Яндекс.Метрика
Культура Навіны Магілёва

Кіно, якое патрэбна паказваць ва ўсіх школах краіны

У Магілёве прайшоў прэм’ерны прагляд і абмеркаванне яшчэ адной беларускай кінастужкі. Гэтым разам магілёўцы паглядзелі фільм рэжысёркі Улады Сяньковай «II» (Два). Гэта вельмі моцнае аўтарскае кіно пра самыя актуальныя праблемы грамадства, асабліва датычных ўзаемаадносінаў сярод падлеткаў, стасункаў у сем’ях і з настаўнікамі.

Гасцей прадставілі і вялі дыскусію Святлана Багуслаўская і Юлія Назаранка – сацыёлагі, арганізатары канферэнцыі TEDxMahilyow
Кадр з фільма «II» (Два)

На прагляд завіталі госці з Мінску, хоць і не сама аўтарка ці акторы, але людзі, якія спрычыніліся да стварэння фільму. У грамадкі цэнтр «Кола», дзе 20 снежня адбыўся кінапаказ, прыйшло шмат моладзі, было вельмі жывое і плённае абмеркаванне, мінскія госці нават былі здзіўленыя як колькасцю людзей, так і іх вельмі грунтоўнымі разважаннямі пад час абмеркавання. Тэма, закранутая ў фільме, сапраўды надзвычай цяжкая і складаная, шмат хто нават выказваўся, што стужку ўвогуле варта паказваць у школах, каб яе глядзелі і юнакі з бацькамі, і настаўнікі. Магчыма, менавіта праз такое паглыбленне ў праблему, праз кінаэкран, грамадства паглядзіць на сябе звонку ды аб нечым задумаецца. Калі сказаць больш дакладна – то гэта фільм пра нецярпімасць у любой яе праяве, нянавісць да тых, хто чымсьці адрозніваецца, пра адсутнасць сексуальнай адукацыі і закарэласць самой школьнай сістэмы.

Злева на фота асістэнт па акцёрам Ян Кардаш, за ім – гукарэжысёр Максім Гаўрыленка
Мікалай Лаўранюк – прадзюсар фільму «II»

Пад час абмеркавання кінастужкі

Фільм «II» створаны Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» у супрацы з інстытутам па інфармацыйных тэхналогіях у адукацыі ЮНЕСКА. У галоўных ролях: Аліна Юхневіч, Аляксей Вайніловіч, Іларыя Шашко. Фільм удзельнічаў у кінафестывалі «Лістапад», а на 35-м Варшаўскім міжнародным кінафестывалі атрымаў прыз журы. Ёсць папярэднія дамовы пра паказ стужкі на беларускім тэлебачанні, а з часам яго можна будзе паглядзець і на Ютубе.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

апошія запісы

Як магілёўцы «просяць», каб у іх адабралі грошы на дзяржСМІ і дабрачыннасць (ФОТА)

Судовыя выканаўцы забаранілі Рыгору Кастусёву карыстацца аўтамабілем і гаражом

У Шклове ўзгадалі Анатоля Сербантовіча