Яндекс.Метрика "Барані Божа камусьці апынуцца на маім месцы". Віцэ-мэр Горак насмерць збіла жанчыну - Магілёўскі Рэгіён

“Барані Божа камусьці апынуцца на маім месцы”. Віцэ-мэр Горак насмерць збіла жанчыну

Аварыя адбылася ўвечары 21 лістапада на тэрыторыі Дрыбінскага раёна. “37-гадовая жыхарка вёскі Міхееўка, рухаючыся на аўтамабілі Mitsubishi здзейсніла наезд на 61-гадовую жыхарку вёскі Русенка, якая рухалася па цэнтры праезнай часткі дарогі. У выніку ДТЗ жанчына атрымала траўмы, ад якіх памерла на месцы здарэння. Нягледзячы на цёмны час сутак, у пешахода адсутнічалі святлоадбівальныя элементы”, – паведаміла міліцыя Магілёўскай вобласці. Пазней стала вядома, што кіравала аўтамабілем Ларыса Крывіцкая, намесніца старшыні Горацкага райвыканкама.

“Наша Ніва” звязалася з чыноўніцай. Яна пацвердзіла, што была за рулём. Цяпер Следчы камітэт завёў крымінальную справу па факце здарэння. Ларыса Крывіцкая праходзіць як падазраваная – яна на волі, але пад падпіскай.

Ананімныя тэлеграм-каналы адразу абвінавацілі чыноўніцу, што яна была за рулём нападпітку.

“Я не ўжываю алкаголь увогуле. Апошні месяц я нават квасу не піла. І ўсе экспертызы паказалі ў мяне нуль праміле”, – адказала Крывіцкая.

Таксама чыноўніца звяртае ўвагу на пашкоджанні машыны.

“З якога боку рухаўся пешаход, калі ўдар быў на бок кіроўцы? Жанчына проста стаяла на праезнай частцы.

Цяпер следства вядзецца. Будзе яшчэ следчы эксперымент, які будзе высвятляць, ці магла я ўбачыць гэтую жанчыну, – кажа Ларыса Крывіцкая. –

Усе мы ходзім пад Богам. І барані Божа камусьці апынуцца на маім месцы! Гэта проста справа выпадку, абсалютна. У гэты дзень адбылося яшчэ некалькі ДТЗ, але рэзананс набыло толькі маё здарэнне. Чаму?

Я ўсім не жадаю апынуцца на маім месцы. Хай усе дарогі будуць без такіх няўважлівых бабуляў на дарозе. Я нікому не жадаю зла, таму будзьце ўважлівыя на дарогах, беражыце сябе і сваіх блізкіх”.

Фота: gorki.gov.by