Яндекс.Метрика
Меркаванне Навіны Быхава

Чаму «Магілёўскія ведамасці» больш не абараняюць кіраўніцтва «Быхаўрайаграпрамтэхснаба»?

У свой час я ўжо ўздымаў праблемы безгаспадарчасці ў ААТ «Быхаўрайаграпрамтэхснаб» на прыкладзе недахопаў у філіяле гэтага таварыства -«Лудчыцы», спасылаючыся на зварот працаўнікоў прадпрыемства ад 30 лістапада 2016 года праз сацыяльныя сеткі і незалежныя СМІ да старшыні Магілёўскага аблвыканкама У. Даманеўскага.

Але, тады абласная газета «Магілёўскія ведамасці» у нумары ад 9 снежня 2016 года артыкулам В.Кубекі «Работа есть. А как работается?..» выступіла ў абарону кіраўніцтва «Быхаўрайаграпрамтэхснаба», абвініўшы працаўнікоў прадпрыемства і журналістаў у лайдацтве і падтасоўцы фактаў.

Згодна зварота працаўнікоў да старшыні аблвыканкама, у 2016 годзе на палях «Быхаўрайаграпрамтэхснаба» не прыбранымі засталіся і пайшлі пад снег дзесяткі гектараў буракоў і морквы, цэлыя палі кукурузы. Нягледзечы на марозы, непадрыхтаванымі для ўтрымання жывёлы заставаліся жывёлагадоўчыя будынкі. Журналістамі былі выяўлены і іншыя факты.

У той час, як кажуць, чынавенству разам з газетай «Магілёўскія ведамасці» удалося інфармацыю аб безгаспадарчасці на прадпрыемстве «спусціць на тармазах».

А надалей сітуацыя вакол «Быхаўрайаграпрамснаба» развівалася наступным чынам.

У 2017 годзе супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнага кантролю  Магілёўскай вобласці сумесна з упраўленнем Дэпартамента фінансавых раследванняў КДК па Магілёўскай вобласці і 11-ым упраўленнем Дзяржаўнага упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС былі ўскрыты шматлікія факты складання фіктыўных дакументаў і незаконнага атрымання бюджэтных сродкаў за невыкананныя работы ў ААТ «Быхаўрайаграпрамтэхснаб».

На працягу некалькіх месяцаў адным прадпрыемствам займаліся супрацоўнікі як кантралюючых органаў, так і супрацоўнікі сілавых ведамстваў.

Правяраючымі было выяўлена, што ўжо былая в.а. дырэктара таварыства арганізавала падрыхтоўку і складанне фальшывых дакументаў аб выкананні работ па вапнаванні кіслай глебы даламітавай мукой у сельгаспрадпрыемствах Быхаўскага раёна, а таксама па нарыхтоўцы і дастаўцы гэтым прадпрыемствам торфа для падрыхтоўкі кампостаў.

Работы павінны былі выконвацца ў рамках Дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і «Торф» на 2010-2015 гады і на перыяд да 2020 года.

Пры гэтым неўнесеная ў глебу даламітавая мука ў колькасці 3000 тон, згодна дакументацыі па праверцы прадпрыемства, была проста закапана на землях таварыства.

У выніку злоўжыванняў службовым становішчам і злачынстваў, па заключэнні кантралюючых органаў і прадстаўнікоў сілавых структураў, дзяржаве быў нанесены ўрон болей 218 тыс. рублёў, а таварыства незаконна атрымала мэтавыя бюджэтныя сродкі ў памеры 39,1 тыс. рублёў.

Але, надзіву, як не стараліся правяраючыя, па выніках праверкі не было выяўлена фактаў карупцыі з боку кіраўніка і спецыялістаў прадпрыемства з прысваеннем на сваю карысць фінансавых сродкаў, што нярэдка здараецца сырод беларускага чынавенства.

А што ж на гэты раз абласная газета «Магілёўскія ведамасці»?

На гэты раз газета не адважылася абараняць кіраўніцтва таварыства.

Прынцыповасць самай «стабільнай» і «аўтарытэтнай», як яна сама сябе называе, газеты вобласці абмежавалася невялікім інфармацыйным артыкулам аб гэтых  падзеях.

Як і ў снежні 2016 года, так і зараз вядучая абласная газета вельмі павярхоўна, згодна адведзенай ёй ролі ў існуючай сістэме ўлады, падышла да асвятлення праблемаў аграпрамысловага комплексу вобласці ды і ўсёй краіны, на прыкладзе «Быхаўрайаграпрамснаб».

Па выніках работы за мінулы год, амаль у кожным сельгаспрадпрыемстве вобласці, за рэдкім выключэннем, можна было выявіць процьму праблемаў з падрыхтоўкай жывёлагадоўчых памяшканняў да стойлавага ўтрымання жывёлы, з уборкай мінулагодняга ўраджаю, з якасцю кармоў для жывёлы, са своечасовай выплатай заробкаў працаўнікам і іх памерамі, шматлікія іншыя праблемы, што як снежны камяк нарастаюць з году ў год над беларускай вёскай.

І ад таго, хто надалей будзе кіраваць «Быхаўрайаграпрамснабам», або іншым сельгаспрадпрыемствам вобласці, нічога ад гэтага да лепшага не зменіцца. Любы кіраўнік, на сённяшні момант, можа апынуцца ў стане «абвінавачваемага» за жаданне вырашыць праблемы прадпрыемства імкнучыся абыйсці існуючыя бюракратычныя ўстаноўкі.

Без вырашэння галоўнай задачы – стварэння сапраўднага гаспадара на зямлі, кантралюючыя органы і сілавыя структуры без працы не застануцца.

Мабыць, дзеля іхнага існавання і створана сучасная мадэль гаспадарання на беларускай зямлі.

Намеснік старшыні БНФ  Рыгор Кастусёў.

апошія запісы

Эффект посиневших пальцев. Почему он не уходит?

Дзяжурны адміністратар

Евгений Прейгерман: кампания идет по наихудшему сценарию для независимости страны

Александр Класковский: Лукашенко сам умножает риски для суверенитета страны