Яндекс.Метрика Былы дырэктар дрыбінскага Цэнтру фізкультурна-масавай і спартовай работы распавёў, як сядзеў у ІЧУ ў Горках - Магілёўскі Рэгіён

Былы дырэктар дрыбінскага Цэнтру фізкультурна-масавай і спартовай работы распавёў, як сядзеў у ІЧУ ў Горках

Віктар Фрыцлер, 32 гады, Дрыбін, звольнены за пратэст з пасады дырэктара Цэнтру фізкультурна-масавай і спартовай работы райвыканкаму:

„У навагоднюю ноч у цэнтры Дрыбіна на скульптуру фантану нехта накінуў бел-чырвона-белы сьцяг. Першыя фатаздымкі зь ім у мясцовым чаце, дзе ўдзельнічае большая частка насельніцтва пасёлку, зьявіліся а 6-й раніцы. У гадзіну дня са сьцягам у інтэрнэце зьявіўся мой знаёмец. Адпачыўшы ад навагодняй ночы, мы прыяцелем вырашылі праверыць, ці не зьнялі той сьцяг. Прыкладна а 14 гадзіне і я сфатаграфаваўся ды неабачліва выклаў фота ў інтэрнэт.

Увечары 1 студзеня мяне і яшчэ двух хлопцаў, Яўгена ды Паўла, якія разьмясьцілі ў сетках здымкі з парку, схапілі. На нашыя пошукі кінулі ўсю тэхніку мясцовага РАУС. Яўгена і Паўла дапытвалі, а мне далі гатовы пратакол. Прачытаўшы толькі першы радок зь яго («Ня маючы дазволу райвыканкаму на масавае мерапрыемства…»), я сказаў міліцыянтам, што падпісваць трызьненьне адмаўляюся…

У жніўні і верасьні мы прагаворвалі, што трэба рыхтавацца да «сутак», бо такая ўжо палітыка дзяржавы: калі адкрыта выказваеш сваю пазыцыю, то такой кары не мінуць.

На акцыі салідарнасьці ў Маскве

Нас павезьлі за тры дзясяткі кілямэтраў у ізалятар суседніх Горак. У Дрыбіне раней быў свой ІЧУ, але тыдні за два да Новага году яго закрылі. Зь ім я быў троху знаёмы. Даводзілася колькі гадоў таму прабыць у ім з паўдня. Умовы там тады былі антычалавечыя. ІЧУ не ацяпляўся, у камэрах было сыра. У горацкім ізалятары мы хаця б не баяліся падхапіць сухоты…

Калі завялі ў камэру, у нос ударыла хваляю смуроду. Гэта быў кактэйль з паху прыбіральні, поту, перагару. Выварочвала вантробы. Той першы ўдых нявольніцкага паветру адчуваю дагэтуль. У камэры кепска зачынялася акно, і мы пэрыядычна яе праветрывалі, чым ратаваліся.

Нам пашанцавала, бо нас пасадзілі ў адну камэру, разьлічаную на чатырох чалавек. Першы стрэс ад няволі здымалі згуртаванасьцю. Амаль штодня нам падсаджвалі «сямейна-бытавога хулігана». У такіх сядзельцаў былі алькагольныя «адхаднякі», і зь імі было цяжкавата.

Досьведу жыцьця ў ізалятары мы ня мелі, таму вучыліся на хаду. Як перасекліся з Андрэем Юрковым, актывістам руху «За свабоду», то ён са сваімі 77 днямі няволі падказваў, як даваць рады праблемам.

Першыя два дні ў нас нічога, акрамя цыгарэт, не было. Каб папіць гарбаты, трэба было мець свае кубкі і заварку. У рацыёне нявольнікаў гарбаты ці кампоту не прадугледжвалася. У камэры адшукалі плястыкавыя кубачкі. Яны ад бруду былі нават не карычневыя, а чорныя. Адмылі іх мылам і прасілі ў ахоўнікаў кіпеню. Потым займелі свае зь перадач.

Родныя па вызваленьні расказалі, што ім давялося спачатку аплаціць наша знаходжаньне ў ізалятары, бо ахоўнікі адмаўляліся браць перадачы. За мае 15 дзён выйшла 217 рублёў.

У ізалятары зроблена ўсё так, каб сядзельцу было максымальна некамфортна. Напрыклад, вышыня стала была нязручнай, каб сядзець за ім. А стаяць даводзілася згорбленым, зацякала сьпіна. Матрацы былі ў камяках. Ад ляжаньня на іх балела сьпіна.

Скульптурная кампазыцыя са сьцягам у Дрыбіне. Траіх дрыбінцаў асудзілі за фота зь ёю на «суткі»

Праблемамі ў ізалятары былі няведаньне часу і інфармацыйны вакуўм. На волі ж смартфон пастаянна пад рукой: абнавіў Telegram — і ведаеш, што адбылося новага. Пакуль не адвыклі, ляпалі па кішэнях, шукаючы тэлефон. Ратавала чытаньне. Яўген, выйшаўшы на волю сказаў, што за 15 дзён прачытаў больш кніжак, чым за апошнія 15 гадоў.

У адной з камэраў была забітая ракавіна; як толькі мы яе «адрамантавалі», нас перакінулі ў іншую. Тады жартавалі, што ахоўнікам падабаецца, як прыбіраемся, таму вырашылі зрабіць экскурсію па ізалятары, і каб мы заадно навялі ў камэрах парадак.

Прыбіральня ў іх зь невысокай загарадкай. Я заўважыў, што ўсе мелі праблемы «з спаражненьнем па-вялікаму». У такім туалеце зьнікаў момант інтымнасьці і здавалася, што спаражняесься ўва ўсіх на вачох. Хацелася, але не маглося. Да таго ж у куце пад стольлю было відэаназіраньне. Яно не захоплівала цалкам прыбіральні, але ад адчуваньня, што за табою і там прыглядаюць, пазбыцца не ўдавалася.

У душ мы трапілі толькі на 11-ы дзень. Галовы і цела абмывалі пад рукамыйнікам, балазе вада была цёплай. Што да інтымнай гігіены, дык абрэзалі плястыкавую бутэльку і мыліся над унітазам. Ратавалі і вільготныя сурвэткі.

У ізалятары немагчыма адчуваць сябе ў бясьпецы ад каранавірусу, бо канвэер людзей не супыняецца. Калі туды паступаеш, у цябе мераюць толькі тэмпэратуру. У мяне градусьнік паказаў 37,4, і хацелі былі вяртаць назад, у Дрыбін, але другі градусьнік засьведчыў 36,8. Ахоўнікі сказалі: «Ай, ладна, залятай».

Ніякіх сродкаў прафіляктыкі, акрамя масак, у нас не было. На ранішнюю і вячэрнюю праверку прымушалі надзяваць маскі, але гэта больш для бясьпекі супрацоўнікаў. Кожную праверку адзін зь іх заходзіў у камэру з балёнам і паліваў яе нейкім рэчывам. Мне здаецца, што гэта былі захады ня супраць каранавірусу, а каб не было вошай ды клапоў.

Павал, якому прысудзілі 7 дзён, па вызваленьні страціў нюх. Відаць, на «сутках» быў з канавірусам. Мяне самога пару разоў калаціла, хоць нюх не прападаў. Цяпер стан памежны, адчуваюцца прыкметы прастуды.

Мы захапілі вялікія маразы, і акно, якое ратавала спачатку ад смуроду, стала клопатам. У камэры пахаладала. Мы, аднак, ня мерзьлі, бо шмат рабілі фізычных практыкаваньняў.

Яны казалі, што я зьбярог грошы, быўшы ў ізалятары, бо на волі прастаўляўся б.

Яўген на свой дзень народзінаў сядзеў асобна ад нас. З Андрэем для яго мы сьпявалі «Happy birthday to you», а як апынуліся разам, ён сказаў, што чуў нашае віншаваньне і ў адказ крычаў «Дзякую!»

У няволі я зрабіў выснову: калі там паводзісься адэкватна, то бачыш зьмены ў стаўленьні да цябе ахоўнікаў. Людзкія паводзіны разьбіваюць высілкі прапаганды выставіць нас наркаманамі, алькаголікамі і прастытуткамі. Думаецца, што адэкватнасьць спараджае ў міліцыянтаў карысныя сумневы.

У ізалятары я пераканаўся, што пачуцьцё гумару дапамагае ўмацоўваць веру ў свае сілы. Яно ратуе ад нуды. Але нішто так не калечыць, як неабгрунтаваная надзея.

Хоць і разумееш, што адбываецца ў краіне і што разьлічваць на пазытыўнае вырашэньне справы не выпадае, але ўсё роўна спадзяесься. Праскоквала думка: а раптам судзьдзя трапіцца прынцыповы і разьбярэцца, што фатаграфаваньне не зьяўляецца масавым мерапрыемствам? Ці наша затрыманьне выкліча такі грамадзкі рэзананс, што нас адпусьцяць. Але ў судзе нашы надзеі зьніклі імгненна.

Адзін з судзьдзяў адмовіўся разглядаць усе тры справы. Узяўся толькі за адну. І ён, як высьветлілася, быў больш ляяльным: наш «падзельнік» Павал атрымаў «толькі» 7 дзён арышту. А нам судзьдзя «ўлупіла» па пятнаццаць.

На працэсе, як мне здалося, завязаўся дыялёг зь ёю. Хаця зразумела, што на судзілішчы зьвяртацца да голасу розуму, лёгікі бессэнсоўна. Судзьдзя настойвала, што я праводзіў масавае мерапрыемства, але як яно магло быць такім, калі ў парку ніводнага чалавека не было? На маю заўвагу судзьдзя адрэагавала, што фота я выклаў у інтэрнэт і яго пабачыла шмат людзей. Я і дапусьціць ня мог, што на фатаграфаваньне ў парку патрэбен дазвол райвыканкаму!

У няволі, тым ня менш, пераканаўся ў слушнасьці выбранага шляху. Я прайшоў паўнавартасны абрад ініцыяцыі і цяпер з гонарам магу заявіць: «Я беларус у поўнай меры». У ізалятары завяршыўся мой пратэставы цыкль.

Пачаўся ён з праблемаў на працы, працягнуўся прафіляктычнымі гутаркамі ў пракуратуры, звальненьнем, судамі, і скончыўся 15 днямі арышту. Цяпер народжаная ў пратэсьце прымаўка «Не сядзеў — не беларус» і пра мяне таксама“.

Крыніца: Радыё Свабода