Галоўная » Крычаў: Рэчка Крычаўка — вялікая праблема для горада?

Крычаў: Рэчка Крычаўка — вялікая праблема для горада?

Тэматыка малых рэк, іх экалагічнага стану і ўпарадкавання ваколіц неаднаразова падымалася на розных узроўнях і рознымі арганізацыямі.

На Беларусі больш за ўсё малых рэчак, і плошча іх водазбору таксама даволі значная. Рэчкі цякуць праз гарады, вёскі, мястэчкі ці паблізу іх, ствараючы непаўторныя пры родныя краявіды. У Сярэднявеччы гарады часта размяшчаліся на пакручастым ландшафце — людзі скарыстоўвалі яго як умацаванне, для абароны ад нападаў ворагаў.

Вось і ў Крычаве, акрамя цікавых гістарычных помнікаў, ёсць натуральнае ўзгорыстае ўзвышша. Яно прадстаўлена ровам, па якім цячэ невялікая рачулка Крычаўка. Назва апошняй, напэўна, паходзіць ад наймення горада, хоць, што першае было названа — рака ці паселішча, цяпер ужо ніхто не скажа…  Правы прыток Сожа ў мае маленькую даўжыню – крыху больш 5-ці кіламетраў. І працякае Крычаўка па большай частцы па гарадской прасторы Крычава.

Пяціпавярховыя дамы, якія стаяць ля маляўнічага рова, адносяцца да мікрараёна Камсамольскі. Гэты гарадскі раён пачаў будавацца толькі ў 70-я гады XX ст., у часы Савецкага Саюза. Раней тут было поле, на якім пасвілі кароў — нездарма найбліжэйшы завулак называцца Выганскі (ад слова “выган”). Каля тагачаснага поля знаходзіцца прыродны цуд — роў з досыць крутымі схіламі. Стромкі рэльеф арганічна ўпісаўся ў гарадскую прастору, а на прылеглай да схілаў тэрыторыі, што ў некаторых месцах характарызуецца рванасцю і абрывістасцю, людзі і дагэтуль сеюць агароды. Гэтая мясціна сапраўды вартая ўвагі, а такія незвычайныя краявіды гарадской прасторы выклікаюць захапленне і адчуванне асалоды ад пабачанага. Сотню ці дзве метраў прайсціся ўбок ад дамоў, паўз агароды — і ўжо цяжка паверыць, што знаходзішся ў межах горада. І якраз недзе тут, калі спусціцца па схіле рова да рэчкі, можна знайсці загачаны яе ўчастак. Пагрызеныя своесаблівым чынам дрэвы падказваюць, што тутэйшымі насельнікамі з’яўляюцца бабры. Прайсці яшчэ далей у поле — і абавязкова ўбачыш дзікіх качак, якія любяць лятаць ля рэчкі і сядзець на яе берагах.

Калі рэчка перацякае праз тунэль у старую частку горада, яна становіцца вельмі забруджанай. Неахайнасць людзей праявілася ў тым, што ў Крычаўку скідваюць рознае смецце: гумавыя рэчы, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, упакоўку ад розных відаў ежы і мноства металічных адходаў (ад накрывак слоікаў да цэлай жалезнай бочкі). Шкада, што камунальныя службы Крычава не заўважаюць праблем малой рэчкі, якая прыгожа цячэ па гарадской прасторы і ўрэшце ўпадае ў Сож. Адным словам, прыгажосць навокал, аднак яна губляецца за гарамі смецця і людской абыякавасці да наваколля.

Недалёка ад старажытнага гарадзішча Гарадзец, знаходзіцца невялікі мост праз Крычаўку. Выгляд яго далёка не самы лепшы,  бо пліты, па якіх ходзяць штодня нямала людзей, пачалі проста абсыпацца. Ці звернуць увагу на гэтую праблему камунальныя службы невядома… Між іншым яшчэ ў мінулым годзе Магілёўскі рэгіён пісаў пра тое, што пры будаўніцтве новых дамоў мікрараёна Камсамольскі  вялікая сточная труба была выведзена ў ручай, які ўпадае ў Крычаўку – https://6tv.by/krycha-pospeh-ci-praval-gradabuda-nichaga-praekta/. Складаецца такое ўражанне, што рэчка Крычаўка для мясцовых чыноўнікаў з’яўляецца не ўпрыгажэннем горада, а яе праблемай…

Алесь Крыжэвіч