Яндекс.Метрика
Навіны Магілёва Экалогія

Пад Магілёвам запусьцілі хімічны завод з расейскім капіталам. Жыхары пратэставалі

Прадпрыемства з расейскім капіталам «Омск Карбон Магілёў», якім занепакоеныя эколягі і мясцовыя жыхары, пачало вырабляць тэхнічны вуглярод «у межах пусканаладачных работаў». Пра гэта паведаміла Свабодзе 19 сьнежня прэсавая служба заводу.

Прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў». 19 сьнежня 2019 году

 

Сьцісла пра завод і грамадзкі пратэст супраць яго

  • «Омск Карбон Магілёў» пачалі ўзводзіць у 2014 годзе на пляцоўцы № 4 Свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» за кілямэтар ад паселішчаў Вейна і Навасёлкі і гарадзкой мяжы абласнога цэнтру. Акрамя гэтага прадпрыемства, на пляцоўцы працуюць ці будуюцца яшчэ некалькі хімічных вытворчасьцяў.
  • Удалечыні пасёлак Вейна. Жыхары шматкватэрных дамоў добра бачаць хімічнае прадпрыемства
  • У будаўніцтва прадпрыемства ўкладзена 135 мільёнаў эўра. Яно ўваходзіць у склад расейскай кампаніі «Омск Карбон Груп». Першую чаргу зьбіраліся запусьціць у сакавіку 2019 году.
  • Завод спэцыялізуецца на вырабе тэхнічнага вугляроду. 80 працэнтаў прадукцыі абяцаюць экспартаваць за мяжу.
  • Узьвядзеньне заводу суправаджалі грамадзкія пратэсты. Нязгоду з будаўніцтвам жыхары выказвалі на грамадзкіх сходах і зьбіраючы подпісы.

 

Увечары з коміну «Омск Карбону» шугала полымя

Напярэдадні позна ўвечары жыхары пасёлку Вейна, які менш чым за кілямэтар ад прадпрыемства, казалі Свабодзе, што бачаць «незвычайную карціну»: з комінаў заводу «шугае полымя і пара». Некаторыя выказвалі думку, што прадпрыемства зноў, як і год таму, выкідвае сажу.

«Такога ніколі не было, — кажа жыхарка Вейна. — З пасёлку добра відаць, як нешта гарыць на „Омск Карбоне“. У мяне ўжо і суседзі пыталі пра гэта. Яшчэ ў нас смурод, нібы ад паленай гумы».

Так выглядала хімічнае прадпрыемства позьнім вечарам 18 сьнежня

А 22 гадзіне карэспандэнт Свабоды пад’ехаў да прадпрыемства. З Гомельскай шашы, якая за 150 мэтраў ад заводу, было відаць «празрыстае» полымя з коміну. З суседняй трубы выходзіла «пара». Паветра было насычанае «хіміяй» і аддавала гаркотаю.

 

Прэс-служба: на прадпрыемстве ўсталяваная сучасная ачышчальная сыстэма

У дасланым Свабодзе паведамленьні прэсавая служба піша, што прадпрыемства на момант запуску мела неабходны пакет дазвольнай дакумэнтацыі. Таксама была змантавана і ўведзена ў эксплюатацыю асноўнае абсталяваньне, «усталяваныя сучасныя ачышчальныя сыстэмы». З пускам першага патоку адначасова запрацавала і аўтаматызаваная сыстэма кантролю выкідаў забруджвальных рэчываў, напісана ў паведамленьні. Пытаньне Свабоды пра магчымае забруджваньне атмасфэры падчас запуску прадпрыемства засталося без адказу.

Панарамнае фота прадпрыемства Омск Карбон Магілёў

Увядзеньне ў эксплюатацыю вытворчасьці «Омск Карбон Магілёў» плянавалі ў чацьвёртым квартале 2019 году, пра гэта гаварылі на прэс-туры, які арганізавала кіраўніцтва прадпрыемства сёлета ў ліпені.

«Гэта першы тэхналягічны паток, адна вытворчая лінія магутнасьцю 40 тысяч тонаў у год», — удакладняў генэральны дырэктар Марат Ізгібаеў.

Паводле прэсавай службы, другі тэхналягічны паток гатовы на 85 працэнтаў.

 

Чаму занепакоеныя жыхары паселішчаў

Жыхары прылеглых да прадпрыемства паселішчаў Вейна і Навасёлкі з трывогаю чакалі запуску прадпрыемства. Асабліва ж занепакоіліся, калі зафіксавалі выкід у атмасфэру вялікага аб’ёму сажы. Як яны сьцьвярджаюць, адбылося гэта ў ноч з 17 на 18 лістапада 2018 году.

Паводле іх, навакольнае асяродзьдзе забрудзіла прадпрыемства з расейскім капіталам «Омск Карбон Магілёў» падчас пробнага запуску вытворчасьці тэхнічнага вугляроду.

Жыхарка пасёлку Вейна дэманструе сажу. Сьнежань 2018 году

Тады намесьнік старшыні камітэту прыродных рэсурсаў Канстанцін Цеплякоў у пісьмовым адказе жыхарам паведаміў, што ў пасёлку выяўлена перавышэньне нарматыву цьвёрдых часьцінак у 40 разоў. Пры нарматыве 17,01 мг/м³ фактычная канцэнтрацыя гэтых часьцінак была 690,17 мг/м³.

На прэс-туры прадстаўнікі прадпрыемства сьцьвярджалі, што выкід быў не ад іх, бо «паводле тэхналёгіі гэтага не магло быць». Маўляў, пры такой канцэнтрацыі меў быў быць чорны дым, але «ні чорнага дыму, ні чорнага сьнегу вакол прадпрыемства не было».

Фота: Радыё Свабода

апошія запісы

У Магілёве вызвалілі актывіста, абвінавачанага ў арганізацыі «ланцуга салідарнасьці»

Дзяжурны адміністратар

В Могилеве художники пишут картины в подарок для больниц

Дзяжурны адміністратар

Прибрежная территория реки Днепр в Шклове по-прежнему вызывает тревогу