Беларусы змогуць паехаць у Еўразвяз без візы?

Вышэградская група запрапануе ЕЗ адкрыць межы для грамадзянаў Беларусі. Пра гэта ў пятніцу заявіў у Любліне кіраўнік польскага ўраду Матэўш Маравецкі.

У Любліне традыцыйна пасля эканамічнага форуму ў Крыніцы (у гэтым годзе праходзіў у Карпачы ў сувязі з пандэміяй) сустрэліся прэм’ер-міністры Венгрыі, Славаччыны, Чэхіі і Польшчы. Пасля сустрэчы Віктар ОрбанІгор МатовічАндрэй Бабіш і Матэўш Маравецкі заявілі на адмысловай прэс-канферэнцыі, што кіраўнікі Вышэградскай групы асуджаюць рэпрэсіі і дамагаюцца вольных выбараў у Беларусі. Але не толькі.

– Хочам прапанаваць бязвізавы рух для беларусаў. Падчас Еўрапейскага савету плануем запрапанаваць эканамічны план, – цытуе прэмʼера Маравецкага старонка кіроўнай партыі Закон і Справядлівасць (PiS) у Twitter.

Хутчэй за ўсе гаворка ідзе пра план эканамічнай падтрымкі грамадзянскай супольнасці і эканомікі краіны пасля свабодных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Калі б Брусель прыняў такое палітычнае рашэнне і адчыніў межы, для Беларусі гэта была б гістарычная падзея, але для ЕЗ гэта нармальная практыка. Беларусы маглі б таксама як украінцы, малдаване, грузіны ці сербы свабодна падарожнічаць па краінах Еўразвязу. Падобна як і грамадзяне дзясяткаў іншых краінаў свету, якія не належаць да ЕЗ. Гэта між іншым Аргентына, Бразілія, Чылі, Гандурас, Калумбія, Македонія.

На адкрыццё межаў для Беларусаў пагадзіцца мусілі б усе 27 краінаў Еўразвязу, што не будзе вельмі лёгка. Тут у першую чаргу гаворка ідзе пра Кіпр, каторы хутчэй за ўсе будзе чакаць у замен падтрымкі краінаў ЕЗ у канфлікце з Турцыяй, якая хоча дабываць газ у тэрытарыяльных водах, якія Кіпр і Грэцыя лічаць сваімі ў Міжземным моры.

Беспрэцэдэнтнасць сітуацыі ў тым, што ў выпадку, напрыклад, Украіны, Грузіі ці Малдовы «бязвіз» быў вынікам доўгіх перамоваў паміж урадамі гэтых краінаў з ЕЗ. У выпадку з Беларуссю гэта было б палітычнае і аднабаковае рашэнне, без размоваў і перамоваў з афіцыйным Менскам.

Руслан Шошын, Belsat.eu