Яндекс.Метрика Крычаўскае паўстанне - актуальная гістарычная падзея для сучаснага змагання за праўду - Магілёўскі Рэгіён

Крычаўскае паўстанне – актуальная гістарычная падзея для сучаснага змагання за праўду

У гісторыі Крычаўшчыны і наогул усяго Сярэдняга Пасожжа Магілёўшчыны ёсць маладаследаваная тэма Крычаўскага паўстання – самае масавае паўстанне ў беларускай гісторыі. Калі спрашчаць тагачасныя гістарычныя асаблівасці і адаптаваць падзеі паўстання да сённяшняга палітычнага крызіса ў краіне, то падчас паўстання народ Крычаўскага староства ўзняўся супраць гвалту і жорсткасці, а таксама супраць парушэння тагачасных правілаў жыцця і законаў. Канешне паўстанне ўсё ж дастаткова неадназначнае, бо яно мела антысеміцкія рысы, але разам з тым і антыфеадальны складнік. Аднак гэта неадназначная гістарычная падзея з’яўляецца пэўным прыкладам для сучаснага змагання за праўду, супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту і беззаконня.

Крыху гісторыі. Крычаўскае староства размяшчалася на мяжы з Расіяй і лічылася ўласнасцю караля Рэчы Паспалітай, аднак было перададзена ў «дзяржанне» магнацкаму роду Радзівілаў, якія здавалі яго ў арэнду. Арандатары былі зацікаўлены ў тым, каб за вызначаны тэрмін паспець атрымаць як мага больш прыбытку, а таму парушалі вызначаныя Радзівілам інвентары, дзе вызначаліся павіннасці сялян. Першае дзесяцігоддзе пасля Паўночнай вайны жыхарам Крычаўскага староства жылося надта складана, аднак асабліва цяжкія часы прыйшлі ў 1730-я гг., калі Крычаўскае староства арэндавалі Гдаль і Шмуйла Іцкавічы. Сваёй жорсткасцю да жыхароў староства яны не ішлі ні ў якое параўнанне са сваімі папярэднікамі. Толькі за чатыры гады Іцкавічы выбралі ў насельніцтва Крычаўскага староства звыш устаноўленых інвентарамі норм чыншу каля 700 тыс. злотых, а за ўвесь час іх дзевяцігадовай арэнды з сялян і гараджан спагнана было звыш належнага 1298909 злотых, 120270 коп пянькі, 39 вазоў мёду. Моцны прыгнёт і жорсткасць арандатараў у дачыненні да мясцовых жыхароў, непамерныя нормы чыншу, а таксама поўнае ігнараванне інвентароў, сталі фактычнымі прычынамі паўстання. Прыведзеныя паказчыкі сведчаць нам, што насельніцтва староства паўстала перадусіць супраць арандатараў-яўрэяў, якія не толькі спрабавалі максімальна выціснуць прыбытак з арэндаванага староства, але былі чужымі і па этнарэлігійнай прыкмеце.

Дзеяннямі арандатара і яго сістэмай эксплуатацыі былі вельмі незадаволены як ніжэйшае духавенства праваслаўнай царквы, так і мясцовыя мяшчане, гандляры, арандатары і купцы. Паступленне ўсіх даходаў у кішэню Іцкавічаў выклікала вялікае абурэнне ва ўсіх гэтых элементах. Яны бачылі ў асобах Гдалія і Шмуйлы сваіх канкурэнтаў, якія адымалі ў мясцовых купцоў і гандляроў іх даходы і ставілі іх у нявыгаднае становішча. Як было адзначана вышэй, у сялян Іцкавічы патрабавалі павышанага чыншу, нярэдка не выдавалі квіткоў пра аплату і потым ізноў патрабавалі грошы. За карыстанне млынам арандатары бралі не дзясятую, як звычайна, а сёмую мерку збожжа. Нават мясцовая шляхта падбухторвала сялян на радыкальныя меры, бачачы ў асобах Іцкавічаў адмоўных персанажаў.

Крычаўцы пісалі князю Гераніму Фларыяну Радзівілу скаргі, але слугі арандатараў лавілі іх на дарогах і чынілі расправу. Войта вёскі Селішчы Васіль Вашчыла, неаднаразова каралі за тое, што той ездзіў са скаргамі да князя. Аднойчы Вашчыла быў збіты і кінуты ў астрог, а другім разам пакараны 150 бізунамі. Аднак гэта не толькі не спыніла паўстанне, а з кожным месяцам распальвала вогнішча незадаволенасці. Урэшце 1743 год стаўся актыўным у змаганні з арандатарамі, калі ўзброеныя атрады сустракаліся па ўсім Крычаўскім старостве. Гэта гісторыя вельмі паказальна для рэчаіснасці, а больш грунтоўнае даследванне паўстання можа стацца прыкладам для сённяшняга змагання за новую Беларусь у выніку супольнага аб’яднання жыхароў краіны. Розныя слаі насельніцтва староства ў той час былі аб’яднаны адной мэтай – пазбавіць магчымасці братоў Іцкавічаў арэндаваць Крычаўскае староства. Калі занадта спрашчаць, то нешта падобнае адбываецца на сённяшні дзень, бо ў сучаснай Беларусі ідзе змаганне з нелегетымным  прэзідэнтам Іцкавічам-Лукашэнкам і яго вайсковай хунтай. У цяперашняй няпростай, а часам драматычнай і неадназначнай сітуацыі варта натхняцца падзеямі з уласнай багатай гісторыі. Натуральна, Крычаўскае паўстанне з’яўляецца не самай яскравай падзеяй у айчыннай гісторыі, але гэта вельмі добры прыклад згуртаванасці людзей, якія аб’яднаны агульнай мэтай, дабіліся пэўнага поспеху.

Так, у рэшце рэшт паўстанне атрымалі паразу, аднак мясцовыя жыхары розных пластоў насельніцтва мелі аднолькавыя мэты – не даць здзеквацца над сабою арандатарам Іцкавічам. Нягледзячы на тое, што войскі Радзівіла задушылі паўстанне, а завадатары былі жорстка пакараны, галоўная мэта была фактычна дасягнута – Іцкавічы перасталі быць арандатарамі Крычаўскага староства. Больш за тое, фактычны ўладальнік староства Геранім Фларыян Радзівіл замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некаторыя абмежаванні ў сялянскім гандлі, а таксама аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і некаторыя іншыя саступкі.

Такім чынам, толькі згуртаваная група людзей аб’яднаных адной канкрэтнай мэтай можа дабівацца поспеху, што паказвае гісторыя Крычаўскага паўстання. Больш за тое, у беларускай гісторыі хапала розных прыкладаў якія ў нечым перагукаюцца з сенняшняй сітуацыяй у краіне, калі арганізаваная група рабіла гераічныя ўчынкі і дасягала сваіх мэтаў. Пагэтаму чымайма розныя прыклады і аналізуйма актуальныя гістарычныя падзеі!

Алесь Крыжэвіч