Яндекс.Метрика Няма чым займацца? З галоўным рэдактарам “Вольнага горада” правялі прафілактычную гутарку ў Крычаўскім РАУС - Магілёўскі Рэгіён

Няма чым займацца? З галоўным рэдактарам “Вольнага горада” правялі прафілактычную гутарку ў Крычаўскім РАУС

Супрацоўнікаў крычаўскай міліцыі вельмі цікавіла, каму Сяргей Няроўны даў інтэрв’ю аб тым, што ў яго правялі агляд і канфіскавалі камп’ютар. Няўжо ў горадзе няма правапарушальнікаў і злачынцаў, таму крычаўскім міліцыянерам проста больш няма чым займацца?

Галоўнага рэдактара крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага 4 лютага выклікалі ў Крычаўскі РАУС. Журналісту патэлефанаваў маёр міліцыі Эдуард Краўцоў і запрасіў прыйсці на прафілактычную гутарку ў РАУС да начальніка міліцыі Андрэя Лазаковіча.

Як распавёў сам С.Няроўны, у кабінеце начальніка РАУС Андрэя Лазаковіча, акрамя самога начальніка, яго чакалі яшчэ два падпалкоўнікі і два маёра міліцыі.

“На прафілактычную гутарку са мной сабраліся начальнік РАУС падпалкоўнік Лазаковіч, яго намеснікі падпалкоўнікі Рыбчынскі і Андрэйчыкаў, намеснік па ідэалогіі маёр Болдышэўскі і маёр Эдуард Краўцоў. Менавіта маёр Краўцоў з Сяргеем Ягоравым праводзілі агляд маёй кватэры 14 студзеня і забралі мой камп’ютар, не пакінуўшы ніякіх дакументаў”, – адзначыў журналіст.

Па словах С.Няроўнага, прафілактычная гутарка пачалася з таго, што міліцыянеры ў чарговы раз пачалі цікавіцца, ці карыстаецца ён тэлеграм-каналамі, і ці рабіў ён здымак групы жыхароў райцэнтра, якія стаяць з бел-чырвона-белым сцягам насупраць райвыканкама. Падпалкоўнік Рыбчынскі выказаў здагадку, што гэта сапраўды фотамантаж, “здымак зрабілі дзесьці ў лесе”, а пасля зрабілі мантаж і выклалі ў тэлеграм-канал, “каб атрымаць грошы”.

Таксама журналісту ўзгадалі летнія падзеі мінулага года ў Крычаве, калі на пратэсты ў горадзе выходзілі сотні гараджан.

“Я ў чарговы раз адказаў, што не карыстаюся тэлеграм-каналамі, і зноў патлумачыў, што не рабіў і не дасылаў ніякіх здымкаў”, – кажа С.Няроўны.

Пасля гэтага кіраўніцтва Крычаўскага РАУС чамусьці вельмі зацікавілася, каму з журналістаў абласнога партала “Магілёўскі рэгіён” Няроўны даў інфармацыю пра агляд, які правялі ў яго кватэры супрацоўнікі міліцыі.

Высветлілася, што публікацыю з 6tv.by перадрукавалі ў групе “Подслушано Кричев” “Вконтакте”. Там пад публікацыяй нібыта было размешчана шмат адмоўных каментароў на адрас супрацоўнікаў міліцыі. Пасля нехта размясціў на гэтай старонцы персанальныя дадзеныя міліцыянераў і старшыні Крычаўскага райвыканкама Андрэя Седукова.

Журналіст кажа, што абсалютна не зразумеў, якую датычнасць да ўсяго гэтага мае ён і партал “Магілёўскі рэгіён”, які проста перадрукаваў артыкул з Радыё Свабода. Няроўны параіў кіраўніцтву РАУС звярнуцца за патрэбнай інфармацыяй да адміністратараў сацыяльнай сеткі “ВКонтакте”. Падчас гутаркі высветлілася, што там адмовіліся даваць якую-небудзь інфармацыю крычаўскім міліцыянерам, спаслаўшыся на канфедынцыйнасць дадзеных карыстальнікаў.

“Усяго “прафілактычная гутарка” цягнулася дзесьці паўтара гадзіны, з 11:00 да 12:30. Мяне папярэдзілі аб недапушчальнасці майго ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Спрабавалі ўзяць нейкія пісьмовыя тлумачэнні, але я іх даваць адмовіўся, бо супрацоўнікі міліцыі не змаглі патлумачыць, у якім статусе я знаходжуся”, – распавёў галоўны рэдактар “Вольнага горада”.

Сяргей Няроўны кажа, што яго камп’ютар пакуль знаходзіцца на экспертызе ў Магілёве. Нягледзячы на гэта, журналісту ўжо прадэманстравалі яго фота з БЧБ сцягам, зробленае на дазволеным уладамі мітынгу да 100-годдзя БНР яшчэ ў 2018 годзе ў Мінску, якое “выцягнулі” з камп’ютара. Што крымінальнага доблесныя крычаўскія міліцыянеры ўбачылі ў гэтым фотаздымку, абсалютна не зразумела.

Але чаму тут здзіўляцца, у Беларусі зараз штрафы даюць і за бел-чырвона-белую пасцілу. Маразм мацнее…

Іван Барысаў