Яндекс.Метрика Гісторыі актывістаў з Бабруйска, якія зьехалі зь Беларусі празь перасьлед - Магілёўскі Рэгіён

Гісторыі актывістаў з Бабруйска, якія зьехалі зь Беларусі празь перасьлед

Рэпрэсіі і пагроза крымінальнага перасьледу за падтрымку пратэстаў і ўдзел у іх вымусілі многіх актывістаў зьехаць зь Беларусі. На чужыне апынуліся і тыя, чыя дзейнасьць была прыкметнай цягам апошнім дзесяці гадоў.

Пра эміграцыю і жыцьцё ўдалечыні ад радзімы Радыё Свабода расказваюць трое бабруйскіх актывістаў — Яўген Глаголеў-ВаськовічАндрэй Архіпенка i Алег Жалноў.

 

Яўген Глаголеў-Васьковіч: «Тое, што творыцца на радзіме, мае шмат падабенства з убачаным на зоне»

  • 30 гадоў. Карэнны бабруйчанін. Быў адлічаны з 2 курсу Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова, дзе вывучаў журналістыку.
  • У 2011 годзе суд прысудзіў яму 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за падпал будынку мясцовага аддзелу КДБ. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем на той падставе, што жорсткасьць пакараньня была «несувымерная ўчынку». Адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні, але ў 2015 годзе быў вызвалены ўказам Лукашэнкі.
  • Узначальваў «Малады фронт». Яго неаднаразова затрымлівалі і арыштоўвалі на розныя тэрміны.
  • Сябра аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
  • Жанаты з журналісткай Александрынай Глаголевай. У іх двое малалетніх дзяцей.

Яўген зь сям’ёй зьехаў зь Беларусі ў кастрычніку 2020 году. Куды — ня хоча раскрываць.

Актывіст кажа, што вымушаны быў эміграваць праз пагрозу крымінальнай справы, а таксама боязі, што органы апекі забяруць дзяцей. Пра гэта даведаўся ў бабруйскім ізалятары, у які трапіў на 12 дзён паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў акцыі пратэсту.

Яўген Глаголеў-Васьковіч з жонкаю Александрынай

Па словах Яўгена, у зьняволеньні апэратыўнікі высьвятлялі, ці прасіў ён у адным з чатаў «дасылаць дадзеныя сілавікоў, якія парушаюць заканадаўства з палітычных матываў». Дома тым часам правялі ператрус з выманьнем кампутараў. Жонку страшылі крымінальным перасьледам за мужаў допіс, у якім нібыта экспэрты выявілі абразу міліцыянтаў.

Яўген кажа, што сям’і на чужыне спакойна. Клопат з наладжваньнем жыцьця заглушае сум па радзіме. Жывуць яны ў двухпакаёвай кватэры. Дзяцей у садок пакуль не ўладкавалі, бо карантын. Сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць падтрымліваць сувязь з роднымі. Разам з Александрынай Яўген працягвае журналісцкую дзейнасьць, а таксама спрабуе знайсьці для сябе месца ў палітыцы.

Паводле Яўгена, вярнуцца ў Беларусь яны змогуць, калі ўпэўняцца, што ім нічога не пагражае. Тое, што адбываецца на радзіме, актывіст лічыць «контранаступам сыстэмы». На ягоны погляд, гэта лягічнае разьвіцьцё сытуацыі.

«Сыстэма Лукашэнкі бачыць, што на яе не наступаюць, дык сама кінулася ў бойку, каб зьмяць ворагаў», — тлумачыць Глаголеў-Васьковіч.

Актывіст кажа, што ў зьняволеньні «не супраціўляўся зэкаўскай субкультуры, а наадварот, уліўся ў яе». Дзякуючы гэтаму зразумеў нявольніцкую філязофію — і бачыць у ёй шмат агульнага з гвалтам, які чыніцца ў Беларусі.

Паводле яго, апошнія 15 гадоў улада «вучылася супрацьстаяць мірнай форме пратэсту», а генэральная рэпэтыцыя адбылася на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. Сам Васьковіч тады ўдзельнічаў у пратэсьце і адседзеў 12 дзён арышту. Першы ж раз яго затрымалі за паўгода да гэтага.

Яўген кажа, што ў Беларусі два сымбалі — Зубар і Бусел, якім уласьцівыя два фарматы дзеяньняў. Гвалтам пасьля леташніх выбараў рэжым разбудзіў у беларусах зубра, які мусіць перамагчы.

«Галоўнае — не спыняцца», — падсумоўвае Яўген Глаголеў-Васьковіч.

 

Андрэй Архіпенка: «Мне сорамна, што недастаткова зрабіў для перамогі дэмакратыі»

  • 30 гадоў, нарадзіўся ў Бабруйску.
  • Скончыў гістфак БДУ. Працаваў афіцыянтам у рэстаране ў Менску.
  • Ініцыятар кампаніі па ўшанаваньні памяці Алеся Адамовіча і ўсталяваньні яму помніка. Бюст пісьменьніка паставілі на ягонай радзіме ў пасёлку Глуша ў 2019 годзе.
  • У Бабруйску быў каардынатарам выбарчага штабу вылучэнца на прэзыдэнта Валера Цапкалы.

Андрэй Архіпенка жыве ў Варшаве са студзеня. Тут зьбіраецца вывучыцца на палітоляга і адмыслоўца дзяржаўнага кіраваньня. Пакуль асвойвае польскую мову.

Андрэй Архіпенка (справа) на адкрыцьці бюста Алесю Адамовічу ў Глушы, 9 лістапада 2019

Актывіст кажа, што апошнім часам яму ў Беларусі было невыносна: «кожны дзень пражываў у чаканьні, што па мяне прыйдуць». Цяжка было праглядаць навіны, якія «паказвалі, як улада зьнішчае народ».

Па словах Андрэя, ён удзельнічаў шмат у якіх акцыях пратэсту ў Менску. Дапамагаў журналістам замежных выданьняў асьвятляць падзеі на радзіме і працаваў з дыяспарамі. Незадоўга да ад’езду за мяжу даваў паказаньні адвакату кіроўцы таксі, якога пабілі сілавікі.

Андрэй кажа, што ў Варшаве супакоіўся і не асьцерагаецца, што яго схопяць на вуліцы. Спачатку было нязвыкла ўдзельнічаць у акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю, ня бачачы «сілавікоў у масках, якія цягнулі б у бусы ўдзельнікаў». Яго таксама дзівіць, што не замалёўваюць сымбаляў мясцовых пратэстаў супраць забароны абортаў. Пратэставая атрыбутыка застаецца на вітрынах і вокнах кватэр.

Актывіст упэўнены, што пратэсты на радзіме адновяцца, нягледзячы на рэпрэсіі. Бабруйчанін ганарыцца беларусамі, якія партызанскімі вылазкамі паказваюць, што пратэставы рух ня здушаны.

«Мне сорамна, што я ня змог зрабіць больш, каб у Беларусі перамагла дэмакратыя і паважаліся правы чалавека», — кажа ён.

Андрэй Архіпенка на фоне палітычных графіці ў падтрымку Беларусі

Андрэй Архіпенка заяўляе, што вернецца на радзіму, бо тут застаўся хворы бацька. Калі выпраўляўся за мяжу, то палохаўся думкі, што больш яго жывым не пабачыць і ня зможа прыехаць на пахаваньне. Перапісваецца зь ім кожны дзень. Не забывае акцыяў пратэсту, у якіх удзельнічаў і бачыў, як сілавікі абыходзіліся з дэманстрантамі.

Андрэй зьбіраецца дапамагаць землякам. Прадумвае ідэю, ці не стварыць музэй беларускага пратэсту, а таксама фонд імя Адамовіча дзеля дапамогі рэпрэсаваным беларусам.

 

Алег Жалноў: Беларусы намагаюцца выправіць ранейшыя памылкі

  • 55 гадоў, нарадзіўся ў Разані.
  • Скончыў сувораўскую вучэльню ў Маскве ды Разанскую вайсковую вучэльню сувязі. Па разьмеркаваньні трапіў у Беларусь. Служыў у Бабруйску, Горадні і Наваградку. Удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мае другую вышэйшую юрыдычную адукацыю.
  • Праз траўму хрыбетніка камісавалі з войска пасьля дзесяці гадоў службы. Займаўся праграмаваньнем, аказваў паслугі ў абароне аўтамабіляў ад крадзяжу, працаваў на бабруйскіх прадпрыемствах.
  • Стаў вядомы відэасюжэтамі на YouTube-канале, у якіх фіксаваў правапарушэньні супрацоўнікаў міліцыі.
  • У 2014 годзе ягонага сына Аляксея пакаралі трыма гадамі «хіміі». Зьняволеньне сына блогер называе помстай яму за выкрывальніцкую дзейнасьць.

Алег Жалноў кажа, што зьехаў за мяжу (не называе, куды), бо ў Беларусі яму пагражаў крымінальны перасьлед за праваабарончую дзейнасьць і «адвольнае пакараньне без суду і сьледзтва».

Паводле яго, бабруйскім прадпрыемствам забаранілі браць яго на працу, і яму не было з чаго жыць. Апошнія некалькі год ён зарабляў таксаваньнем, але падчас вобшукаў сьледчыя забіралі неабходны для такой працы рыштунак.

Алег Жалноў

У эміграцыі Алег Жалноў робіць кіроўцам. Працаю задаволены — яму падабаецца падарожнічаць, і цяпер ён стараецца пабачыць як мага больш краінаў і гарадоў.

Жалноў падтрымлівае сувязь з бабруйскімі актывістамі і кажа, што ня кідае прававой асьветы: вучыць ахвотных, як бясьпечна мець справу з прадстаўнікамі ўлады. Заяўляе, што ў Беларусь вернецца, калі беларусы «зразумеюць, што любы рабочы ці хатняя гаспадыня значна вышэйшыя статусам за чыноўніка і прэзыдэнта».

На ягоную думку, «беларусы сваёй абыякавасьцю адмовіліся быць крыніцаю ўлады на карысьць дзяржаўных структураў, якія сталі эксплюататарамі і парушальнікамі грамадзянскіх правоў».