Яндекс.Метрика Магілёўскі рэгіён упершыню наведаў новы кіраўнік аддзялення пасольства Швейцарыі ў Мінску - Магілёўскі Рэгіён

Магілёўскі рэгіён упершыню наведаў новы кіраўнік аддзялення пасольства Швейцарыі ў Мінску

9 ліпеня з магілёўскімі грамадскімі актывістамі, незалежнымі журналістамі і праваабаронцамі сустрэўся новы кіраўнік аддзялення пасольства Швейцарыі ў Мінску Клод Альтэрматт.

Аддзяленне пасольства Швейцарыі ў Беларусі афіцыйна адкрылася ў лютым 2008 года, паўнавартаснага пасольства гэтай краіны ў нашай краіне пакуль няма. Спадар Клод Альтэрматт  прызначаны на пасаду кіраўніка аддзялення пасольства ў канцы мінулага году і гэта яго першае знаёмства з Магілёўшчынай. Такія паездкі ў рэгіёны, па словах дыпламата, вельмі важныя, паколькі даюць больш поўнае разуменне, як менавіта развіваецца краіна на сучасным этапе.

На пачатку сустрэчы шаноўнаму госцю ўручылі памятны падарунак – унікальны “Магілёўскі фотаальбом”
Сустрэча на “Кола” сабрала блізу дваццаці чалавек
Пад час гэткіх нефармальных сустрэч заўсёды ёсць што расказаць, чым падзяліцца – як станоўчымі дасягненнямі грамадскай супольнасці, так і, на жаль, шматлікімі праблемнымі момантамі, асабліва ў дачыненні пытанняў з грамадзянскімі правамі і свабодамі ў нашай краіне.
Але заўсёды прыемна, калі адмоўнага было б паменей, а станоўчага і добрага – паболей)

Сустрэча з  прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці Магілёва прайшла ў грамадскім цэнтры «Кола».  Да размовы з амбасадарам былі запрошаныя ўдзельнікі Цэнтру Гарадскіх Ініцыятыў, сябры Таварыства беларускай мовы, арганізатары канферэнцыі TEDx-Магілёў і моўных курсаў “Мова нанова Магілёў”, прадстаўнікі «Магілёўскага праваабарончага цэнтру» і праваабарончага цэнтру “Вясна”, журналісты недзяржаўных СМІ і фрылансеры.  Кіраўнік аддзялення пасольства Швейцарскай канфедэрацыі выслухаў расповеды актывістаў пра грамадскае жыццё ў рэгіёне, пра справы і ініцыятывы, якія ажыццяўляюцца намаганнямі незалежных ад уладаў грамадскіх суполак, пра ўзаімадзеянне іх з уладамі. Шмат увагі было нададзена пытанням і праблемам, якія датычацца  праваабарончай дзейнасці, а так сама працы незалежных журналістаў і фрылансераў.

Са свайго боку спадар Клод Альтэрматт распавёў пра грамадска-палітычны лад у Швейцарыі, правёў паралелі з моўнай сітуацыяй у яго краіне – бо там адразу чатыры дзяржаўныя мовы. Сустрэча прайшла ў сяброўскай нязмушанай атмасферы, магілёўцы даведаліся пра цікавыя факты з жыцця Швейцарскай канфедэрацыі, а шаноўныя госці атрымалі ўяўленне пра стан спраў у нашай дзяржаве ад найбольш актыўных грамадзян, якія не абмінаюць увагай “няёмкія” моманты жыцця ў краіне.

Усе расповеды спадар Клод Альтэрматт уважліва выслухваў і занатоўваў найбольш цікавае і важнае для яго
А дапамагала паразумецца перакладчыца, якая, трэба адзначыць, добра разумела і беларускую мову.
Невялічкія сувеніры пакінуў на памяць магілёўцам і спадар Клод Альтэрматт
Напрыканцы сустрэчы, як і звычайна, адбываліся і больш прыватныя размовы і абмеркаванні

Перад сустрэчай ў грамадскім цэнтры «Кола» адбылася і афіцыйная сустрэча госця са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім. Новы кіраўнік аддзялення пасольства  Швейцарыі ў Мінску цікавіўся пытанніямі фарміравання структуры дзяржаўнага кіравання на абласным узроўні, актыўнасцю і ўмовамі замежнага інвеставання ў эканоміку Прыдняпроўскага краю.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара