Яндекс.Метрика
Навіны Магілёва Палітыка і грамадства

Ціханоўскі з камандай у Магілёве – як усё было (Фотарэпартаж)

27 траўня ў Магілёў перажыў бадай што найбольш уразліваю падзею ў сваім грамадска-палітычным жыцці ў ХХІ стагоддзі. Плошча насупраць гарвыканкаму каля гандлёвага цэнтру Атрыўм ператварылася ў адзін вялікі пункт па збору подпісаў у падтрымку аднаго з альтэрнатыўных кандыдатаў.

Гэтую пляцоўку пад час выбарчых кампаніяў звычайна выкарыстоўваюць розныя палітычныя партыі і рухі для правядзення пікетаў па зборы подпісаў і падчас перадвыбарчай агітацыі. Але такую колькасць людзей, якія адначасова прыйшлі пакінуць подпіс за Святлану Ціханоўскую і сустрэцца з блогерам праекту “Краіна для жыцця” Сяргеем Ціханоўскім, тут, ды і ў любым іншым месцы горада, не бачылі ніколі.

У гэты дзень на плошчы ад пачатку былі разгорнутыя адразу некалькі пікетаў – каманды Валерыя Цапкала, кандыдата Андрэя Дзмітрыева і кампаніі “Гавары праўду”, партыі АГП і яе лідэра Мікалая Казлова. Быў адзінкавы пікет і ад “Краіны для жыцця”
Да актывістаў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай адразу пачалі падыходзіць людзі

Пачыналася ўсё як звычайна – апазіцыйныя партыі і актывісты ад незалежных кандыдатаў выставілі свае пікеты, да якіх людзі спачатку падыходзілі  не вельмі актыўна. Але ўсё пачало змяняцца бліжэй да 17 гадзінаў – часу, калі быў анансаваны прыезд Сяргея Ціханоўскага і яго каманды па збору подпісаў. Уся іх група прыехала прыкладна а палову на шостую, і да гэтага часу тут сабралася ўжо значна больш за сотню чалавек. Ад самага прыезду вядомы блогер актыўна заняўся сваёй звычайнай справай – размаўляў з людзмі, выслухваў іх гісторыі, і ўсё гэта транслявалася ў жывым эфіры на ягоны ютуб-канал. Вялікая колькасць прыхільнікаў і падпісантаў Ціханоўскага яшчэ і стаялі ў чэргах, каб зрабіць сумеснае сэлфі з Сяргеем і вялікім тапкам – сімвалам перадвыбарчай кампаніі ягонай жонкі Святланы.

За ўвес час, прыкладна ад 17 да 21 гадзіны, калі адбывалася акцыя, на плошчу прыходзілі і прыязджалі ўсё новыя людзі. Каманда Ціханоўскага разгарнула адразу некалькі столікаў для збору подпісаў, за кожным з якіх падпісныя лісты запаўнялі па два чалавекі, таму доўгія чэргі рухаліся даволі жвава.

Панарама з відам на гарвыканкам
Від на плошчу з вокнаў Атрыўму

У некаторыя моманты чарга даходзіла да Першамайскай вуліцы

Людзі нават прыносілі свае старыя тапкі, каб было чым “прыхлопнуць таракана”
Сяргею Ціханоўскам магілёўцы падаравалі і некалькі адмыслова сшытых вялікіх тапкаў, каб было зручней імі карыстацца і пацэліць у таракана
І нават прэзентавалі вось такога лялечнага таракана, каб было на чым трэніравацца
Адзначам, што амаль усе людзі прыйшлі ў масках і стараліся трымаць дыстанцыю
Сваёй чаргі, каб пакінуць подпіс за Святлану Ціханоўскую, цярпліва чакалі людзі самых розных узростаў
А каб было трошкі весялей, падтрымаць каманду “Краіны для жыцця” прыехаў мінскі празаік, паэт і бард Анатоль Кудласевіч
Чэргі з людзей, якія жадаюць пабудаваць сапраўдную Краіну для жыцця, доўжыліся да цямна

Цяжка дакладна адказаць, колькі ўсяго прыйшло людзей пакінуць подпісы за кандыдата Святлану Ціханоўскую, але, судзячы па ўсім, не менш за дзве тысячы, можа нават тры. Для Магілёва гэта надзвычай вялікая лічба, бо людзі даўно згубілі надзею нешта змяніць праз тую працэдуру, якая ў нашай краіне завецца “выбарамі”. Але будзем спадзявацца, што новыя, маладыя і крэатыўныя людзі, і не толькі з ліку прыхільнікаў каманды “Краіны для жыцця”, а так сама і староннікі іншых кандыдатаў, знойдуць спосабы кантролю за выбарамі, за сумленным падлікам галасоў. І пад час сённяшняй сустрэчы Сяргей Ціханоўскі неаднойчы заклікаў магілёўцаў быць не простымі пасіўнымі ўдзельнікамі на выбарах, а актыўна ісці ў назіральнікі, далучацца да кампаній, якія будуць рыхтаваць людзей для назірання, вывучаць законы і адстойваць свае канстытуцыйныя правы. Так што самае цікавае нас яшчэ чакае наперадзе.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

апошія запісы

Костюковичи празднуют

Дзяжурны адміністратар

«Страшна, усе хаваюцца за маскі». Як зьмяніліся Бялынічы за месяц масачнага рэжыму

Дзяжурны адміністратар

Всего два места в Могилёве определили для предвыборных пикетов

Дзяжурны адміністратар