягніка ды прабітае кола - Магілёўскі Рэгіён

Бабруйчане атрымалі ад 2 да 8 гадоў калоніі за падпал «Табакеркі», спыненьне цягніка ды прабітае кола

У судзе Бабруйска і Бабруйскайга раёну паведамілі, што Аляксандра Назарэвіча пакаралі 8 гадамі папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму. У яго кафіскавалі аўтамабіль.

Аляксандра Мар’ясава і Віталя Васілевіча адправілі ў калёнію ўзмоцненага рэжыму на 7 гадоў і 6 месяцаў. Аляксандру Гаўрылаву прысудзілі 2 гады абмежаваньня волі ў папраўчай калёніі адкрытага тыпу.

Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляла Натальля Лосева. На працэсе супрацоўнік крымінальнага вышуку Алег Дзьмітрук заявіў, што абвінавачаныя плянавалі «атруціць калодзежы, пашкодзіць камэру BelTol ды абстраляць будынак міліцыі», тым самым «дэстабілізаваць абстаноўку ў горадзе і запалохаць міліцыянтаў».

Усіх зьвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, што выклікала парушэньне працы транспарту (ч.1 арт 342 КК), злосным хуліганстве (339 арт. КК), наўмысным пашкоджаньні маёмасьці ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт 218 КК), замаху на злачынства (ч.1 арт. 14) ды незаконных дзеяньнях у дачыненьні прадметаў, паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў (295-3 арт. КК).

Паводле матэрыялаў справы, Назарэвіч, Мар’ясаў і Васілевіч ля адной з чыгуначных станцыяў падпалілі анучу. Машыністу давялося скарыстаць службовае тармажэньне, каб спыніць таварны лякаматыў, бо ён меркаваў, што набліжаецца сустрэчны цягнік.

Назарэвіч і Гаўрылаў таксама, паводле абвінавачваньня, пашкодзілі машыну супрацоўніка Дэпартамэнту аховы. Яны падклалі пад кола мэталічныя шыпы, якімі прабілі яго. Дзеяньні былі кваліфікаваныя як «злоснае хуліганства».

Інкрымінаванае «пашкоджаньне маёмасьці» выявілася ў нанясеньні Назарэвічам палос чырвонай фарбай на тры белыя лайтбоксы. У матэрыялах справы адзначана, што на такі ўчынак абвінавачаны наважыўся пасьля абмеркаваньня з трыма іншымі фігурантамі справы палітычнай сытуацыі ў краіне.

У падпале кіёску «Табакерка» зьвінавацілі Мар’ясава, Назарэвіча і Васілевіча. Паводле сьледзтва для гэтага яны вырабілі самаробнае прыстасаваньне з гадзіньнікавым мэханізмам. Учыненае кваліфікаванае як «наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці» і «замах на злачынства».

Віну падсудныя прызналі часткова. Прысуд судзьдзі Дзьмітрыя Крэнжыеўскага набудзе моц праз 10 дзён, калі абвінавачаныя яго не абскардзяць

(У публікацыі выкарыстаныя зьвесткі з газэты «Вечерний Бобруйск»).

Крыніца: Радыё Свабода