Яндекс.Метрика
Навіны Бялыніч Спорт і здароўе

Галоўны ўрач Бялыніцкай ЦРБ расказаў пра сітуацыю з COVID-19 у раёне

Галоўны ўрач Бялыніцкай ЦРБ Павел Манько расказаў, якая зараз складваецца сітуацыя з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі ў Бялыніцкім раёне, але зноў не назваў агульную колькасць захварэўшых і кантактаў першага ўзроўню.

Сваімі назіраннямі Павел Манько падзяліўся падчас інтэрв’ю з карэспандэнтам газеты “Зара над Друццю” Вольгай Набокавай. У прыватнасці, Павел Аляксандравіч адзначыў, што бальніца зараз падзеленая на “чыстую” і “брудную” зоны.

50 ложкаў тэрапеўтычнага аддзялення Бялыніцкай ЦРБ перапрафіліяваны для лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй і падазрэннем на яе.

Пры гэтым яшчэ і 2-е хірургічнае аддзяленне бальніцы пераўтварылася ў міжраённае хірургічнае для жыхароў Бялыніцкага, Шклоўскага і Круглянскага раёнаў, хворых на COVID-19, з экстранай хірургічнай паталогіяй.

Перапрафіліраваны і размежаваны таксама палаты рэанімацыйнага аддзялення.

Па словах П.Манько, большасць, а даклана, 80% пацыентаў, у каго быў пацверджаны каранавірус, – гэта тыя, хто кантактаваў непасрэдна с хворымі. На час знаходжання COVID-19 яны ўжо былі ў самаізаляцыі, у астатніх 20% вірус быў выяўлены па клінічнай сімптаматыцы.

Павел Аляксандравіч распавёў, што ў 78% пацыентаў Бялыніцкага раёна зарэгістравана лёгкае або бессімптомнае цячэнне захворвання. У 22% – сярэдняе і сярэднецяжкае, гэтыя пацыенты знаходзяцца на стацыянарным лячэнні. 20% тых, хто захварэў раней, ужо выпісаліся і выздаравілі.

Таксама галоўны ўрач адзначыў, што зараз цячэнне хваробы ў лёгкай і бессімптомнай форме не з’яўляецца падставай для шпіталізацыі. Выключэнне складаюць выпадкі, калі пацыент з пацверджным COVID-19 не мае магчымасці самаізалявацца дома.

Медыцынскую дапамогу пацыентам, якія застаюцца дома, аказваюць выязныя брыгады, так званыя кантактныя групы. У Бялыніцкай ЦРБ створаны 1 дзіцячая і 4 дарослыя групы, якія не толькі аказваюць дапамогу хворым, але і выязджаюць для агляду кантактаў 1-га ўзоўню, узяцця ў іх крыві і мазкоў.

Павел Манько запэўніў, што ў ЦРБ маюцца ўсе неабходныя сродкі для дыягностыкі COVID-19, а таксама патрэбнае медабсталяванне. Летась бальніца набыла 3 наркозна-дыхальныя і апаратыштучнай вентыляцыі лёгкіх, ёсць нават іх запас. У аддзяленні рэанімацыі пры патрэбнасці ў 6 апаратаў маюцца 8, у аперацыйных залах – 4 пры патрэбнасці два. З 21 да 31 павялічылася колькасць кропак, дзе пацыенты праходзяць працэдуру кіслародатэрапіі.

Паводле П.Манько, супрацоўнікі бальніцы поўнасцю забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, іх запасы пастаянна папаўняюцца.

Як кажуць, галоўнаму ўрачу бачна лепш. Толькі вось карэспандэнту “Магілёўскага рэгіёну” супрацоўнікі Бялыніцкай ЦРБ, прычым розныя, казалі, што якраз сродкаў індывідуальнай абароны ў іх і не хапае, вымушаны аднаразовыя рэчы выкарыстоўваць па некалькі разоў, пасля прання і абеззаражання. Што ж, падманвалі, верагодна, як жа можа быць па іншаму…

У інтэрв’ю П.Манько так і не агучыў ніякай інфармацыі аб агульнай колькасці хворых на COVID-19 і колькасці кантактаў першага ўзроўню ў Бялыніцкім раёне.

Адмовілася назваць гэтыя лічбы і намесніца старшыні Бялыніцкага райвыканкама І.Фурсава, калі выпускаючы рэдактар “Магілёўскага рэгіёну” Б.Вырвіч хацеў удакладніць інфармацыю для чытачоў інтэрнэт-партала. Ірына Уладзіміраўна, якая, згодна сваёй пасады, курыруе ў раёне, у тым ліку, і ахову здароўя, адказала, што не можа адказаць на пытанне, бо не валодае дакладнай інфармацыяй, лічбы пастаянна змяняюцца.

Нагадаем, што раней П.Манько казаў пра тое, што “сёння пацыентам з COVID ў кругласутачным рэжыме аказваюць дапамогу тэрапеўтычнае аддзяленне і аддзяленне рэанімацыі. Лекары, якія там працуюць, суткамі не пакідаюць бальніцу”.

Па неафіцыйных звестках, у апошнія тыдні ў Бялыніцкім раёне рэзка ўзрасла колькасць выяўленых выпадкаў інфікавання COVID-19. Па словах медыцынскіх работнікаў, якія пажадалі застацца ананімнымі, у Бялыніцкім раёне “вельмі шмат кантактаў першага ўзроўню”. Медыкі рэкамендуюць бялынічанам строга прытрымлівацца правілаў прафілактыкі коронавирусной інфекцыі.

Ускосна пацвярджае гэту інфармацыю і галоўны ўрач Бялыніцкага райЦГЭ Алена Дамарацкая. У той жа газеце “Зара над Друццю” яна канстатуе, што “пакуль яшчэ вельмі рана вяртацца да раней звычайных паводзін” і заклікае без крайней неабходнасці не пакідаць дамы, не рабіць “шматлюдныя юбілеі і іншыя святы”.

А.Дамарацкая звяртае ўвагу на неабходнасць захоўваць меры самаізаляцыі тым людзям, якім патрэбна адбыць карантын, і папярэджвае іх пра адказнасць за парушэнне. Паводле галоўнага ўрача райЦГЭ, ужо 6 бялынічан пакараныя штрафамі ў 30 базавых велічынь за парушэнне правіл самаізаляцыі.

Дарэчы, з тым, як накіроўваюць на самаізаляцыю, у Бялыніцкім раёне вельмі цікавая сітуцыя. Вось што напісаў у адной з сацыяльных сетак жыхар Бялыніч:

Чалавек два тыдні, будучы кантактам 1-га ўзроўню, нічога пра гэта не ведаў, і свабодна хадзіў па гораду. Колькіх ён мог інфіцыраваць, калі б быў хворы? Дзякуй Богу, аказаўся здаровы. А зараз яго “садзяць” на карантын.

Магчыма, вось гэта сітуацыя лепш, чым прыгожыя словы дактароў, характарызуе сітуацыю з прафілактыкай распаўсюду каронавіруснай інфекцыі ў Бялыніцкім раёне…

Віктар Баравікоў

 

апошія запісы

«Страшна, усе хаваюцца за маскі». Як зьмяніліся Бялынічы за месяц масачнага рэжыму

Дзяжурны адміністратар

В Белыничах можно сделать платный тест на коронавирус

Дзяжурны адміністратар

Прокуратура выявила массу нарушений в охране историко-культурного наследия в Могилевской области