Яндекс.Метрика «Дзяды супраць тэрору» ў Магілёве. Бяз масавых пратэстаў і зь нешматлюднай памінальнай імпрэзай - Магілёўскі Рэгіён

«Дзяды супраць тэрору» ў Магілёве. Бяз масавых пратэстаў і зь нешматлюднай памінальнай імпрэзай

У нядзелю, 1 лістапада, дзясятак чалавек традыцыйна сабраліся на Дзяды ля Крыжа памяці на праспэкце Дзьмітрава. Як патлумачылі арганізатары, памінальная імпрэза шырока не анансавалася, «каб на месцы жалобы па ахвярах бальшавіцкага і сталінскага тэрору не хапалі людзей невядомыя асобы ў чорным», паведамляе Радыё Свабода.

«Людзі з псыхалёгіяй катаў паўтараюць цяпер тое, што тут адбывалася ў 1920–1930 гады», — кажа ля Крыжа кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Віталь Макаранка.

Невялікая грамада ля Крыжа памяці

«Непакаранае вяртаецца ў яшчэ больш пачварнай форме, — упэўнены ён. — Мы спадзяваліся, што ХХІ стагодзьдзе стане часам, у якім пераможа цывілізацыя, культура, будуць узятыя новыя духоўныя вышыні, але бачым, што 1930-я і цяперашні час зьнітаваліся крывавай повязьзю».

Памінальная імпрэза доўжылася блізу гадзіны. Міліцыі на месцы яе правядзеньня не было. Пазьней стала вядома, што сілавікі былі ля крыжа за дзьве гадзіны да пачатку. Паводле відавочцаў, адзін зь міліцыянтаў зрэзаў з памятнага знака бел-чырвона-белую стужку.

На вуліцы Першамайскай супрацоўнікі ДАІ «зарэзэрвавалі» месца для аўтазакаў

Звыкла цэнтар гораду блякавалі сілавікі. Імі кантраляваліся патэнцыйныя пляцоўкі гуртаваньня пратэстоўцаў, якія згадваліся ў тэлеграм-каналах. Прыпынак грамадзкага транспарту насупраць гарвыканкаму, як афіцыйна паведамлялася, зь меркаваньняў бясьпекі закрылі, бо на прылеглай плошчы маглі сабрацца на «несанкцыянаваную акцыю» грамадзяне.

Пад асаблівай увагай міліцыі знаходзілася пешаходная вуліца Ленінская. На ёй было ажыўлена. Жанчыны шпацыравалі з букетамі кветак і лісьця. Зьбірацца ў групы мінакам не давалі. Вуліцу патрулявалі міліцыянты і сілавікі ў чорнай вопратцы. Паводле відавочцаў, усіх, хто гуляў тут, здымалі на відэа. Сядзець на лаўках і надоўга затрымлівацца ля вулічных музыкаў не дазвалялася.

Патрулююць міліцыянты і плошчу Леніна. За будынкам напагатове сілавікі ў аўтобусах

«Апошні месяц на гэтай вуліцы па нядзелях увялі камэнданцкі час, — абураецца пажылы мужчына. — Я тут з маленства жыву, і такога не было. Ідзеш і азіраесься, каб цябе не забралі. Ужо і ня ведаеш, што тут можна рабіць, а што не».

Праваабаронцы з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру «Вясна» кажуць пра аднаго затрыманага. Мужчыну забралі зь бел-чырвона-белым сьцягам. Ён у Кастрычніцкім аддзеле міліцыі.

Aрхіўнае фота. Апошняя акцыя пратэсту на пешаходнай вуліцы Ленінскай

Апошнюю масавую акцыю пратэсту «Народную інагурацыю» Ціханоўскай у Магілёве прыхільнікі пераменаў зладзілі 27 верасьня. Некалькі дзясяткаў удзельнікаў разагнала міліцыя з ужываньнем сілы і спэцсродкаў.

Цяпер пратэстоўцы зьбіраюцца невялікімі групамі на пешаходнай вуліцы Ленінскай, праводзяць удалечыні ад гарадзкога цэнтру адзіночныя пікеты зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ды ладзяць «партызанскія вылазкі» ў спальных раёнах, вывешваючы нацыянальную сымболіку, якую ліквідуюць сілавікі і камунальнікі.

Напярэдадні ў тэлеграм-каналах паведамлялася пра дзясятак лякальных акцыяў па горадзе. У розных яго частках вывешваліся бел-чырвона-белыя сьцягі, ладзіліся пэрформансы да Хэлоўіна, з атрыбутыкай, дапасаванай да цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Фота: Радыё Свабода