“Не патрэбна нам ваша Наталля Батракова”… Альбо Дзень пісьменства за кратамі

Пра Дзень пісьменства ў Бялынічах зараз будуць пісаць шмат – як добра там усё было і як прыгожа. Але хацелася б падзяліцца некаторымі назіраннямі, пра якія наўрад ці напішуць “сумленныя журналісты”.

 Народ падчас святочных мерапрыемстваў забаўлялі як разумелі і як дазвалялі бюджэтныя магчымасці. Але першае, пра што трэба помніць, а дакладней ніколі не забываць, – не ўсіх прадстаўнікоў моладзі  запрасілі патанчыць. Хоць і гонар невялікі – танчыць на рэштках царквы ХІХ стагоддзя ды на былых царкоўных могілках (прама на якіх была размешчана галоўная сцэна). Тут можна сказаць, што такім чынам кагосьці бог збярог ад гэткіх танцаў. Можа быць тое было б і добра.

Нядобра толькі, што нехта з адказных чыноўнікаў памылкова падумаў, што сам стаў намеснікам бога. І вырашыў пасадзіць за краты ні ў чым не павінных людзей. Толькі дзеля таго, каб перастрахавацца – “Как бы чего не вышло”. Размова ідзе пра затрыманне жыхароў Бялыніч Яўгены Мяцеліцы і яе сябра Уладзіслава Лістраценка…

“Намеснікі бога” (альбо не надта “намеснікі” і зусім “не бога”) выдатна ведаюць, што ніхто з маладых людзей у іх памідорамі ці яйкамі кідаць не збіраўся. Аднак маглі зладзіць апладысменты “не ў тым месцы і не той час”. Таму лепей было “прадугледзець непажаданыя дзеянні” і проста арыштаваць ні ў чым не вінаватых людзей: “Так! Яны нічога не зрабілі – АЛЕ МАГЛІ ЗРАБІЦЬ!”

Аднак іншым жыхарам Бялыніч наадварот – “было мякка рэкамендавана ў жорсткай форме” – на свяце прысутнічаць абавязкова – для масавасці! Пакуль цяжка сказаць, ці па ўсіх бялыніцкіх арганізацыях былі такія “указанні”. Толькі, калі адна супрацоўніца абмовілася пра “іншыя планы на выходныя”, кіраўнікі ўстановы ёй адразу нагадалі пра зволенага з масласырзавода мужчыну (які падчас акцый салідарнасці ў Бялынічах пранёс па вуліцах бел-чырвона-белы сцяг), і прапанавалі адкласці ўласныя справы на пазнейшы час.

Усе гэтыя спробы ціску і прымусу (невядома дзеля чаго), могуць выклікаць толькі  натуральную агіду і раздражненне ў нармальнага чалавека, у сапраўднага грамадзяніна. Таму вышэй узгаданая бялынічанка ў запале спрэчкі з кіраўніцтвам выказалася, што кожны чалавек мае права на ўласнае меркаванне. Ды яшчэ прыклад прывяла, маўляў, вось і знакамітая зямлячка, пісьменніца Наталля Батракова выказала сваю грамадзянскую пазіцыю і адмовілася ад удзелу ў такім свяце. Кіраўніцтва ж зрэагавала імгненна: “А хто такая Батракова? Яна тут нам зусім і не патрэбна!”

Хочацца спытацца: “Людзі добрыя! Хто ж вам тады патрэбны?”

Відаць, патрэбныя толькі тысячы такіх самых хамаватых “кіраўнікоў” – чыноўнікаў, што не пасароміліся у цяперашні час прыехаць “бясплатна” – гэта значыць “у камандзіроўку за кошт іншых аматараў пісьменства”. Тых самых шматлікіх аматараў, якія правялі свята за кратамі і сутыкнуліся з мастацтвам пісьменства іншага гатунку – сапраўдным “фэнтэзі” у міліцэйскіх ды судовых пратаколах.

Дзмітрый Мікалаеў