Яндекс.Метрика
Меркаванне Навіны Крычава

Крычаў: Поспех ці правал градабудаўнічага праекта?

У пачатку 2020 года з’явілася інфармацыя, што да 2030 года Крычаў пачне развівацца па новаму генплану. Прычым як заяўлялі ў Крычаўскім райвыканкаме ўжо стартавала грамадскае абмеркаванне даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы градабудаўнічага праекта. У новым генплане прадугледжана стварэнне безбар’ернага асяроддзя, інфраструктура для развіцця роварнага руху і сістэмы ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый. Для адпачынку плануюцца адаптаваць бераг малой рэчкі Крычаўкі, а таксама прылеглую да горада берагавую лінію Сажа. Ідэя сапраўды неблагая, бо гэта магло б стаць новым штуршком у развіцці горада і асабліва важна, што будуць пашырацца рэкрэацыйныя зоны і ўпарадкоўвацца водныя аб’екты. Гэта натуральным чынам палепшыла б экалагічную сітуацыю ў горадзе, а таксама стан упарадкавання гарадскіх тэрыторый. Але давайце больш прыгледзімся да рэалізацыі гэтых задумаў.

Новы квартал горада пачаў будавацца пасля з’яўлення новай школы, якая адпавядае сучаснаму слову тэхнікі: электронныя дзённікі і пропускі, новыя спартыўныя пляцоўкі, вялікая і добраабсталяваная актавая зала, басейн і інш. Сапраўды, школа фактычна стала так бы мовіць “лакмусавай паперкай” для рашэння мясцовай улады пачаць пашыраць межы т. зв. мікрараёна “Камсамольскі”, які пачаў будавацца яшчэ ў 1970-я гг. Новыя дамы размяшчаюцца блізка каля школы, але і блізка каля вялікага аўрага, па якім цячэ тая самая маленькая рака Крычаўка. На сёння ўжо пабудавалі два дома, аднак распачаты будаўнічыя працы яшчэ двух дамоў.

Давалося пазнаёміцца і агледзець адзін з новых дамоў. Дом пафарбаваны ў адносна светлыя і збольшага пазітыўныя колеры. Прылеглая да дома тэрыторыя паабапал яшчэ застаецца неўпарадкаванай. Напрыклад, нягледзячы на тое, што будаўнічыя работы фактычна скончыліся дагэтуль каля дома стаіць “шпакоўня” – драўляны туалет, пабудаваны для працоўных. Яго напэўна варта было б даўно прыбраць, але ў горадзе туалет падчас будаўнічых работ і нават пасля іх завяршэнне становіцца сімвалам, “разынкай” і нават “упрыгажэннем”. Так і ўзгадваецца, якія смачныя фотакадры і арыгінальныя матэрыялы ў другой палове 2000-х гг. пісала незалежная газета “Вольны горад” падчас будаўніцтва дома № 20 па мікрараёну Камсамольскі. Там была ў нечым падобная сітуацыя: дом даўно здалі, а вось драўляны туалет заставаўся яшчэ некалькі гадоў.  Можа ён быў сімвалам зменаў да лепшага і мясцовая вертыкаль такім арыгінальным спосабам гэта хацела падкрэсліць? Хаця магчыма былі прыхільнікі спраўляць свае патрэбы менавіта ў такіх туалетах, што размяшчаюцца на вуліцы, а не ў кватэрах. Мы ж, як кажуць, жывем у свабоднай краіне, пагэтаму можна хадзіць у розныя туалеты, да якіх ляжыць д….уша, так бы мовіць. Па гэтаму гэта чарговая праява дэмакратычнасці, дзе ўлічваюцца любыя жаданні жыхароў дамоў і гарадоў.

Вакол дома шмат будаўнічага смецця, што разам з туалетам ствараюць не самую пазітыўную карціну і паказваюць, што тэндэнцыі і практыкі будавання не змяняюцца. На вялікі жаль…. Баюся, што і дамы, якія цяперака пафарбаваны ў пазітыўныя колеры праз 5-10 год будуць шэрымі і абдрапанымі, як і іншыя дамы мікрараёна Камсамольскі, што былі пабудаваны ў 1990-х і 2000-х гадах.

Яшчэ больш здзіўляе, наконт заяваў мясцовай улады пра экалагічны падыход ва ўпарадкаванні водных аб’ектаў. Вышэй адзначана, што побач з дамамі знаходзіцца вялікі аўраг, які працінае рэчка Крычаўка. Практычна побач са школай выцякае невялічкі ручай, які з’яўляецца адным з прытокаў Крычаўкі. І менавіта ў гэты ручай выведзена вялікая сточная труба з новага мікрараёна. Вось такі экалагічны падыход крычаўскіх чыноўнікаў!!! Прычым труба для стока таўстая і вялікая, а гэта сведчыць, што адходы будуць выцякаць з цэлага міні-квартала і трапляць напрамую ў ваду ручая.

Вада ручая буде несці разнастайныя фекаліі адпаведна ў рэчку Крычаўку. Няўжо гэта і ёсць адзін з пунктаў па адаптацыі берага Крычаўкі ў рэкрэацыйную зону? Калі так, то няўжо прыемна будзе мясцовым жыхарам адпачываць каля воднага аб’екта, які будзе смярдзець і ў якім будуць плаваць розныя адходы чалавечай жыццядзейнасці??? Я ўжо не кажу пра тое, што трэба праводзіць эколага-гідралагічныя даследванні. Напрыклад, ці вывучалася гаспадарчае і мелірыяцыйнае значэнне малога воднага аб’екта? І ці былі абследваны рэчышча рэчкі, яго берагоў,  характар дна і жыўлення ракі? Усе гэтыя пытанні надзвычай важныя, каб пачынаць якія-небудзь будаўнічыя працы ці здзяйсняць ідэі па ўпарадкаванню водных аб’ектаў. Практычна ўпэўнены на 100%, што ні аб чым падобным ніхто з чыноўнікаў нават не думаў, не тое што хацеў здзейсніць. Я ўжо не кажу пра гістарычнае значэнне невялічкай рэчкі Крычаўкі, якое яна мела ў мінуўшчыне старадаўняга горада, што таксама трэба ўлічыць.

Проста здзіўляешся як безграматна, абыякава і бяздумна рэалізоўваюцца будаўнічыя праекты ў горадзе. Хаця апошнім часам адзінкавыя праекты можна сапраўды назваць прадуманымі, якія не шкодзяць, а спрыяюць добраму іміджу горада. Большая частка з іх узроўня “абняць і плакаць”. Такім чынам, мы атрымоўваем карціну наступную: чынавенства займаецца тымі пытаннямі, у якіх не мае ніякай кампетэнцыі. На вялікі жаль, у шмат каго нават прыблізнага ўяўлення не маецца…. Спадзяванне на ўдумлівы і разумны падыход не маю, але ёсць надзея што калі-небудзь мясцовыя чыноўнікі і жыхары горада нарэшце пачнуць цаніць экалагічны патэнцыял горада і ганарыцца ім, разумна ўпарадкоўваючы водныя аб’екты. Але колькі пройдзе часу і колькі яшчэ шкоды нанясуць прыроднаму і гістарычнаму вобліку Крычава на паддаецца ацэнцы….

Наконт астатніх заяваў нават крыху смешна становіцца. Згодна дарожнай карты ў горадзе павінны з’явіцца цэлых два новых мікрараёна. Новыя дамы будуць будавацца і здавацца ў эксплуатацыю, але ж дзе людзям знаходзіць працу, калі скарачэнне працоўных месцаў у Крычаве адбываецца з кожным годам? Для чаго новыя дамы і кварталы, калі ў горадзе няма працы, а прадпрыемствы і арганізацыі зачыняюцца? Хаця заявы мясцовых чыноўнікаў я б не стаў успрымаць надта сур’ёзна, бо ў іх часта бывае, як у той пагаворцы “Размах на рубль, а удар на копейку”. Вось і тут такім чынам. Дзе знойдуць грошы для гэтых амбіцыйных праектаў? І наогул ці будзе небяспечна для прыроднага асяродку і гістарычнай спадчыны гэтыя ідэі? Бо  вельмі сумна становіцца, калі добрыя ідэі выконваюцца бяздарна. І гэта вялікая бяда не толькі крычаўскіх чыноўнікаў, якія на жаль розумам не вылучаюцца, але і кіраўнікоў розных рангаў усёй Беларусі.

Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара

апошія запісы

Сергей Руденко: Лукашенко идет дорогой Януковича

Быхов: Скованные одной цепью

Дзяжурны адміністратар

Арцём Шрайбман: улада “пасыпалася”, і жорсткасцю пратэсты ўжо не сцішыць

Дзяжурны адміністратар