Яндекс.Метрика Чырвона-зялёная хвароба крычаўскага начальства - Магілёўскі Рэгіён

Чырвона-зялёная хвароба крычаўскага начальства

Пасля падзеяў 9-12 жніўня 2020 года ў Беларусі ў шматлікіх гарадах прайшлі мітынгі супраць гвалту, а пасля за новыя сумленныя выбары. І гэты працэс скалыхнуў і закрануў усю Беларусь. На цэнтральныя плошчы людзі сталі выходзіць нават у маленькіх гарадах і мястэчках.

Натуральна, што гэтыя працэсы не абмінулі і Крычаў. Тут у першыя дні адбываліся стыхійныя мітынгі людзей, якіх выходзіла на вуліцу больш за тысячу чалавек. Але разам з тым цэнтральнымі ўладамі былі інспіраваны контрмітынгі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў розных гарадах рэспублікі. Тое ж назіралася і ў Крычаве, дзе ў жніўні некалькі соцен чалавек з розных прадпрыемстваў і арганізацый зганялі ў прымусовым парадку на падобны праўладны мітынг. Людзі трымалі ў руках разнастайныя плакаты, загадзя падрыхтаваныя ідэолагамі і “неабыякавымі грамадзянамі”.

Таксама з гэтага часу літаральна на кожным дзяржаўным будынку з’явіўся дзяржаўны сцяг. Гэта тычыцца не толькі праваахоўных структур, але і шматлікіх іншых арганізацый. Напрыклад, сцяг вісіць на будынках устаноў “Крычаўскі дзяржаўны занальны архіў” і “Крычаўскі раённы цэнтр турызма”, а таксама на будынку гарадскога Дома культуры. Не паленаваліся дзяржаўныя сцягі павесіць на чыгуначным вакзале і гарадской аўтастанцыі. Для мясцовых жыхароў не было дзівам, што на слупах па цэнтральных вуліцах можна ўбачыць чырвона-зялёныя палосы. І нават бардзюры, пафарбаваныя ў колер дзяржаўнага сцяга не прыводзілі ў стан культурнага шоку крычаўлянаў і гасцей горада.

Але вось карціна, дзе каля зялёнай сметніцы размяшчаецца чырвоная скрыня для пяску – гэта ўжо перабор! Можна, канешне, заўважыць, што выканаўцамі такога трэшу і маразму былі простыя працаўнікі, а не начальнікі і прадстаўнікі Крычаўскага райвыканкама. Гэта так, але ж загады сыходзяць да працаўнікоў зверху.

Прыведзены прыклад сведчыць, што стадыя чырвона-зялёнай хваробы ў крычаўскіх “вялікіх начальнікаў” не толькі не вылечваецца, але і прагрэсіруе з кожным днём. Шкада, што з небяспечным для здароўя COVID-19 прысутнічае і падобная чырвона-зядёная хвароба (яе назва “ябацькізм”), якая мае небяспеку перарастаць у хранічную.

Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара