Яндекс.Метрика Магілёўскую журналістку Дар’ю Чульцову хутка будуць судзіць. Справа журналістак «Белсату» ўжо ў пракуратуры - Магілёўскі Рэгіён

Магілёўскую журналістку Дар’ю Чульцову хутка будуць судзіць. Справа журналістак «Белсату» ўжо ў пракуратуры

Пра гэта Свабодзе расказаў муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш. Навінаў пра завяршэньне расьсьледаваньня ў справе Кацярыны Барысевіч з Tut.by пакуль няма.

Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада разам з апэратаркай Дар’яй Чульцовай падчас стрыму з аднаго з дамоў, разьмешчаных на «плошчы Перамен». 20 лістапада абедзьвюм дзяўчатам выставілі абвінавачваньні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Журналістак перавялі з Акрэсьціна ў СІЗА Жодзіна, праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі. Як расказаў Свабодзе муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш, суд у справе яго жонкі можа пачацца ўжо ў бліжэйшыя тыдні.

«Матэрыялы справы Кацярыны знаходзяцца ў пракуратуры, — гаворыць Ігар. — Ведаю зь ліста ад яе, што Каця чакае ўжо этапаваньня ў Менск. Яна піша, што чакае суду, але ня робіць ніякіх прагнозаў наконт яго выніку. Дату этапаваньня і суду пакуль не прызначылі, падрабязнасьцяў пра гэта мы ня ведаем. Можна меркаваць, што ў суд справу перададуць у сярэдзіне студзеня».

Ігар Ільяш зазначае, што абвінавачваньні жонцы выставілі праз пяць дзён пасьля затрыманьня: Кацярыну затрымалі 15 лістапада, а 20-га выставілі абвінавачаньне.

«Відавочна, нейкі плян у гэтых людзей, якія давалі дабро на Каціну справу, ёсьць. Калі параўнаць з тым, што адбываецца з Ігарам Лосікам, якога трымаюць паводле таго ж артыкулу зь лета мінулага году, то ў мяне два варыянты тлумачэньня такой хуткасьці, — кажа Ігар. — Альбо яны хочуць зрабіць паказальна жорсткі прысуд, каб запалохаць журналістаў. Сыгнал, каб не вялі ніякіх стрымаў, не асьвятлялі пратэстаў. Альбо іншы варыянт — хочуць „намаляваць“ мяккі прысуд, штраф альбо ўмоўны тэрмін ці хатні арышт. Каб хваля салідарнасьці зьнікла, каб не было падставаў зноў і зноў гаварыць пра арышт журналістак. І адначасова можна было б абмежаваць іх у прафэсійнай дзейнасьці».

Паводле Ігара Ільяша, судзіць Кацярыну Андрэеву будуць разам з журналісткай з Магілёўшчыны Дар’яй Чульцовай. Адвакатка Дар’і знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні і амаль не дае інфармацыі пра стан яе падабароннай. Бацькі таксама неахвотна кантактуюць са СМІ. Аднак Чульцова і Андрэева паўсюль у дакумэнтах і матэрыялах справы праходзяць разам, таму можна меркаваць, што іх справа павінна разглядацца таксама ў адным працэсе. Першы тыдзень арышту Чульцова і Андрэева нават знаходзіліся ў адной камэры, але потым іх разьдзялілі. Журналісткі толькі аднойчы бачыліся ў калідоры СІЗА ў Жодзіна.

«Кацярына з кожным днём усё цяжэй пераносіць зьняволеньне, гэта адчуваецца, — кажа Ігар Ільяш. — Але яна захоўвае бадзёры настрой, баявы. У прынцыпе, яна ад самага пачатку рыхтавалася, што можа быць арышт, такое разьвіцьцё падзей. Крымінальная справа за прафэсійную дзейнасьць. Яна рыхтавалася псыхалягічна. Таму ў гэтым пляне яна трымаецца. Вядома, бываюць ноткі дэпрэсіўныя ў лістах. Але гэта натуральна. Я па сабе ведаю, што нават калі 15 дзён сядзіш, то бываюць перапады настрою. У цэлым Каця трымаецца добра. Што да стану здароўя, то пасьля пераводу ў Жодзіна ў Каці былі два моцныя алергічныя прыступы. Але потым ужо ўсё ў парадку, яна больш ня скардзілася».

Журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч за кратамі ўжо 52 дні. Першыя некалькі сутак яна правяла ў «амэрыканцы», затым яе перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пра ход расьсьледаваньня справы «аб выдаваньні лекарскай тайны, якое мела цяжкія наступствы» амаль нічога невядома. Разам з Барысевіч у ёй праходзіць лекар Арцём Сарокін, які таксама знаходзіцца пад вартай. Вядома, што да Барысевіч у СІЗА даходзяць далёка ня ўсе лісты. Сама журналістка піша, што чакае суду, на ўмовы ўтрыманьня ня скардзіцца. Да яе даходзяць перадачы, настрой бадзёры.