Яндекс.Метрика
Меркаванне Навіны Краснаполля Навіны Магілёва Раёны

Мутацыя віруса гігантаманіі на Беларусі

Калі ўпершыню на Беларусі з’явіўся “вірус гігантаманіі” дакладна ўжо могуць сказаць толькі гісторыкі, і то, мабыць, пасля доўгіх навуковых пошукаў і даследванняў. А вось прызнакі яго моцнай мутацыі праявіліся ўжо ў часы незалежнасці нашай краіны.

Як і ў медыцыне, дзе любы вірус,звычайна, найперш паражае найбольш слабыя арганізмы, так і ў эканоміцы – раней за ўсё накідваецца на найменш абароненыя ад свавольства чынавенства галіны эканомікі.

З часоў усталявання Савецкай улады на прасторах былой Расійскай імперыі, і стварэння Савецкага Саюза самай неабароненай галіной эканомікі заўсёды была сельская гаспадарка. Такой неабароненай яна застаецца і ў незалежнай Беларусі.

Першыя моцныя прызнакі мутацыі “віруса гігантаманіі” былі выяўлены ў сельскай гаспадарцы нашай краіны праз прыняццё Закона Рэспублікі Беларусь №202-3 ад 9 чэрвеня 2003 года “Аб рэарганізацыі стратных сельскагаспадарчых арганізацый”. Закон быў прыняты Палатай Прадстаўнікоў 3 красавіка 2003 года і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь 16 красавіка 2003 года.

Дадзены закон, згодна ідэяў чынавенства, усталёўваў парадак рэарганізацыі стратных сельгаспрадпрыемстваў праз далучэнне іх да рэнтабельных прадпрыемстваў, з мэтай павышэння эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці.

Як праходзіла такая рэарганізацыя; з прыцягненнем прадстаўнікоў сілавых структураў, праз ламанне лёсаў людзей – гэта тэма для асобнай гаворкі.

У выніку – у большасці сваёй, былі створаны яшчэ больш неэфектыўныя ў кіраванні, стратныя, гіганцкія сельгаспрадпрыемствы, адбылося зніжэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў маштабах краіны, павялічыўся яе сабекошт, рэзка ўзрос адток з сяла працоўнай сілы . Чыноўнікам удалося дасягнуць толькі адной мэты, аб’яднаўшы па некалькі стратных гаспадарак у адну – скараціць колькасны склад стратных сельгаспрадпрыемстваў.

Калі, напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашай краіне дзейнічала больш 2,5 тысяч сельгаспрадпрыемстваў, з іх – каля 1,5 тысяч калгасаў, то пасля рэалізацыі дадзенага закона засталося толькі некалькі соцен (без уліку фермерскіх гаспадарак), і іх колькасць працягвае скарачацца.

Найбольш моцна напачатку мутацыі “вірус гігантаманіі” паразіў Магілёўшчыну, як, да прыкладу, Краснапольскі раён, дзе ў 2008 годзе былі аб’яднаны ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна ў адно ААТ “Краснапольскі”. Пры гэтым была цалкам  захавана структура Упраўлення сельскай гаспадаркі Краснапольскага раёна.

Надалей, гэтая зараза, узмацняючыся праз сваю мутацыю, выйшла на яшчэ больш шырокія рубяжы ў тэрытарыяльным плане і плане заражэння прадстаўнікоў чынавенства краіны самага высокага рангу.

25 лютага 2020 года, пасля шматлікіх нарадаў па абмеркаванні і шырокай інфармацыйнай кампаніі, кіраўніком краіны быў падпісаны Указ №70 “Аб развіцці аграпрамысловага комплекса Віцебскай вобласці”.

Асноўная сутнасць гэтага Указа зводзіцца да таго, што на Віцебшчыне будзе створаны супер-гіганцкі “Супер-Аграхолдынг”, у склад якога ўвойдуць 2/3 часткі сельгасугоддзяў на тэрыторыі вобласці.

Не засталіся абароненымі ад гэтай хваробы і прадстаўнікі іншых галін эканомікі і сацыяльнай сферы краіны.

У студзені 2018 года, з ініцыятывы міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандра Церахава ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы Віцебшчыны быў распачаты эксперымент. Экперымент заключаецца ў тым, што на тэрыторыі вобласці з’явілася супер-гіганцкае прадпрыемства УП “Віцебскаблвадаканал”, якое стала поўным манапалістам у аказанні паслугаў па забяспячэнні вадой і аказанні паслугаў каналізацыі. У Оршы, Полацку, Наваполацку, Міорах, Докшыцах, Лепелі, Віцебску створаны філіялы абласнога вадаканала.

Як сцвярджаў міністр ЖКГ Церахаў, такая ініцыятыва павінна была забяспечыць надалей адмову ад датацый з бюджэту для пакрыцця расходаў, а таксама зніжэнне тарыфаў для бізнэса за кошт канцэнтрацыі кіравання і рэсурсаў у адных руках. Аднак ужо праз тры месяцы з Віцебсквадаканала ў Віцебскі аблвыканкам паступіў зварот аб неабходнасці павышэння тарыфаў для юрыдычных асобаў на ваду на адну чвэрць ад ранейшага кошта і, амаль, на палову – за каналізацыю. Не стрымаў міністр і свайго слова аб гарантыях павышэння якасці камунальных паслугаў для спажыўцоў. Бо ўжо ў першыя месяцы пасля пачатку эксперымента якасць паслугаў пагоршылася, пачаліся перабоі з забяспячэннем насельніцтва вадой, асабліва ў сельскіх рэгіёнах вобласці.

Як сцяг, “вірус гігантаманіі” у новай форме мутацыі міністрам ЖКГ А.Церахавым з Віцебшчыны быў перададзены чыноўнікам аблвыканкама і камунальнікам Магілёўшчыны.

І ўжо ў адпаведнасці з рашэннем Магілёўскага аблвыканкама №27-60 ад 20 снежня 2019 года Магілёўаблвадаканал рэарганізуецца праз далучэнне да яго ўсіх гарадскіх, раённых вадаканалаў і аб’ектаў вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі вобласці. На тэрыторыі вобласці з’явіўся яшчэ адзін гіганцкі манапаліст па забяспячэнні вадой і аказанні паслугаў па каналізацыі. І калі на Віцебшчыне было створана 9 філіялаў, то магілёўскія чыноўнікі пайшлі яшчэ далей, заснаваўшы на Магілёўшчыне толькі тры філіялы – у Магілёве, Бабруйску, Касцюковічах, стварыўшы такім чынам шматлікія праблемы ў абслугоўванні аб’ектаў вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, асабліва ў аддаленых раёнах вобласці.

Што могуць надумаць яшчэ беларускія чыноўнікі – нікому пакуль не вядома. Каб спыніць далейшы распаўсюд “віруса гігантаманіі” на астатнія рэгіёны краіны, тэрмінова неабходна распрацоўка антывіруснай сывараткі, або стварэння імунітэту.

Нажаль, беларускае грамадства пакуль не выпрацавала і не мае антывірусных ін’екцый супраць свавольства і самавольства беларускага чынавенства, як на сёння ва ўсім свеце адсутнічае вакцына супраць каронавірусу.

Але ўсё гэта справа часу.

Рыгор Кастусёў

апошія запісы

В Кричеве «Белая Русь» повернулась лицом к людям?

З новай “Цяпліцы” – з новымі ідэямі (Фотарэпартаж)

Дзяжурны адміністратар

В школе городских инициатив “Теплица” прошел выпускной