Яндекс.Метрика Краснаполле жыве ў БССР? - Магілёўскі Рэгіён

Краснаполле жыве ў БССР?

Адзін з самых малых раённых цэнтраў Магілёўскай вобласці – гэта Краспаполле, які налічвае 5,7 тысяч насельніцтва. Мястэчка са сваёй атмасферай, гісторыяй, планіровачнай структурай, адметнымі мясцінамі і цікавымі помнікамі.

У Краснаполлі нарадзіліся Анатоль Калінін – беларускі дзяржаўны дзеяч, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі (2010—2018) і Ігар Марзалюк – беларускі гісторык і археолаг, член Савета Палаты предстаўнікоў. Нягледзячы на двух дзяржаўнікаў-ураджэнцаў Краснаполля на мясцовым райвыканкаме дагэтуль (!) вісіць герб не Рэспублікі Беларусь, а Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Невыпадкова і лунае на адміністрацыйным будынку чырвона-зялёны сцяг, што быў прыняты ў 1951 годзе як афіцыйная сімволіка адной з савецкіх рэспублік.

Зусім недалёка ад мясцовага райвыканкама, на невялікай местачковай плошчы, размешчаны мармуровы помнік правадыру камуністаў – Уладзіміру Леніну. Прычым выгляд помніка стварае ўражанне, што ўсталяваны ён быў 10-15 год таму, настолькі добрая яго захаванасць.

З пэўнай перыядычнасцю каля райвыканкама з’яўляецца і чырвоны сцяг СССР. Першага мая і сёмага лістапада ў Краснаполлі гэтаксама актыўна святкуецца мясцовым чынавенствам. Раённая газета Краснаполля, як рупар мясцовых навінаў, таксама мае савецкае найменне – “Чырвоны сцяг”. Прычым пачала “раёнка” выдавацца ў 1932 годзе пад той жа самай назвай, што і цяпер.

З гэтага можна зрабіць выснову, што не ўсе паселішчы нашай краіны жывуць у Рэспубліцы Беларусь, некаторыя закансерваваліся і засталіся ў савецкім мінулым. Краснаполле – яскравы прыклад гэтай неадназнайнай грамадска-палітычнай з’явы.

Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара