Яндекс.Метрика
Меркаванне Навіны Бялыніч

“Новая Друць”: Дзе праўда, а дзе хлусня? (Фота)

Усё ўзрастаючыя з кожным годам негатыўныя працэсы ў эканоміцы Беларусі, асабліва ў сельскай гаспадарцы, беларускія ўлады імкнуцца зарэтушыраваць самымі рознымі спосабамі. Найбольш шырока для гэтага выкарыстоўваюцца разнастайныя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Лідэрства сярод рэгіёнаў краіны, ў гэтым плане, трымае Магілёўшчына.

Асаблівае гучанне аб чарговых “поспехах” у сельскай гаспадарцы набыла інфармацыя яшчэ ў звязку з Купальскімі мерапрыемствамі 11-12 ліпеня 2020 г. у Александрыі на Шклоўшчыне, дзе мясцовыя чыноўнікі ўганаравалі найлепшыя сельгаспрадпрыемствы і перадавікоў сяла Магілёўскай вобласці.

Але найбольшы выхлап, чамусці, атрымалі рэпартажы абласнога тэлебачання і публікацыі на старонках абласных СМІ аб “поспехах” буйнейшага ў вобласці ААТ “Новая Друць”, Бялыніцкага раёна.

“Магілёўскі рэгіён”, іншыя недзяржаўныя СМІ ўжо звярталі раней увагу на негатыўныя працэсы, што адбываюцца ў буйнейшай гаспадарцы вобласці, аб’яднаўшай шэсць былых гаспадарак Бялыніччыны і займаючай каля паловы тэрыторыі раёна.

Гэта была інфармацыя аб прастойваючых вытворчых аб’ектах гаспадаркі, аб незасееных палях, аб нізкіх надоях малака ад каровы ( на ўзроўні добрай казы), аб іншым негатыве, што адбываецца ў сельгаспрадпрыемстве, у першую чаргу, па прычыне нездавальняючага падбору кіруючых кадраў як ААТ “Новая Друць”, так і Бялыніцкага раёна.

І раптам, зараз,  у сярэдзіне лета 2020 г. журналісты дзяржаўных СМІ разам з дырэктарам гаспадаркі спрабуюць распавядаць чытачам і гледачам аб поспехах прадпрыемства ў надоях малака, аб добрых перспектывах на ураджай зернявых культур, бульбы, кукурузы на корм жывёле.

Складваецца ўражанне, што гэтыя гора-журналісты, рыхтуючы свае матэрыяла аб гаспадарцы, нават не ўдасужыліся пабываць там.

А калі б пабылі, то пабачылі б і прастойваючыя вытворчыя аб’екты (цэх па разліву вады, жывелагадоўчы комплекс БРЖ у в. Падзевічы і інш.), і незасееныя палі, і палі з адсутнасцю перспектывы на добры ўраджай кукурузы, і іншы негатыў.

Журналістам дзяржаўных СМІ не патрэбна будзе ехаць далёка ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі – аграгарадка Цяхцін, каб пабачыць увачавідкі шматлікія факты безгасападарчасці.

Роўна год таму назад “Магілёўскі рэгіён” распавядаў аб безгаспадарчасці, аб незасееных палях, аб забруджванні гноем тэрыторый побач з фальваркам Крынкі ў ваколіцах Цяхціна.

У гэтых мясцінах у 1872 годзе нарадзіўся і правеў сваё дзяцінства наш знакаміты зямляк, народны мастак Беларусі, народны мастак Расіі, ганаровы акадэмік Акадэміі навук БССР, член Акадэміі навук СССР Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля.

За год пасля публікацыі матэрыяла аб безгаспадарчасці на палях ААТ “Новая Друць” побач з фальваркам Крынкі сітуацыя не змянілася да лепшага, а стала яшчэ больш горшай. Поле, куды некалькі год з фермы в.Цяхцін вывозіцца гноевая жыжа, так і засталося не засееным і зарасло бур’янам у рост чалавека. А ўгнаенні ў час дажджу, як і раней працягваюць сцякаць у ручай, які ўпадае ў раку Друць, чаго не жадаюць заўважаць  мясцовыя эколагі.  Нават дайшло да таго, што гной пачалі выгружаць прама ў ручаіну.

Кіраўніцтва гаспадаркі, мясцовая выканаўчая ўлада не задумваюцца, што гэтыя мясціны будуць з’яўляцца адным з аб’ектаў для наведванняў гасьцямі і ўдзельнікамі мерапрыемстваў у звязку з правядзеннем на пачатку верасня 2020 г. у Бялынічах Дня беларускага пісьменства.

Вось тады госці пабачуць сапраўдны стан гаспадаркі, чакаемы ўраджай кукурузы на корм жывёлы, нарыхтоўку кармоў для жывёлы на стойлавы перыяд, а не фантазіі журналістаў некаторых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

Рыгор Кастусёў

 

апошія запісы

Сивицкий: Кремль готовит почву для непризнания победы Лукашенко и кровавых провокаций во время протестов

Дзяжурны адміністратар

Да Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах (Лыжка дзёгцю ў бочку мёду ад бялыніцкага чынавенства)

“Міраж” пад назвай датэрміновае галасаванне