Навіны Магілёва Палітыка і грамадства

Магілёўскіх журналістаў “упакавалі”. Каб не было каму інфармаваць пра самыя “сумленныя” выбары?

Учора ў судзе Ленінскага раёна Магілёва прайшлі разгляды адміністрацыйных спраў у адносінах трох журналістаў. Вынік чаканы – усе яны атрымалі магчымасць наведаць ІЧУ ў Магілёве на пэўны тэрмін.

Нагадаем, што ў сераду супраць нашых калег, журналістаў “Магілёўскага рэгіёну” Аляксандра Буракова-старэйшага і Уладзіміра Лапцэвіча ўчынілі правакацыю, а ў чацвер невядомыя ў масках затрымалі і рэдактара mspring.online Аляксандра Буракова-малодшага.

На судах шмат спыняцца не буду, бо журналісты “МР” рабілі стрымы з судовых пасяджэнняў, і нашы наведвальнікі могуць на ўласныя вочы пабачыць, як працуюць нашы самыя “чэсныя” суды ў свеце. У мяне асабіста пасля іх сканчэння ўзнікла пачуцце агіды і некалькі пытанняў, на якія я не магу адказаць: ці добра спяць нашы “неперадузятыя” суддзі і “звышсумленныя” супрацоўнікі міліцыі на чале з маёрам Паўлам Башарымавым? Як яны глядзяць у вочы сваім дзецям, і чаму яны іх вучаць? Пытанні без адказу…

Журналіста і праваабаронцу Аляксандра Буракова (старэйшага) суддзя Вікторыя Палякова пакарала 10 суткамі арышту. Журналіст заявіў, што міліцыянты ўчынілі супраць яго правакацыю з удзелам жанчыны, пра гэта ж казалі і сведкі здарэння. Аднак на рашэнне суддзі Паляковай гэта ніякім чынам не паўплывала…

Аляксандра Буракова (малодшага) суддзя Наталля Панасенка пакарала 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Паводле пратакола, ён, нібыта, 14 ліпеня ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікеце, на якім выказваўся супраць палітыкі дзейнай улады. Праўда, даказаць гэта ў судзе чамусьці не атрымалася, што было відавочна ўсім прысутным на працэсе.

Журналіста “Магілёўскага рэгіёну”, чальца юрыдычнай службы ГА “БАЖ” Уладзіміра Лапцэвіча суддзя Алена Літвіна пакарала 12 суткамі арышту. Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, пры гэтым суддзя Літвіна нават не захацела выслухаць сведкаў.

Не прыцягнула ўвагу суддзі і заява Лапцэвіча аб тым, што ў Ленінскім РАУС яго пабілі і надзелі кайданкі. На знак пратэсту журналіст аб’явіў галадоўку.

Што ж, чакаемая “зачыстка” адбылася. Не факт, што ў бліжэйшы час не апынуцца за кратамі і іншыя магілёўскія незалежныя журналісты. Наперадзе ж “сумленныя выбары”, яны будуць іх асвятляць, а ўладам гэтага, чамусьці, ну ніяк не падабаецца…

Учора ў судах Магілёва былі пакараныя арыштамі не толькі журналісты. Адправіліся за краты праваабаронца Аляксандар Хамратаў (10 сутак арышту), назіральнік Андрэй Застрэлаў (10 сутак арышту) і актывіст каманды Святланы Ціханоўскай Аляксандр Таланкоў (7 сутак арышту).

Перадвыбарчы шал у Магілёве працягваецца…

Відэа: Алесь Сабалеўскі

Тэкст: Іван Барысаў. Фота аўтара

 

Related posts

Триумфальная арка за 2 млн долларов: Могилев готовится принять Путина

Дзяжурны адміністратар

В Могилеве “Тойота” столкнулась со «Скания». Водитель госпитализирован

Шклоў: Дзень Волі